«Не хвалюйся, я заўсёды побач». Як працуе дзіцячы садок у Мінску, які наведваюць дзеці з аўтызмам

У Беларусі за мінулы год пад наглядам спецыялістаў знаходзілася 2770 дзяцей з парушэннем аўтыстычнага спектру. Толькі за апошнія два гады колькасць дзяцей з аўтызмам павялічылася ў 2,4 разы. Нягледзячы на тое, што аўтызм – гэта парушэнне развіцця, якое застаецца ў чалавека на ўсё жыццё, было б безадказна сцвярджаць, што хворыя аўтызмам не могуць быць адаптаваныя да грамадства, ці наадварот, – кожны з іх можа быць паспяхова інтэграваны. Любое дзеянне ў гэтым накірунку павінна спрыяць такому структураванню яго жыццёвай і жыллёвай сітуацыі, якое ў канчатковым выніку прывядзе да яго сацыяльнай інтэграцыі. Самаадчуванне кожнай індывідуальнай асобы залежыць ад таго, ці напоўнена сэнсам яго жыццё ў грамадстве, ад павагі да яго, ад прадастаўлення яму магчымасці раскрываць і паказаць свае здольнасці.
Карэспандэнт“Вместе!” пабываў у дзіцячым садку № 300 Мінска і даведаўся, як арганізуюць групы інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей, у якіх ёсць асаблівасці псіхічнага развіцця.
– Да нас дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця накіроўвае Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, – тлумачыць загадчыца ўстановы Таццяна Галоўчыц. – Мы імкнемся стварыць усе неабходныя ўмовы для работы з такімі дзеткамі.
Ва ўстанове працуюць групы інтэграванага навучання і выхавання, куды разам ходзяць і здаровыя дзеці, і тыя, хто мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. У звычайнай групе можа быць 24 дзіцяці, у інтэграванага навучання – максімум 15.
– У нас існуюць дзве групы інтэграванага навучання і выхавання, – працягвае суразмоўніца. – Адну наведвае 15 дзяцей, другую – 9. У кожнай – па 3-4 дзіцяці з рознымі дыягназамі: выхаванцы з цяжкасцямі ў навучанні і інтэлектуальнай недастатковасцю, ускладненай парушэннямі аўтыстычнага спектру, а таксама дзеці з сіндромам Дауна. Для таго, каб такую групу наведвалі здаровы хлопчык ці дзяўчынка, патрэбен пісьмовы дазвол бацькоў. Але звычайна бацькі не супраць таго, каб іх дзеці хадзілі ў адну групу з дзецьмі з АПФР.
У групе інтэграванага навучання і выхавання працуюць спецыялісты: настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг і выхавальнікі. Ва ўсіх іх адна задача – падрыхтаваць дзяцей да школы і жыцця ў грамадстве.
– Першае, аб чым я заўсёды кажу: не трэба баяцца людзей з асаблівасцямі развіцця, – дзеліцца настаўнік-дэфектолаг Ірына Зіноўева. – Мая спецыяльнасць – настаўнік-лагапед і настаўнік-алігафрэнавыкладчык. З дзецьмі з парушэннем мовы, цяжкасцямі ў навучанні, інтэлектуальнай недастатковасцю і парушэннем аўтыстычнага спектру я працую ўжо 17 гадоў, але кожны выпадак – асаблівы. Заўсёды прапускаю праз сябе пачуцці выхаванцаў, з якімі займаюся. Дзеці з аўтызмам нярэдка дэманструюць некантралюемыя паводзіны, але трэба разумець, што для гэтага заўсёды ёсць прычына. Як правіла, гэта калі дзіця хоча нешта атрымаць ці чаго пазбегнуць, а таксама калі хтосьці з прысутных яму не падабаецца.

