Не жаночае жыццё

Поддержи

Чалавек з моцным характарам… Звычайна так кажуць пра таго, хто перажыў нешта страшнае, годна выйшаў са складанай заблытанай жыццёвай сітуацыі або паслужыў прыкладам для іншых. Жанчыну, пра якую пойдзе гаворка, сапраўды можна назваць чалавекам са сталёвым характарам, бо лёс Таццяны Трыфанаўны Дзенісені лёгкім не назавеш.

Татьяна Денисеня, авария на Чернобыльской АЭСДыягназ ДЦП для бацькоў падгадаванай Тані прагучаў як гром сярод яснага неба. Віной яму паслужыла звычайная медыцынская прышчэпка. Здавалася б, урачэбная памылка магла перакрэсліць усё жыццё гэтай выдатнай жанчыны. Ды дзе там было, характар у маёй суразмоўніцы такі, што і мужчына пазайздросціць. «Калі бацькі ўсвядомілі, што такой, як раней, я ўжо не буду ніколі, былі жудасна засмучаныя. У мяне «выкруціла» рукі і ногі, нават галава глядзела набок».

З цягам часу дзяўчынка стала прыходзіць у сябе. Жыццё паступова наладзілася. Але лекары паставілі 2-ю групу інваліднасці, бо хвароба была відавочная нават тым, хто ніколі не бачыў маленькую Таню да гэтага выпадку.

Калі Таццяне споўнілася дваццаць гадоў, групу інваліднасці змянілі на 3-ю, матывуючы гэта тым, што дзяўчына яшчэ маладая і зможа працаваць. Так таму і быць: Таццяна атрымала сваё першае месца працы. Паколькі сям’я дзяўчыны жыла ў вёсцы, выбіраць асабліва не прыходзілася. Пайшла працаваць у лясніцтва, сумяшчаючы дзве спецыяльнасці: нарыхтоўшчыка ягад і вартаўніка. Вядома ж, праца патрабавала стараннасці і добрых фізічных магчымасцяў. «Мне Бог заўсёды дапамагае, – прызнаецца мая суразмоўца, – на яго і спадзяюся».

Пасля шасці гадоў, праведзеных сярод «лясных клопатаў», адзначаючы стараннасць у працы, Таццяну пераводзяць у сельскае спажывецкае таварыства. Тут таксама трэба было прымаць у насельніцтва і нарыхтоўваць на склады ягады, але дадалося і мноства іншых тавараў: грыбы, шкуры жывёл, мяса, сухафрукты і нават металалом. Усяго 30 найменняў нарыхтовак. Перад адпраўкай на захоўванне – абавязковае запаўненне накладных ведамасцяў. І толькі потом тавар адпраўляецца ў горад да спажыўцоў. «Як жа вы спраўляліся?», – цікаўлюся. «А вы не глядзіце, што ёсць абмежаванні. Галоўнае, каб галава на плячах была. Да таго ж я з дзяцінства марыла быць прадаўцом, а гэта блізкая спецыяльнасць», – растлумачыла мне Таццяна.

Затым жанчыну перавялі ў раённую нарыхтоўчую кантору, дзе яна прапрацавала пяць гадоў, пакуль не адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. «Шмат хто з нашай вёскі тады з’ехаў», – успамінае суразмоўца. Таццяне разам з дачкой-падлеткам і пажылой мамай адміністрацыя выдала ордэр на кватэру ў Мінску. Так воляю лёсу жанчына апынулася ў сталіцы. Таццяна прызнаецца, што спачатку было нязвыкла жыць у вялікім горадзе: «Хацелася вярнуцца і будзь што будзе». Аднак шляху назад не было, прыйшлося ўладкоўвацца. Пайшла працаваць ахоўнікам, сачыла за захаванасцю медыцынскіх прыладаў на складзе. Яна ў прынцыпе любіць ва ўсім парадак, дакладнасць і канкрэтнасць – менавіта за гэтыя якасці жанчыну шанавалі ўсюды.

Таццяне Трыфанаўне не раз даводзілася абараняць свае інтарэсы. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся некалькі гадоў таму. Яна вярталася дадому на грамадскім транспарце. На выхадзе з аўтобуса кіроўца заціснуў ёй нагу і тут жа паехаў. Калі б пасажыры аўтобуса своечасова не сталі стукаць у кабіну, шафёр мог бы і не паспець спыніцца. Аднак гэта не моцна дапамагло ў дадзенай сітуацыі. Падчас прыпынку жанчыну зацягнула пад аўтобус. Вынік – двухбаковы пералом локцевай і прамянёвай костак рукі.

