«Наканавана лёсам выжыць». Аповед жанчыны, якую ў час вайны пакінулі ў лесе адной
Мы на парозе 75-годдзя Вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. Страшна слухаць аповеды сведак тых гадоў, яшчэ страшней уяўляць сваё жыццё ў тыя часы. Паўднёвая Салігоршчына з першых гадоў стала партызанскай зонай. У выніку гэтай рэчаіснасці многія вёскі былі спалены, жыхары расстраляны. Калі вёскі ажывалі, нямецкія карнікі вярталіся зноў. Тады жыхары ўцякалі, шукаючы прытулак у лясных урочышчах, куды не маглі трапіць карнікі.

Вось аповед сведкі таго часу: “Завуць мяне Алёна Кузьмінічна. Нарадзілася, згодна з паперкамі, у вёсцы Даманавічы 5-га сакавіка 1944 года. Маму звалі Настасся, а бацьку – Кузьма. К гэтаму часу бацька быў партызанам. У бацькоў я была першым дзіцем, якому радуюцца ўсе бацькі. Не прайшло трох месяцаў пасля майго нараджэння, як на вёску ў каторы раз зноў сталі наступаць немцы, жыхары вёскі кінуліся ўцякаць, бо адзін паратунак – непраходныя балоты і цёмны лес. Мама хапіла мяне і разам з іншымі стала ўцякаць. Нехта даў каманду ўцякаць на “Востраў”. Гэта ў лесе такая выспа, вакол якой непраходныя балоты. На выспу маглі трапіць людзі, якім вядома тая сцежка. Усе беглі да той сцежкі. Але маме ступіць на яе не дазволілі, бо на руках было дзіця, якое выдавала сваім плачам месца знаходжання людзей.
Тады мама вярнулася трошкі назад, зняла з сябе спадніцу, з якой зрабіла мне люльку, павесіла ў куст арэшніку, а сама вярнулася на “Востраў”. На трэці дзень людзі пакінулі “Востраў”. Мама доўга шукала той куст з дзіцем, але не знайшла, лес вялікі. Прайшло некалькі дзён, маме перадалі навіну, што нейкі партызан, ідучы лесам, пачуў дзіцячы плач, прынёс дзіця ў лясны лагер, у якім людзі трымалі карову. Мама пабегла ў той лагер, знайшла мяне ўсю пакусаную камарамі. Высветлілася, што гэтым партызанам быў мамін брат.
/
Так я засталася жывой, хоць у лесе праплакала амаль два дні. У мяне не стала голасу. Калі мама мне пачынала пра гэта расказваць, вельмі плакала. Пасля вайны ў нашай сям’і вырасла сямёра дзяцей, малодшых за мяне.
/

Скончыўшы сямігодку мясцовай школы, пайшла працаваць у калгас. Я была старэйшая дачка сям’і, на мяне клаўся абавязак дапамагаць бацькам. У 1963 годзе пераехала ў Салігорск. Працавала прыбіральшчыцай на Першым калійным камбінаце. У 1964 годзе выйшла замуж, нарадзіла пецярых дзяцей. Жыву з дачкою ў сваёй хаце. Маю траіх унукаў, траіх праўнукаў. На вёсцы хата пустая, як і шмат другіх. Успамінаць пра мінулае страшна. Свой дзень нараджэння адзначаю ў маі месяцы”.
Ад аўтара: гэта другі аповед ад мацерак, якім забаранялася забіраць з сабою дзяцей. У мястэчку Пагост Тамара Міхайлаўна Берасневіч па загадзе камандзіра партызан пакінула малое дзіця ў час уцёкаў ад немцаў, а калі вярнулася, то яно было мёртвым.
Гістарычная даведка: вёска Даманавічы ў 1941 годзе налічвала 142 двары, 703 жыхароў. Сёння гэта паміраючая вёска.
Уладзімір Амяльчэня
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.