Над якімі праектамі для людзей з інваліднасцю працуе моладзь

Поддержи

У Мінску 18 мая прайшла канферэнцыя ТЕDxYouth@Minsk. На ёй вучні старэйшых класаў са школ па ўсёй Беларусі прадэманстравалі як сваё красамоўства, так і сацыяльныя праекты, над якімі яны шчыруюць апошнім часам па-за вучобай, сваімі захапленнямі і падпрацоўкамі.

Сяргей Берлін, ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна Брэста, 11 клас

Калі я гутарыў з жанчынай, якая дапамагае людзям са зніжаным зрокам, яна сказала, што большасць з іх сядзіць дома і выходзіць у людзі толькі па неабходнасці. Але не ўсе такія. На адных мясцовых шахматных спаборніцвах я пазнаёміўся з Аляксеем Зайцам. Ён, мала таго, што нічога не бачыць, дык яшчэ мае сур’ёзныя праблемы са слыхам. Але, тым не менш, ён быў на турніры адным з мацнейшых гульцоў.

У дзяцінстве ён меў дрэнны зрок, які з часам знік зусім. Пачаліся цяжкасці са слыхам. Калі хлопчыку было 7 гадоў, дзядька навучыў яго гуляць у шахматы, малому спадабалася. Скончыўшы школу для дзяцей со зніжаным зрокам у Гродна, а потым і медыцынскі каледж, Аляксей прымаў удзел амаль у кожных шахматных спаборніцтвах. Звычайна займаў на іх высокія месцы.

Зараз шахматы дапамагаюць зняць яму фізічнае напружанне пасля працы масажыстам. Можна сказаць, чалавек цяпер жыве поўным жыццём. Таму ў мяне ўзнікла жаданне зрабіць жыцці большасці невідушчых людзей падобнымі на лёс Аляксея. Я вырашыў правесці шахматны турнір, дзе б гулялі відушчыя і невідушчыя разам. Але тыя, хто не бачыць, заведама даюць фору тым, хто бачыць. Таму я вырашыў закрыць вочы відушчым людзям. Першапачатковая мэта гэтага турніра – сацыялізацыя невідушчых. Аднак хутка зразумеў, што гэта добрая пляцоўка для тых, хто бачыць. Большая частка інфармацыі, якую мы атрымліваем ад наваколля, прыпадае на зрок. А турнір – своеасаблівае выпрабаванне магчымасцяў.

Вырашыў правесці турнір сярод дзяцей, бо сталыя гульцы былі і так. Зладзіў яго пры дапамозе сваёй маці і яе вучняў у жабінкаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей са зніжаным зрокам. Там я і матчыны вучні ўпершыню гулялі навобмацак. Спачатку крыху бянтэжышся, калі табе завязваюць вочы, але потым уяўляеш дошку і на дотык высвятляеш, як пахадзіў праціўнік. Галоўнае ў такой гульне – не згубіцца. Тыя дзеці не вельмі добра гулялі ў шахматы, але захапіліся і паабяцалі, што будуць трэніравацца, каб у іншы раз паказаць лепшы вынік.

Ужо запланаваны падобны турнір у межах шахматнага фестывалю «Чорная пешка», які адбудзецца восенню гэтага года ў Брэсце. Дарэчы, і ў мінулым го-дзе на фестывалі таксама гулялі невідушчыя людзі, але прыехала толькі два чалавекі. Зараз, спадзяюся, іх будзе больш. Я мару, каб на Міжнароднай шахматнай алімпіядзе, якая пройдзе ў 2022-м годзе ў Мінску, праводзіліся спаборніцтвы па шахматах навобмацак.

На мой погляд, гэты праект вельмі важны для такіх людзей, як Аляксей Заяц. Шахматы ўносяць разнастайнасць у іх жыццё. І гэта мае пашырацца. На маю думку, інклюзія – калі чалавек, незалежна ад яго здароўя, можа мець ў грамадстве роўныя з усімі магчымасці. Зараз існуюць розныя спецыялізаваныя турніры, арганізацыі – гэта ўсё добра. Аднак лепш, калі і самі людзі ставіліся б да кожнага роўна і не падзялялі грамадства.

Спадзяюся, што гульні ў шахматы навобмацак стануць адной з многіх пляцовак, дзе гэты парытэт будзе адбывацца. Памятаю, што калі ўпершыню пабачыў невідушчых гульцоў, першым маім пачуццём было шкадаванне. Але гэта не тое, што ім трэба. Ім патрэбна магчымасць для самарэалізацыі.

