«Не адчуваю сябе асаблівай». Надзея Міцэвіч з інваліднасцю прафесійна займаецца спортам і вучыцца ва ўніверсітэце

Поддержи

Надзея Міцэвіч у тры гады патрапіла ў дзіцячы інтэрнат, бо яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Зараз дзяўчыне 20 гадоў, яна прафесійна займаецца спортам і вучыцца на першым курсе ўніверсітэта нягледзячы на тое, што рухаецца ў інваліднай калясцы. Гісторыю Надзеі – чытайце ў штотыднёвіку “Вместе!”.

Нібы анёл-ахоўнік”

– Я нават дакладна не ведаю, як гучыць мой дыягназ, бо мне гэта не патрэбна, – упэўнена кажа Надзея. – Урачы лепей ведаюць, што рабіць, я іх слухаю, а ў астатнім не адчуваю сябе нейкай асаблівай.

Да трох гадоў Надзя жыла з маці і старэйшым братам, але пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў дзяўчынка трапіла ў дзіцячы інтэрнат у Мінску. Яшчэ праз тры гады яе перавялі ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

– Бясконца ўдзячна лёсу за тое, што жыла ў Івянцы, – працягвае суразмоўца. – Я не ведаю, была б я зараз такой, якая ёсць, калі б патрапіла ў іншае месца. Там незвычайнае ўсё, а галоўнае – людзі. Наша дырэктар, Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч, была для ўсіх амаль што другой маці. Яна імкнецца дапамагчы сваім выхаванцам і нават выпускнікам. Нібы анёл-ахоўнік, сапраўды. Дзякуючы ёй, я паступіла ва ўніверсітэт, атрымала кватэру ў Мінску і жыву самастойна.


“Мне не было страшна”

Зараз дзяўчына вучыцца на першым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Абраная спецыяльнасць – “спартыўны псіхолаг”, але Надзея пакуль не ўпэўнена, што будзе працаваць менавіта па прафесіі.

– Калі праўда, паступала туды, куды дазволіла МРЭК, – усміхаецца яна. – Ведала адно дакладна: хачу на дзённую форму навучання, бо сядзець на месцы – не пра мяне. Я здала ЦТ па матэматыцы, геаграфіі, рускай мове і біялогіі. Праходзіла на “спартыўнага мэнэджара” і “спартыўнага псіхолага”. Абрала спецыялізацыю спартыўная псіхалогія – бюджэтную форму навучання. Далей патрэбна было выканаць 5 стандартаў: практыкаванне з гімнастычнай палкай, адцісканне ад каляскі, кіданне мяча, падцягванне і язду на 90 метраў. Мяне гэта не спужала. Зрабіла ўсё, што было неабходна. І вось я першакурсніца БДУФК.

Сама дзяўчына кажа, што вучыцца ёй падабаецца, але калі-нікалі ўзнікаюць цяжкасці, як ва ўсіх студэнтаў. Першую сесію Надзея здала добра і ўжо паспела заваяваць універсітэцкую сцэну.

– У інтэрнаце я часта выступала на сцэне, апошнія гады разам з сябрам вяла мерапрыемствы, – успамінае суразмоўца. – Люблю спяваць, але толькі пад баян. Пад фанаграму неяк не вельмі атрымліваецца. Восенню я прадстаўляла групу на міжфакультэцкім конкурсе. Прызавога месца мы не занялі, але ўсё яшчэ наперадзе.

Надзея на дадзены момант жыве ў інтэрнаце БДУФК. Для дзяўчыны вылучылі блок на першым паверсе, дзе ў яе свой асабісты пакой.

– Мне не было страшна зусім, я вельмі хацела хутчэй у самастоўнае жыццё – дзеліцца студэнтка. – Адчуваю сябе тут гэтаксама, як і ў Івянцы. Гэта самы высокі камплімент. Вучэбныя карпусы ўсе даступныя, акрамя аднаго, дзе праходзіць гімнастыка. Але мне дапамагаюць ці хлопцы-аднагрупнікі, ці пешаходы. Выкладчыкі ставяцца з разуменнем: калі ў мяне нешта не атрымліваецца, то не з-за таго, што не хачу ці прыкідваюся. У астатнім хаджу на ўсе заняткі, выконваю дамашнія заданні.

“Для мяне гэта не праблема”

Адразу Надзю пасялілі на 11-ым паверсе, але ліфты некалькі разоў не працавалі, з-за чаго дзяўчына не магла трапіць у свой пакой. Таму яе перавялі на першы. Пры ўваходзе ў інтэрнат абсталяваны пандус і электрычны пад’ёмнік. Дарэчы, зараз яна жыве ў тым жа пакоі, у якім у свой час пражывала вядомая параспартсменка Людміла Ваўчок.

– З Людмілай я пазнаёмілася яшчэ гады чатыры таму на спартыўным мерапрыемстве ў Валожыне, – узгадвае Надзея. – У мінулым годзе мяне і майго сябра яна запрасіла на два тыдні ў Мінск. На базе пратэзнага цэнтра мы спрабавалі розныя віды спорту. Грэбля на байдарцы ў мяне не зусім атрымлівалася, а вось лыжаролікавы спорт вельмі спадабаўся. Калі я паступіла ва ўніверсітэт, Людміла сказала, што мне трэба займацца спортам. Я прыслухалася да яе парады. Тым больш, што палова дня пасля вучобы была не занятая. Спачатку гэта былі лыжаролікі, зараз удзельнічаю ў спаборніцтвах па лыжных гонках.

Сумяшчаць спорт і вучобу, як прызнаецца дзяўчына, даволі складана, але яна не з баязлівага дзесятка.

– У зімні час за мной заязджае трэнер і мы адпраўляемся на трэніроўку, звычайна ў Раўбічы ці Вяснянку  – тлумачыць суразмоўца. – Займаюся кожны будны дзень, часам і ў суботу. Увесну і летам, думаю, буду ездзіць самастойна. Часта наведваю сяброў у розных раёнах горада, для мяне гэта не праблема. Пакуль у мяне няма сур’ёзных спартыўных дасягненняў, акрамя 5-га месца на спаборніцтвах па бегу на 20 кіламетраў. Але я ўпэўнена, што ў хуткім часе выканаю нарматывы кандыдата ў майстры спорту.

Калі глядзіш на Надзею, здзіўляешся, адкуль у гэтай дзяўчыны столькі адвагі. Цікавімся: якой яна бачыць сябе ў будучыні?

– Я не люблю загадваць, – адразу сцярджае яна. – Зараз мне трэба закончыць вучобу. Можа, я і не буду працаваць спартыўным псіхолагам, бо высядзець цэлы дзень – з 8 раніцы да 5 гадзін вечара – наўрад ці змагу. Хачу займацца прафесійна спортам, а для гэтага патрэбен час. Пасля чакае рамонт ва ўласнай кватэры, куды пераеду пасля ўніверсітэта. А пакуль я цалкам задаволена сваім жыццём, бо ў мяне ёсць усё, што патрэбна: камфортныя ўмовы жыцця, сябры, аднагрупнікі, з якімі мы ездзім на спартыўныя мерапрыемствы, лыжныя гонкі, маці, з якой зараз мы падтрымліваем адносіны. Яшчэ мару пра курсы язды на калясцы, дзе навучаць спускацца па лесвіцы. Умець пераодольваць перашкоды – тое ж самае, што змагчы хадзіць.

 

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара і з архіва Надзеі Міцэвіч

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.