«Кіроўца і не падумаў перапрасіць. Адагнаў аўтобус метраў на пяць і адразу стаў тэлефанаваць начальству з крыкам, што наехаў на п’яную. Думаў, што адказнасці не панясе», – з горыччу згадвае Таццяна. Вярнуўшыся дадому, жанчына папрасіла дапамогі ў суседзяў, паколькі не ўсведамляла ўсю складанасць сітуацыі. Тыя наклалі павязку. Яна тут жа адправілася ў дыспетчарскую станцыю, каб высветліць якую-небудзь інфармацыю аб правініўшымся кіроўцы, запісала нумар тэлефона, па якім можна было звязацца з патрэбным аўтобусным паркам. Ад перажытага стрэсу жанчына забылася пра тое, што гэта быў выхадны дзень, але не запала ў адчай і на наступны дзень звязалася з арганізацыяй.

Аднак стаўленне да пацярпелай непрыемна здзівіла: «Галоўны інжынер палічыў, што я знаходжуся ў алкагольным ап’яненні і параіў мне спачатку прывесці сябе ў парадак, а затым тэлефанаваць», – успамінае Таццяна Трыфанаўна. Каб даказаць сваю правату, жанчына адправілася ў паліклініку, дзе лекары дыягнаставалі пералом. А таксама папрасіла даведку аб тым, што ніякай алкагольнай інтаксікацыі ў яе няма. Затым, нягледзячы на боль у руцэ, паехала ў аўтобусны парк на прыём да галоўнага інжынера. «Вядома ж, ён папрасіў прабачэння за свае паводзіны па тэлефоне, але хіба можна так размаўляць з чалавекам – хай ён п’яны, хворы, які заўгодна», – наракае Таццяна. Арганізацыя ж узяла віну на сябе, тым больш што пацярпелая не падала ў суд, хоць і мела законнае права. Праз амаль паўгода Аўтатранс выплаціў ёй матэрыяльную кампенсацыю. Рука даўно зажыла, але ці зажыла рана на сэрцы – вось у чым пытанне.

Таццяна не любіць успамінаць пра сумнае і толькі па маёй просьбе дзеліцца сваімі жыццёвымі цяжкасцямі: «Ой, чаго толькі ў маім жыцці не бывала. Напрыклад, вельмі выразная гісторыя, калі адна з фірмаў прывезла ўсталёўваць у кватэру дзверы не той якасці, пра якую заяўляла ў прыгожым рэкламным буклеце». Як аказалася, недобрасумленныя будаўнікі, угледзеўшы, што жанчына з’яўляецца інвалідам, вырашылі зэканоміць на якаснай адзінцы тавару і прывезлі бракаваныя дзверы. «Зноў давялося мне пастаяць за сябе, – распавядае Таццяна, – разбіралася з будаўнікамі больш за месяц». Настойлівасць жанчыны ўзяла верх, і фірма ўсё-такі ўстанавіла дыхтоўныя дзверы. «А куды б яны дзеліся. Я б і ў суд падала. Я за справядлівасць, іду напралом, калі гэтага не пазбегнуць», – усклікае Таццяна. Гле-дзячы на такога рашучага чалавека, мімаволі задаешся пытаннем: «А што ж нам перашкаджае адстойваць свае інтарэсы? Даваць адпор, калі наўмысна крыўдзяць. Варта задумацца».

Але, нягледзячы на выпрабаванні, лёс жанчыны ўдала склаўся. Зараз Таццяна Трыфанаўна на пенсіі, выхоўвае дваіх унукаў. У вольны час вяжа шапкі і шалікі, вышывае пакрывала. Гэты чалавек сапраўды захапляе сваёй унутранай свабодай, упэўненасцю і, вядома ж, з’яўляецца прыкладам жыццёвай стойкасці і аптымізму.

А я вось задумалася, якая ж яна – жанчына з моцным характарам? Кожны ў гэтае паняцце ўкладвае сваё. Напэўна, гэта тая, што не баіцца рызыкаваць, адкрываючы ўвесь час нешта новае. Не баіцца памыляцца, разумеючы, што інакш немагчыма. І смяяцца да слёз, заражаючы іншых сваёй весялосцю. Не саромеецца плакаць над чужым горам, падзяляючы яго. Жыццё такой жанчыны – палёт душы, які як быццам абдымае ўвесь свет.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.