Паліна Мураева, сярэдняя школа №10 Мінска, 10 клас

Калі мне было шэсць гадоў, я ездзіла ў дзіцячы лагер, дзе былі інклюзіўныя атрады. Дзеці з асаблівасцямі нараўне з астатнімі ўдзельнічалі ў забаўляльных мерапрыемствах, творчых конкурсах і дыскатэках. Але нягле-дзячы на тое, што дзяцей ў гэтым лагеры было вельмі шмат, больш за ўсіх мне запомніўся адзін незвычайны хлопчык Ваня. Ён быў старэйшы за мяне, з цёмнымі валасамі і ямачкамі на шчоках. Ваня вельмі прыгожа маляваў і не раз перамагаў у творчых конкурсах. Нягледзячы на сваю прыродную сарамлівасць, не баяўся дзяліцца сваімі талентамі з іншымі людзьмі. Прызнаюся, я нават танчыла з ім павольны танец. А танцаваць я вельмі люблю. І не толькі павольныя танцы. Ваня запомніўся мне настолькі цікавым чалавекам, што зараз, праз шмат гадоў, я ледзь прыгадала яго невялічкую асаблівасць. Ён не мог хадзіць і рухаўся пры дапамозе інваліднага вазка.

Менавіта гэты лагер, а ў прыватнасці, хлопчык Ваня, дапамаглі мне зразумець, што нават, здавалася б, складаныя дыягназы таленту не перашкода. Але чалавек уладкаваны такім чынам, што пакуль сам нешта не страціць, не звярне ўвагу на праблемы іншых людзей. Чатыры гады таму і ў маім жыцці адбылася падзея, якая змяніла ход маіх думак і прымусіла ставіцца да многага па-іншаму. Звычайны школьны ранак. Сварка з аднакласнікамі. Моцны ўдар спінай – і як вынік – пералом пазванкоў. Пра гэта я даведалася не адразу, бо на візіт да доктара вырашылася толькі тады, калі боль стаў амаль невыносным. Я зразумела, што больш не магу танцаваць. Займацца справай, якой прысвячаю час з трох гадоў па некалькі гадзін на дзень. Справай, якая для мяне даражэй, чым многае.

Седзячы ў кабінеце доктара, я ўбачыла, як ён піша слова пералом і абводзіць пашкоджаныя пазванкі на схеме хрыбетніка. Пасля ён павярнуўся да мяне і сказаў, што любыя фізічныя нагрузкі мне забароненыя. Таму працягнуць трэніроўкі па танцах я не змагу. У гэты момант з’явілася разуменне таго, што жыццё пачне змяняцца. У кожнага з нас ёсць дзейнасць, якая робіць шчаслівым і матывуе штосьці рабіць. Так? А ў мяне ў той момант яе не засталося. Боль заўсёды даваў пра сябе ведаць. Мне было балюча хадзіць, сядзець і нават ляжаць. Вельмі часта я не магла заснуць з-за моцнага болю, таму з кожным днём усё больш хавалася ў сабе. Я страціла цікаўнасць да ўсяго і аптымізм, пачала дрэнна вучыцца і стала вельмі запальчывай. У такім стане правяла тры гады і лічыла яго нармальным. Хоць у глыбіні душы ведала, што гэта не так.

У жыццё мяне вярнуў звычайны шпацыр па горадзе. А дакладней – вулічныя танцоры. Людзі, якія не толькі дзяліліся сваімі талентамі, але і сваім шчасцем. Гледзячы на іх, я зразумела, што ў гэты момант трэба пачаць штосьці мяняць, бо жыццё бяжыць, а я проста сяджу на месцы. У той жа вечар я запісалася на трэніроўку па танцах. Шчыра кажучы, спачатку было вельмі цяжка і балюча, але чым больш намаганняў я прыкладала, тым больш атрымлівалася. З часам вярталіся цікаўнасць да жыцця і аптымізм. Вучыцца і адчуваць сябе я стала значна лепш. Гэта ў чарговы раз дапамагло пераканацца ў тым, што сапраўднае шчасце ляжыць ў магчымасці займацца тым, што робіць цябе акрыленым.

