Настаўнік
Адзін з самых складаных выбараў у жыцці – прафесійнае самавызначэнне. Далёка не кожнаму ўдаецца выбраць правільны шлях, знайсці сябе ў струмені жыццёвых прапаноў. А вось у настаўніка-дэфектолага сярэдняй школы № 139 Мінска Вячаслава Шаманца гэта атрымалася лёгка. Больш за тое, Вячаслаў Анатольевіч упэўнены: працаваць з «асаблівымі» дзецьмі для яго – ганаровы і наканаваны шлях.
«Я з дзяцінства хацеў быць настаўнікам, хоць педагогаў у маёй сям`і не было ніколі. У старэйшай школе прыйшло разуменне, што хачу даваць дзецям веды, ствараць своеасаблівы свет, у якім вучням будзе ўтульна і цікава. А жаданне вучыць менавіта дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прыйшло нашмат пазней», – паведаў мне суразмоўца.
На самой справе, калі ўпершыню трапляю ў класс дэфектолага, здзіўляюся колькасці ўсялякіх развіваючых гульняў і дапаможнікаў. Настаўнік з неахвотай прызнаецца, што большасць з іх прыдбаў самастойна, паколькі імкнуўся не толькі ўпрыгожыць класны пакой, але і зрабіць яго функцыянальным. Калі пачынаецца ўрок, ціха сяджу на апошняй парце, баючыся патрывожыць нязвыклых да пільнай увагі вучняў. Паколькі дэфектолаг працуе з дзецьмі, якія маюць некаторыя абмежаванні па здароўі, яму патрэбна быць асабліва далікатным і валодаць не толькі метадалагічнымі, але і спецыяльнымі псіхалагічнымі ведамі. Першае, на што накіроўваю ўвагу: дзеці зацікаўленыя заданнямі і беспярэчна слухаюць новы матэрыял. Складаецца ўражанне, што гэта адбываецца не дзякуючы жалезнай дысцыпліне, а правільна знойдзенаму эмацыйнаму кантакту. «Што мне падабаецца ў Славе, – пацвярджае мае думкі намеснік дырэктара па вучэбнай працы Наталля Аляксандраўна Каржова, – гэта клапатлівае, уважлівае стаўленне да дзяцей. Для сваіх вучняў ён, канешне, як старэйшы брат, або нават бацька».
Мужчына у пачатковых класах, ды яшчэ ў дэфекталогіі? Сапраўды, з’ява нячастая. Але Вячаслаў Анатольевіч не лічыць сябе асаблівым. Быць класным кіраўніком для яго адказна, але не боязна: «Яшчэ ў час навучання ў БДПУ імя М. Танка я год працаваў выхавальнікам у дзіцячым садку ва ўсіх узроставых групах, апошнія паўгода ў яслях, дзе навучыўся адначасова трымаць дваіх дзяцей на руках і ўважліва сачыць за астатнімі. А яшчэ мыць посуд і нават падлогу, калі памочнік выхавацеля раптам прыхварэе. Яшчэ два гады працаваў выхавальнікам дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці ў дапаможнай школе-інтэрнаце, таму працы не цураюся».
У сваёй педагагічнай дзейнасці Вячаслаў Анатольевіч зыходзіць з каштоўнасці асобы кожнага вучня, вядзе гурток па арт-тэрапіі, дзе акрамя навучання тэхнікам выяўленчага мастацтва пры дапамозе фарбаў і колеру працуе над стабілізацыяй эмацыйнага і фізічнага стану вучняў пасля ўрокаў. На маё слушнае пытанне адносна барацьбы са стрэсам запэўнівае, што стараецца весці здаровы лад жыцця, ходзіць у басейн, займаецца жывапісам. Бо мастацтва выхавання заключаецца ў тым, што выхоўваць можна толькі на ўласным прыкладзе і ніяк інакш. Набраўшыся смеласці, задаю набалелае пытанне аб тым, чаму ўсё ж такі малады чалавек аддаў перавагу дзецям з асаблівасцямі. Пасля працяглай паўзы мой рэспандэнт здзіўляе вельмі сталым і вытрыманым адказам: «Хто, калі не я? Гэтая фраза дарэчы адлюстроўвае маё стаўленне да сітуацыі. Прыемна, што магу навучыць дзяцей радавацца поспехам іншых людзей, гэта вельмі важна ў сучасным свеце: быць клапатлівымі і ўважлівымі да ўсяго і ўсіх, хто побач».
Як нельга дарэчы выказванне настаўніка ілюструюць адказы дзяцей на маё пытанне адносна выбару будучых прафесій. У спісе пераважных спецыяльнасцей апынуўся ветэрынар, выхавальнік і нават пажарны – прафессіі, якія накіраваны дапамагаць.
Увогуле ў жыцці кожнага з нас ёсць педагог, якому хочацца падзякаваць. За тое, што дапамог, навучыў, падтрымаў і проста быў у тваім жыцці. У канцы нашай сустрэчы цікаўлюся меркаваннем мужчыны наконт таго, якім ён бачыць настаўніка для асаблівых дзяцей: «Настаўнік – гэта той, хто любіць і разумее дзяцей, заўсёды можа прыйсці на дапамогу ў цяжкай сітуацыі. Для сваіх выхаванцаў ён сапраўдны сябар, шчыры памочнік і мудры дарадца. І вядома, настаўнікам не можа стаць чалавек, абыякавы да лёсу дзяцей, я так лічу».
Праца, звязаная з выкладаннем, заўсёды лічылася адным з найбольш складаных і ў той жа час ганаровых заняткаў. Кожны ведае імёны выдатных педагогаў і асветнікаў. Настаўнік – не проста прафесія, гэта місія. Таму і попыт з выкладчыкаў адмысловы. Жыццё сучаснага педагога не менш дынамічнае, чым жыццё грамадства. Прафесія патрабуе не толькі вялікіх ведаў, але і духоўных сіл, вытрымкі і нават мужнасці, і радуе тое, што, нягледзячы на складанасці і цяжкасці, знаходзяцца людзі, якія выбіраюць для сябе такі шлях.
У Дзмітрыя Ліхачова ёсць такія словы: «Калі жыць толькі для сябе, сваімі дробнымі клопатамі пра ўласны дабрабыт, то ад пражытага не застанецца і следу. Калі ж жыць для іншых, то іншыя зберагуць тое, чаму ты служыў, чаму аддаваў сілы». І гэта безумоўна пацвярджае, што настаўнік – не прафесія, настаўнік – гэта прызванне.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.