Адабраць нельга пакінуць. Маці пазбаўляюць бацькоўскіх правоў праз захворванне і рэлігійныя погляды

Што можа адбыцца тады, калі раптам твая мама не змагла прыняць цябе з тваімі асаблівасцямі і слабасцямі? Аказваецца, не толькі канфлікты і сваркі… Калі Кацярыне было 33 гады, Суд Мінскага раёна вынес вырак: яе дачку, 8-гадовую Насцю Мацвееву перадаць біялагічнаму бацьку, які фактычна не бачыў і не гадаваў яе. Аргументаў на такое рашэнне было некалькі: і тое, што ў яе псіхічнае захворванне, і тое, што яна наведвала рэлігійную арганізацыю «Сведкі Іеговы». Толькі ніхто не ведае, ці дайшла б справа да суда, калі б ініцыятаркай і падбухторшчыцай працэсу не стала мама Кацярыны.
Сямейная трагедыя
Кацярына нарадзілася і вырасла ў вёсцы пад Гроднам. Зацяжарыла яна, калі жыла ў Мінску. Але з тым хлопцам не склалася. Таму сышлася з іншым мужчынам, ад якога цярпела гвалт. У Мінску Кацярына звярталася ў грамадскае аб’яднанне «Радаслава». Яно дапамагае псіхалагічна і матэрыяльна тым жанчынам, якія церпяць хатні гвалт. З маці жыць не магла, бо адносіны не ладзіліся ніколі. Праз гэта Кацярына стала рэгулярна звяртацца па псіхіятрычную дапамогу да дактароў.
Цікава, што калі з Кацяй працавалі псіхолагі, высветлілася, што яна не памятае свайго дзяцінства. Таму дактары зрабілі выснову, што ў дзяцінстве яна цярпела гвалт.
«У нас проста розныя погляды, – казала мне Кацярына. – І мая мама заўжды хацела навучыць мяне і паказаць, што раблю не так. Яна хоча змяніць мяне пад сябе». Але ў хуткім часе склалася такая сітуацыя, калі дапамогі прасіць было няма ў каго. Каця была вымушана вярнуцца ў родную вёску ў бацькоўскі дом. Падчас суда ў 2017 годзе быў дакладна ўстаноўлены факт: яе маці пражывала з наймітам і з дачкой. Гэта быў адзін з пунктаў канфлікту.
З’ехаць за мяжу, каб не адабралі дзіця
«Кацярына ўпершыню звярнулася да нас напрыканцы 2017, – узгадвае юрыст «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Алег Граблеўскі. – Тады была наступная праблема: былы муж падаў позву ў суд аб вызначэнні месца жыхарства сваёй дачкі. Канфлікт быў у тым, што дзіця знаходзілася з маці, а ён хацеў забраць яе да сябе. У якасці матыву ён пазначыў тое, што яна сектантка і псіхічна хворая».
Кацярыне на той момант паставілі дыягназ ў аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя. Праўда, дыягназ не пацвердзіла Гродненская псіхіятрычная клініка, куды жанчына звярталася ў стрэсавым стане не аднойчы.