Адночы я з бацькамі сядзела на кухні і ўзгадвала ўсе віды творчасці, якімі калісьці займалася. Мы абмяркоўвалі, мне вельмі пашанцавала, што ёсць магчымасць развіваць свае таленты. Прыйшло ўсведамленне, што гэта так далёка не ва ўсіх. Асабліва такіх шанцаў менш у людзей з інваліднасцю. Такіх, як Ваня, з якім я танчыла ў лагеры. Гэта думка стала першым крокам на шляху да стварэння ўласнага праекта. Пры распрацоўцы ідэі наша каманда наведала вялікую колькасць рэпетыцый і выступаў інклюзіўных калектываў. Мы ўбачылі, што тыя, каго прызвычаіліся называць людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ніяк не абмежаваныя ў здольнасцях або талентах. Калі даць ім творча развівацца нараўне з астатнімі, то, ідучы па карціннай галерэі, вы ніколі не зразумееце, што нейкую з карцін напісаў хлопец з аўтызмам. Якую-небудзь вазу зляпіў хлопчык з сіндромам Даўна, ці песню, якую вы штодзённа слухаеце, спявае дзяўчына на вазку.

Яшчэ мы ўпэўненыя ў тым, што гэта не людзям з інваліднасцю патрэбна грамадства, а мы як грамадства маем вялікую патрэбу ў іх. Чаму? Па-першае, яны неверагодна натхняюць, часта нават больш, чым хто-небудзь іншы. Людзі з інваліднасцю вучаць, як гартаваць характар. Бываюць моманты, калі я пачынаю сябе шкадаваць. Аднак калі гляджу на поспехі знакамітых Ніка Вуйчыча ці Аляксея Талая, то пытаю сябе з насмешкай, чаму не магу штосьці зрабіць. Што там у мяне баліць?! Па-другое, каштоўнасць чалавека не павінна вымярацца прадукцыйнасцю ці фізічнымі магчымасцямі. Калі мы кажам пра важнасць для грамадства людзей з інваліднасцю, то ўжо не можам абмяжоўвацца меркамі, якімі вымяраем людзей ў свеце бізнесу.

Яшчэ раз: той самай прадукцыйнасцю ці грашовым прыбыткам. Каштоўнасць чалавека таксама не залежыць ад таго, наколькі ён моцны, ці прывабна выглядае, ці мае ўсе канечнасці. Людзі з інваліднасцю вяртаюць нас да ісціны, што кожны варты павагі.

Па-трэцяе, прырода нічога не забірае проста так. Вельмі часта яна адорвае такіх людзей унікальнымі талентамі. У прыклад можна прывесці знакамітага невідушчага музыканта Рэя Чарльза. Ёе перастаў бачыць у раннім дзяцінстве, але гэта не перашкодзіла яму дасягнуць поспехаў. Уявіце сабе чалавека, які мае схільнасць да музыкі, але не бачыць. У кожнага з нас ёсць маса альтэрнатыў, чым заняць час, а невідушчы большасць свайго імпэту можа аддаць музыцы. Уявіце, да якой вышыні ён разаўе сваю схільнаць.

Па-чацвёртае, мы мусім дапамагчы людзям з інваліднасцю развіваць свае таленты. Бо таленавітыя людзі – гэта здабытак краіны. Няма нічога горш, чым пазбавіць кагосьці магчымасці займацца тым, што складае частку яго асобы. Я ведаю гэта на сваім вопыце.

 

Мой праект мае назву «#Разам». Мы ствараем шматфункцыянальную інклюзіўную арт-прастору. Месца, дзе ў кожнага чалавека будзе магчымасць на творчае развіццё. Кожны павінен хаця б паспрабаваць сябе ў розных відах творчасці і абраць тое, што яму бліжэй і цікавей. Лепш зрабіць гэта ў месцы з асаблівай сяброўскай атмасферай. Сумесна з архітэктарам быў распрацаваны праект памяшкання з некалькіх залаў, цалкам абсталяваных пад канкрэтную творчасць. Паўсюль будзе тактыльная плітка і поручні. Заняткі будуць праводзіць педагогі, навучаныя для працы з людзьмі з інваліднасцю. Рэгулярнымі будуць выставы, майстар-класы і чаяванні. Зараз рыхтуецца інтэрнэт-пляцоўка з раскладам усіх мерапрыемстваў, а таксама анлайн-урокі. Аб’яднаць таленты і ўвасобіць ў жыццё ўсе нашы планы цалкам магчыма. Заклікаем зрабіць гэта разам.

 

Запісала Вольга СЕВЕРЫНА

Фота Марыны Серабраковай, ТUT.BY

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.