«На піку папулярнасці фільма не было грошай на талончык». Сям’я мастака Кудзіна пра яго самазабойства

Поддержи

29 cнежня 2019 года скончыў жыццё самагубствам мастак Захар Кудзін. Як лічыць яго сям’я, да такога рашэння яго падштурхнула ў тым ліку і безграшоўе. Апошнія шэсць гадоў за ягоную творчасць расплачваліся пераважна бартэрам, і мастаку не было за што купіць падарункі для дачкі і жонкі напярэдадні навагодніх свят, піша «Радыё Свабода».

«Напярэдадні кожнага свята ён хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што»

Удава Таццяна Кудзіна перакананая, што прычынай гібелі мужа стала неацэненасць і адсутнасць аплаты за працу мастака.

– Нават сорамна сказаць, што прапаноўвалі. На творчых імпрэзах аплачваюць працу музыкаў, кухараў, а мастаку прапаноўваюць у найлепшым выпадку заплаціць за фарбы. Адсутнасць аплаты для мастака – вялікая бяда нашага культурнага асяроддзя. Безграшоўе яго вельмі падкошвала. Ён вельмі перажываў, што не мог утрымліваць сямʼю.

Гэта працягвалася апошнія шэсць гадоў. Калі плацілі, то сімвалічныя грошы. Запрашалі, называлі адну лічбу, а потым казалі, што змяніўся бюджэт, і плацілі ўтрая меней. Напрыклад, за ўдзел у перформансе прапаноўвалі 300 долараў, а потым казалі: «Вось табе фарбы і 100 долараў». Пры гэтым у іх быў бюджэт на бар і на іншае. Былі разавыя заробкі, але ён увесь час без грошай сядзеў. Пры гэтым не мог не працаваць, гэта быў ягоны лад жыцця, ягоная місія.

Захара ў свой час не прынялі ў Саюз мастакоў з той фармальнай прычыны, што ў яго не было вышэйшай адукацыі, хаця па мастацкім узроўні прац пытанняў у камісіі не было. Потым умовы прыняцця змянілі, але ён не стаў звяртацца пасля таго, як атрымаў першую адмову. Ён умеў рабіць многае, але ўсё гэта было звязана з выяўленчым мастацтвам. Не адзін ён быў у такой сітуацыі. Гэта гора ўсіх мастакоў, усіх творчых людзей. На творчасць патрэбныя грошы, а трэба яшчэ за нешта жыць. Ёсць сямʼя, блізкія і родныя, пра якіх хочаш клапаціцца… Так атрымлівалася, што асноўныя грошы ў сямʼі зарабляла я, дапамагалі бацькі, і гэта Захара моцна засмучала. Напярэдадні кожнага свята ён так хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што.

Што да аплаты працы мастака, то сябры сямʼі распавялі «Свабодзе» выпадак, калі адзін мінскі бар узяў ягоную працу, а замест аплаты прапанаваў на працягу тэрміну экспазіцыі прац проста прыходзіць і бясплатна выпіваць і есці ў бары. Напярэдадні Новага года быў прэцэдэнт: уладальнікі адной кавярні прапанавалі ўпрыгожыць інтэр’ер ягонай працай, і ізноў бясплатна. Паводле сяброў Захара, гэта сведчыць пра стаўленне да працы мастака ў нашым грамадстве.

Маці: Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака?

Маці мастака Наталля Кудзіна мяркуе, што «ў такой пазіцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія беларускія мастакі».

– На піку папулярнасці фільма «Чыстае мастацтва» Захар ехаў на інтэрв’ю, і ў яго не было грошай на талончык. Як ён сябе адчуваў пры гэтым? Думаў: мне 33 гады, колькі можна быць такім? Навошта такі бацька, калі ён не можа набыць цацку дачцэ. Хаця ён быў цудоўным бацькам і даваў сваёй дачцэ самае каштоўнае – свой час.

Гэта яго прыніжала як мужчыну. Я думаю, што ў ягонай пазіцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія мастакі, якія як мужчыны прыніжаныя тым, што яны незапатрабаваныя. Яны не хочуць быць кан’юнктуршчыкамі, не хочуць маляваць «люцікі-кветачкі» (не хачу нікога гэтым пакрыўдзіць). Ён хацеў рабіць мастацтва дзеля мастацтва, а не тое мастацтва, якое зразумела кожнаму.

Мой сын быў вельмі адказны, разумны і бязмерна таленавіты чалавек. У яго была маса ідэй і праектаў. Я лічу, што ягоны ўчынак не звязаны ні з якім эгаізмам, што ён нібыта не падумаў ні пра каго. Ён найхутчэй вельмі добра ўсё ўзважыў…

Апошнім часам яму было невыносна балюча і цяжка жыць з гэтым грузам найперш нерэалізаваных ідэй. Гэта была немагчымасць падзяліцца сваімі справамі і думкамі, сваім светапоглядам, немагчымасць знайсці аднадумцаў. Чалавек знаходзіцца сярод вялікай колькасці людзей і адчувае сябе абсалютна адзінокім. Ён проста не можа гаварыць пра тое, што яму баліць. Ён бачыць неразуменне, чым ён жыве, куды ірвецца ягоная душа, што ён можа даць гэтаму свету. У яго не было майстэрні апошнім часам, але сын не мог не пісаць. Ён быў чалавекам іншай фармацыі, іншага светапогляду, магчыма, іншай планеты. Захар быў геній. Я без цені сумневу гэта сцвярджаю.

Наталля Кудзіна звяртаецца да ўсіх творчых людзей, якія апынуліся ў сітуацыі нерэалізаванасці і незапатрабаванасці, як яе сын.

– Як маці заклінаю ўсіх, я прашу… Трэба ісці, трэба гаварыць, не замыкацца ў сабе, шукаць шляхі і спосабы, званіць ва ўсе званы. Але так рабіць нельга. Гэта не выйсце. Трэба стварыць фонд для падтрымкі маладых мастакоў. У акадэміі выпускаюць мастакоў групамі па 6−8 чалавек, але займаюцца мастацтвам не ўсе, таму што яны разумеюць, што не пракормяць сябе творчасцю.

Калі яго не стала, сябры і знаёмыя прапаноўвалі матэрыяльную дапамогу. Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака? Не купіць ягоную працу? Карціны трэба купляць у жывых мастакоў. У Захара ёсць праца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Сам спосаб перадачы гэтай працы – прыніжэнне мастака. Нацыянальны мастацкі музей мае фонд для закупкі новых прац, але карціну папрасілі ў дар. Ён пагадзіўся. Так, у яго былі амбіцыі, ён хацеў, каб гэтая праца засталася для наступных пакаленняў. Яны разам з жонкай на руках неслі працу ў музей, бо грошай на грузавое таксі не было, а музей нават не пажадаў прапанаваць транспарт. Ці гэта не прыніжэнне?

Я хачу, каб гэтыя банкі, гэтыя людзі, якія купляюць па 10 машын, па 50 тэлефонаў, хай бы яны ахвяравалі на фонд падтрымкі маладых мастакоў, каб размяркоўвалі сродкі на тых, каму яны сапраўды патрэбныя. Так было б справядліва і сумленна. Каб нейкую стыпендыю маладым мастакам давалі, хаця б 100 рублёў на хлеб і ваду… Я хачу, каб нехта выдаў каталог прац майго сына. Гэта будзе ўнёсак у развіццё не толькі беларускага – а ўвогуле мастацтва.

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.