Ірына Зіноўева з’яўляецца аўтарам уласнага метадычнага дапаможніка – трэнажора для развіцця мовы. Як кажа дэфектолаг, адна з яе самых важных задач – гэта развіваць навыкі камунікацыі і сацыяльныя паводзіны ў дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектру.
– Кожны дзень я праводжу групавыя заняткі і некалькі разоў на тыдзень індывідуальныя, – працягвае Ірына. – Ёсць тыя, хто размаўляе, з імі лягчэй. Але прыходзяць дзеці, якія не только не размаўляюць самастойна, а нават не разумеюць, калі да іх звяртаюцца. Сітуацыя наступная: яны не разумеюць нас, педагогаў, а мы не разумеем іх. У такіх выпадках распрацоўваюцца візуальныя расклады дня, і для размовы выкарыстоўваюцца карткі PECS, як альтэрнатыўны сродак зносін людзей. Як паказвае практыка, з часам дзеці пачынаюць спачатку паўтараць часткі слоў, а потым ужо могуць выказаць свае эмоцыі і жаданні з дапамогай мовы, а не крыку. Таксама працуем над уседлівасцю і канцэнтрацыяй такіх дзяцей. Часта дзеці з аўтызмам не могуць доўгі час засяроджваць увагу на чымсьці адным. Калі я бачу, што дзіця можа ўсядзець за партай 30 хвілін, разумею, што да школы мы падрыхтаваліся.
Акрамя заняткаў з дзецьмі настаўнік-дэфектолаг і педагог-псіхолаг праводзяць кансультацыі для бацькоў. Важна, каб развіццё праходзіла не толькі ў сценах устаноў адукацыі, а і дома.
– Калі з’яўляюцца новыя дзеці ў групах, яны праходзяць адаптацыю, дзе мая дапамога неабходна, – расказвае педагог-псіхолаг Вікторыя Тышкевіч. – Калі дэфектолаг працуе з развіццём памяці, увагі, мовы, то я адказваю за эмацыйны стан дзяцей. Мы разам гуляем, малюем, збіраем пазлы, чытаем казкі – робім тое, што можа падняць настрой дзіцяці. Я ўважліва назіраю за паводзінамі і праяўленнем пачуццяў як у дзяцей з асаблівасцямі развіцця, так і ў здаровых, што ходзяць у групы інтэграванага навучання і выхавання. Адна з важных задач – размаўляць з бацькамі. Адразу ім цяжка прыняць той факт, што іх дзіця мае парушэнні развіцця нервовай сістэмы. Размаўляем з імі, стараемся растлумачыць, што ў нас няма мэты пакрыўдзіць, а наадварот, мы хочам дапамагчы. Гэты факт трэба прыняць, каб далей, з узростам, дзіця адаптавалася да грамадства. Я запрашаю бацькоў на кансультацыі, даю візуальныя памяткі, неабходную літаратуру і рэкамендацыі, што рабіць у тых ці іншых выпадках.

У садок ходзіць хлопчык з аўтызмам. Яго завуць Саша. Пацікавіліся ў яго маці, ці дапамагаюць заняткі са спецыялістамі і як яна ставіцца да дыягназу сына.
– Калі сыну было паўгады, заўважыла, што ён не адгукаецца на сваё імя, – распавядае Алена Пяткевіч. – Я сама медык, таму амаль адразу зразумела, што гэта не проста так. Але як маці, я гнала ад сябе дрэнныя думкі. У год пачалі актыўна праходзіць абследаванні. Адразу праверылі слых – тут усё добра, пасля пачаліся паходы па ўрачах-неўролагах. У 3 гады Саша пайшоў у звычайны сад, але там нам асцярожна намякнулі, што выхавальнікі не спраўляюцца. Пасля гэтага мы сталі ў чаргу, каб пайсці ў сад з групай інтэграванага навучання і выхавання. У 4 гады Саша трапіў у гэты сад. Паводзіны яго змяніліся: з ім займаецца дэфектолаг, да якога сын ходзіць з задавальненнем. Інтэлект у яго заўсёды быў развіты, таму за гэта я не хвалявалася. Зараз з ім займаюцца мовай, бо сын не размаўляе. Са свайго боку я выконваю ўсе парады педагогаў. А бацькам, хто сутыкнуўся з такім дыягназам дзяцей, магу сказаць толькі адно: не губляйце надзею, на гэтым жыццё не заканчваецца. Жывіце дзеля задавальнення, бо шчаслівыя бацькі – шчаслівыя дзеці.

Як лічыць калектыў сада, галоўнае ў працы з дзецьмі з аўтызмам у межах установы адукацыі – комплекснае ўзаемадзеянне педагогаў. Заняткі з дэфектолагам і псіхолагам праводзяцца па раскладзе, а ўвесь астатні час з дзецьмі займаюцца выхавальнікі.
– Не хвалюйцеся, я заўсёды побач – кажу я, каб супакоіць бацькоў, – гаворыць выхавальніца групы інтэграванага навучання і выхавання Алена Опра. – Дзеці з аўтызмам, вядома, часам агрэсіўна сябе паводзяць, але ў мяне ніколі не было такой сітуацыі, каб ад гэтага пакутавалі іншыя дзеці. Калі ў групу прыходзяць новыя дзеці з такім дыягназам, яны не пускаюць нікога ў свой свет. Мы размаўляем з імі, заахвочваем.
У групах інтэграванага навучання і выхавання зроблена адпаведная абстаноўка: няма ніякіх агрэсіўных колераў, цацкі складзены ў скрынкі, каб нічога не раздражняла і не справакавала ўспышкі гневу або агрэсіі. Таксама ёсць індывідуальныя візуальныя расклады з фота дзіцяці, каб яно пазнала сябе і зразумела, што гэта для яго. Такім жа чынам пазначана і месца за сталом.
– Групы інтэграванага навучання і выхавання – гэта вельмі важна для дзяцей з аўтызмам. Я шмат разоў пераконвалася, што часам тое, што мы, дарослыя, не можам растлумачыць дзецям з парушэннем аўтыстычнага спектру, з лёгкасцю тлумачаць ім іх здаровыя равеснікі. Усе дзеці вельмі цёпла ставяцца адзін да аднаго, ім не цяжка зразумець, што ўсе розныя і ў той жа час роўныя. Яны талерантныя. Часам бацькі хвалююцца, як праводзіць дзень у садку яго дзіця, але я спакойна запрашаю іх прыйсці і асабіста пераканацца, што ўсё добра. Я не падзяляю дзяцей на здаровых і тых, хто мае АПФР. Я люблю іх усіх аднолькава, – падводзіць вынік Алена.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.