На тым жа месцы ў 14-ы раз
У дні правядзення «Славянскага базару» адбудзецца XIV Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў «Віцебск-2018». Да галоўнай культурнай падзеі гэтага лета застаецца ўсё менш часу. Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў «Віцебск-2018» пройдзе з 13 па 16 ліпеня ў Палацы культуры чыгуначнікаў.
Для ўдзелу трэба вызначыцца з намінацыяй і падаць заяўку ў аргкамітэт фестывалю.
Арганізатарам традыцыйна выступіць грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў». У мерапрыемстве могуць удзельнічаць інваліды ад раённых, гарадскіх, аб’яднаных і абласных арганізацый, а таксама кандыдаты, прадстаўленыя дырэкцыяй СУ «Інвацэнтр» Беларускага таварыства інвалідаў пры наяўнасці рэкамендацый ад спецыялістаў у пэўнай творчасці.
Чакаецца арганізацыйная і метадычная дапамога з боку Міністэрства культуры. «Прадстаўнікі нашага ведамства абавязкова прымуць удзел у адкрыцці фестывалю, а таксама гала-канцэрце», – запэўніў галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Іванавіч Галабурда.
Нагадаем, Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў праводзіцца ўжо 14-ы раз з мэтай стымулявання развіцця мастацкай творчасці людзей з абмежаваннямі. Прыняць удзел у мерапрыемстве могуць таленты, якія займаюцца мастацкай творчасцю ў розных жанрах: паэзія, вакал, арыгінальныя жанры, танцавальнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Для ўдзелу ў конкурсе падаецца заяўка ў аргкамітэт фестывалю з указаннем намінацыі, у якой жадае выступіць канкурсант. Да выступу дапускаюцца таксама і творчыя калектывы. Для разгляду заяўкі кандыдаты павінны даслаць запоўненую анкету з указаннем кантактных дадзеных, дыягназу, характару інваліднасці і іншай неабходнай інфармацыяй.
Варта звярнуць увагу на ўмовы допуску да конкурсу:
— у фестывалі могуць удзельнічаць інваліды – члены ГА «БелТІ» з 18 гадоў, а таксама інваліды з іншых краін;
— удзельнік фестывалю можа ўдзельнічаць не больш чым у адной сцэнічнай намінацыі і прадстаўляць адзін конкурсны твор (нумар);
— у заяўцы на ўдзел у фестывалі неабходна ўказаць усе анкетныя дадзеныя, а таксама від ці жанр, што прадстаўляе інвалід, які падае заяўку;
— заяўкі на ўдзел павінны быць прадастаўлены ў пісьмовым выглядзе;
— творы, працы, нумары, прадстаўленыя на папярэдніх фестывалях, не разглядаюцца;
— лаўрэаты і дыпламанты I ступені папярэдніх Міжнародных фестываляў творчасці інвалідаў у Віцебску могуць удзельнічаць толькі ў выніковым Гала-канцэрце, які праводзіцца на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы;
— у выпадку недахопу грашовых сродкаў, выдзеленых аблвыканкамамі, дадатковыя выдаткі на харчаванне ўдзельнікаў абласных дэлегацый пакрыюцца са сродкаў Фонду падтрымкі і развіцця ГА «БелТІ».
Больш падрабязна азнаёміцца з умовамі ўдзелу ў Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў «Віцебск-2018», пералікам намінацый і паднамінацый, парадкам вызначэння лаўрэатаў конкурсу, а таксама даведачнай інфармацыяй можна на сайце beloi.by.
Усім, хто нацэліўся ў гэтым годзе наведаць яшчэ і фестываль «Славянскі базар у Віцебску», трэба паспяшацца і загадзя забраніраваць квіткі на канцэрты, якія зацікавілі. У гэтым годзе конкурс будзе адным з самых маштабных. Дэвіз 27-га «Славянскага базару» – «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» – закліканы аб’ядноўваць людзей. Творчыя праграмы канцэртаў будуць разлічаны на публіку ўсіх узростаў. «Плануюцца канцэрты класічнай музыкі, выступіць ансамбль з Паўночнай Асеціі, калектывы з Грузіі», – распавёў дырэктар «Славянскага базару ў Віцебску» Аляксандр Сідарэнка. Тэмай мерапрыемства стане Год малой радзімы. Яна адаб’ецца ў канцэртах адкрыцця і закрыцця, відэакантэнце і некаторых сольных выступах.
Толькі на галоўнай сцэне ў Летнім амфітэатры адбудзецца 19 канцэртаў. 15 ліпеня пройдзе юбілейны вечар кампазітара Ігара Лучанка «І пакуль на зямлі існуе каханне». Вядомы музыка і нязменны старшыня журы Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў парадуе нават самага спрактыкаванага гледача. У канцэрце прымуць удзел вядомыя айчынныя і замежныя артысты. Ядвіга Паплаўская, Аляксей Хлястоў, Марк Цішман ды іншыя павіншуюць мэтра з 80-годдзем.
Шырока будзе прадстаўлена творчасць украінскіх артыстаў. У Віцебск завітаюць Ірына Білык, Алег Віннік, акадэмічны хор імя Рыгора Вяроўкі. Расійскі бок парадуе гледача выступамі Мікалая Баскава, Ірыны Алегравай, Зары, Алены Ваенгі. Упершыню выступіць «Мумій Троль» і Цімаці. Акрамя таго, на пляцоўцы лядовай арэны на ўсе фестывальныя дні запланаваны цыркавыя шоў братоў Запашных. У традыцыйнай фестывальнай праграме ўпершыню з’явяцца Міхаіл Галусцян і Аляксандр Рэва з канцэртам «Ноч гумару». 14 ліпеня ў рамках Дня Саюзнай дзяржавы пройдзе канцэрт ансамбля «Сябры», дзе будуць удзельнічаць зоркі расійскай і беларускай эстрады. Таксама плануецца паказ 8 спектакляў у рамках праграмы «Тэатральныя сустрэчы». Гледачы ўбачаць дзействы з удзелам знакамітых акцёраў: Алены Якаўлевай, Аляксандра Балуева, Алега Меншыкава. Трэці год запар паспяхова развіваецца міжнародная лялечная праграма, вулічнае мастацтва. «У Віцебск з году ў год прыязджаюць вядучыя расійскія тэатры і іх беларускія калегі, аднак у апошні час мы сышлі ў бок антрэпрызных спектакляў. Так танней», – адзначыў Аляксандр Сідарэнка. Для гледачоў падрыхтавана больш за 100 праектаў і праграм. Але галоўным застаецца дзіцячы і дарослы конкурс маладых выканаўцаў. Упершыню пра сваё жаданне выступаць на Віцебскім форуме заявілі ўдзельнікі з Егіпта, Гвінеі, Калумбіі і В’етнама.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота з архіва газеты «Вместе!»
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.