«Маці таксама сцвярджала, што дачка дурная, яшчэ і сектантка, – узгадвае Алег Граблеўскі. – У выніку было прынятае рашэнне аб тым, каб перадаць дачку бацьку».
Тут Алег стаў нагадваць пра тое, што дыягназ не можа быць падставай для адабрання дзіцяці. Пра гэты момант, які ўжо афіцыйна ўводзіцца ў прававую сістэму, мы ўжо пісалі.
Пасля суда Каця хацела схавацца, таму дзіця вывезла ў Расію. Там яна намагалася падпрацоўваць, бо трэба было «паляпшаць матэрыяльнае становішча», як ёй рэкамендавалі пасля суда. Кацярына не бачыла маму каля года. Маці сама паклікала Кацярыну дадому. Маўляў, усё змянілася, і цяпер усё будзе добра. Каця паверыла і вярнулася дадому. Рашэнне зразумелае: калі ўсё вакол супраць цябе, дом – гэта адзінае месца, дзе цябе прымуць і зразумеюць. Але добра не стала. Пасля вяртання на радзіму дзіця адабралі. Аднак бацька забраць да сябе дзіця перадумаў, таму дачку размеркавалі ў прытулак часовага перабывання. А маці Кацярыны тым часам стала казаць на яе, што Каця сектантка, хворая і беспрацоўная.
Іншыя праблемы
У вёсцы Кацярына сапраўды не магла афіцыйна працаўладкавацца, таму падзарабляла на часовых работах. Гэта ў судзе ёй выказалі як аргумент па адабранні дзіцяці ў судзе.
Але ж працу з расстройствам асобы і паводзінаў у сталым узросце знайсці не так проста. Каця распавядае, як яна намагалася ўладкавацца кіроўцам таксі… Але каму патрэбны кіроўца, які стаіць на ўліку? Пры тым інваліднасці ў яе няма.
«У вёсцы, дзе мы жывём, вакансій вольных ніякіх няма. Грпы падоўжанага дня ў школе няма таксама, – кажа Кацярына. – Я намагалася працаваць у маці, але яна мяне афіцыйна не ўладкоўвала. Зараз на мяне цісне пагроза сацыяльна небяспечнага становішча… Маўляў, я нідзе не працую. Але чаму мне мусяць указваць, дзе і якім чынам я мушу працаваць? Я стамілася ад паклёпу і гвалту».
Абвінавацілі Кацярыну яшчэ і ў тым, што яна прынесла духоўную літаратуру дачцэ ў прытулак. Так, Кацярына стала яшчэ і сектанткай, бо літаратура была неправаслаўная.
Калі мы размаўлялі з Кацярынай па тэлефоне, яна сказала, што з дачкой бачыцца рэгулярна і вельмі сумуе па ёй. Сябры з царквы ёй дапамагаюць і падтрымліваюць. Не падтрымлівае і ўсяляк садзейнічае адабранню дачкі толькі адна мама. Апошні раз, калі Каця была ў прытулку, яе дачка сказала, што хутка яе накіруюць у новую сям’ю.
– А вашай маме не будзе балець тое, што ўнучка будзе знаходзіцца ў чужых людзей? – пытаю ў Кацярыны.
– Пра гэта ў мяне пытаюць многія. І я не магу адказаць на гэтае пытанне. Напэўна, так, яе гэта будзе задавальняць.
Тлумачэнні юрыста
Пасля таго, як я паразмаўляла з Кацярынай, стала вядома, што ёй прыйшла позва ў суд аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў. Суд быў прызначаны на 12 жніўня.
– Якія дзеянні трэба прадпрымаць цяпер, каб захаваць дачку разам з Кацярынай? – пытаю я ў Алега Граблеўскага.
– Дзеянні прадпрымаць мусіла яна. Каб мець магчымасць вярнуць дзіця, ёй даслалі план, дзе былі акрэслены ўмовы: працаўладкавацца, змяніць свае погляды на рэлігію. Яна працаўладкавалася, прапрацавала два ці тры дні і звольнілася. Там, дзе яна жыве, афіцыйна можна зарабіць капейкі, якіх на жыццё не хопіць.
«Самае цікавае, што органы апекі выкарыстоўваюць рэлігійныя перакананні для аргумента, што яна не мае права выхоўваць дзіця. Права на працу, прашу заўважыць, гэта не абавязак. З пункту гледжання правоў чалавека, ніякіх падстаў для адабрання дзіцяці няма. У яе нават інваліднасці няма. Яна проста не адпавядае тым рэлігійным традыцыям і нормам, якія ўстаноўлены ў нашым грамадстве».
Што тычыцца рэлігійных перакананняў, варта адзначыць, што «Сведкі Іеговы» ў нашай краіне сектай не прызнаны. Камісія па сацыяльна небяспечным становішчы дала ёй тыя правілы, якім яна мусіла адпавядаць. А прасачыць за іх выкананнем мусіла Праваслаўная царква.
«Наступны аргумент, які агучылі ў судзе, – «схільнасць да бадзяжніцтва», – таксама не аргумент, бо жыццёвыя выпрабаванні могуць закрануць кожнага. Той аргумент, што яна перашкаджала харчаванню дзіцяці, Кацярына тлумачыць тым, што ў яе не было грошай аплачваць сталовую, таму яна давала ежу з сабой. А папраўкі ў законе наконт харчавання дзіцяці былі прыняты толькі зараз».

Суд 12 жніўня перанеслі на 29 жніўня. Як сказаў дырэктар «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі, шанцаў на перамогу мала: «Кацярына ўпартая. Тое, што ёй рэкамендавалі, яна не выконвае. Таму бацькоўскіх правоў хутчэй за ўсё яе пазбавяць».
* * *
А я ўсё разважаю: як родная мама замест таго, каб дапамагчы дачцэ і выхаваць унучку, робіць усё, каб яе пасялілі да чужых людзей? І як Кацярына, якая з дзяцінства цярпела гвалт, пасля зможа пабудаваць сваю нармальную сям’ю? Напэўна, ніяк.
Многія бацькі кажуць дзецям «ты мусіш». Мусіш рабіць тое, што я кажу. Мусіш адпавядаць тым поглядам, якія маю я. А яшчэ, патрабуючы любоў узамен, часта прыгадваюць адзін з дзесяці Евангельскіх запаветаў – пра павагу да бацькоў. Толькі многія бацькі забываюць, што ў Бібліі напісана: «Бацькі, не раздражняйце дзяцей».
У жыцці, як і ў сям’і, бывае рознае. Але выносіць гэта на грамадскасць, на суд і дзяржаўнае ўмешванне… Такія метады па выпраўленні дачкі мне, шчыра кажучы, зразумець цяжка. А пачалося ж усё з малога – з непрыняцця дачкі такой, якая яна ёсць.
Вікторыя ЧАПЛЕВА,
Фота з асабістага
архіва Кацярыны
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.