«На мяне паказвалі пальцам і абзываліся: «Крываножка!» Наталля з Лепеля адна выхоўвае траіх дзяцей і ўзначальвае раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў
З 2020-га года Наталля Аніскіна ўзначальвае Лепельскую раёную арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў. За два гады жанчына павялічыла актыўнасць і колькасць членаў арганізацыі. Як ёй, маці траіх дзяцей, удаецца сумяшчаць клопаты аб сям’і і пасаду старшыні арганізацыі, – чытайце ў штотыднёвіку “Вместе!”.
«Хацелася свабоды”
Нарадзілася Наталля Аніскіна ў 1984 годзе ў невялікай вёсцы Лепельскага раёна. З нараджэння дзяўчыне паставілі дыягназ – ДЦП. Вясковае жыццё прымушала Наталлю з дзяцінства шмат працаваць і не шкадаваць сябе.
– Я скончыла 11 класаў, а праз год выйшла замуж, – узгадвае Наталля. – Не магу сказаць, што гэты шлюб быў па вялікаму каханню. Калі я была ў старэйшых класах, у мяне памёр бацька. Мы засталіся з маці ўдваіх, яна моцна сумавала па тату. Было цяжка. А я ж маладая была, мне хацелася свабоды. Калі да нас у вёску прыехаў мой будучы абраннік, я шмат часу не разважала – паехала з ім у Лепель.
Муж Наталлі нарадзіўся ва Узбекістане, таму прытрымліваўся сямейных традыцый: строга ставіўся да жонкі і дзяцей. Для яе гэта быў цяжкі перыяд. Разам з мужам яны пражылі 13 гадоў, а пасля разводу ён памёр.
– Мне здавалася, што я нікому не патрэбная з-за таго, што інвалід, – прызнаецца Наталля. – Я думала, што мой муж – гэта назаўсёды. І нягледзячы на тое, што як партнёры мы не сышліся, у нас з’явілася на свет трое дзяцей. За гэта я ўдзячна мужу.
“Ім рана прыйшлося стаць самастойнымі”
Старэйшай дачцэ, Крысціне, – 14 гадоў, сярэдняму сыну, Кірылу, – 12 і малодшаму, Максіму, – 10. Сама Наталля ўпэўнена, што без дзяцей яна б не здолела пражыць, бо яны для яе не толькі маральная, але і фізічная падтрымка.
– Вядома, характар маю такі, што мяне не спыніць – “бегаю” хутчэй за здаровых, – усміхаецца жанчына. – Але кульгаю моцна, таму часта атрымліваю траўмы. Калі мне часам не ўдаецца завязаць шнуркі на чаравіках, на дапамогу заўсёды прыходзяць дзеці. Ім давялося стаць самастойнымі вельмі рана, бо я не ўсё магу зрабіць па хатняй гаспадарцы. Але імкнемся адносіцца да такіх момантаў з пазітывам. Заўсёды ім кажу, што вучыцца трэба на памылках. Калі прыгарэлі макароны, будзем есці такія – нічога страшнага! У наступны раз атрымаецца лепш.
Адносіны ў сям’і цёплые, гэта адразу адчуваецца, калі заходзіш у кватэру Наталлі. “Невялікая, але ўласная, таму нам тут добра ўчацвярох”, – заўважае суразмоўца. Як толькі маці адчыняе дзверы ў кватэру, дзеці адразу бягуць да яе і радасна абступаюць.
– Вось яны, мае любімыя, – шчыра абдымае дзетак Наталля. – Яны ў мяне такія разумныя! Крысціна наведвае музыкальную школу, грае на фартэпіяна. Максім – дзюдаіст. Пару дзён назад перамог ў спартакіядзе, таму атрымаў пуцёўку ў рэспубліканскі лагер “Зубронак” і зараз знаходзіцца там. Кірыл – малюе і робіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. У мінулым годзе на занятках у мастацкай школе зрабіў герб Беларусі з гліны, які зараз знаходзіцца ў Наталлі Качанавай – старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Да нас на Новы год прязджаў Юрый Дзяркач, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, ён і перадаў выраб. А Наталля Іванаўна за гэта пераслала майму сыну падзяку і падарункі.
“Я буду змагацца да апошняга”
Прафесію Наталля так і не атрымала, бо сышла ў дэкрэт. У офісе Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў аказалася выпадкова – прыйшла да былога старшыні, каб атрымаць гуманітарную дапамогу.
– Уладзімір Якаўлевіч Кніга, які раней узначальваў арганізацыю, адразу мяне заўважыў, – успамінае суразмоўца. – Прыйшла за “гуманітаркай”, а выйшла з прапановай працаваць сакратаром старшыні праўлення. Была вельмі шчаслівая, бо сядзець дома ўжо не магла. Так і шчыравала на гэтым месцы да 2020-га года.
Тры гады таму, пасля смерці Уладзіміра Якаўлевіча Кнігі, Наталлю Аніскіну, адну з самых маладых членаў арганізацыі, абралі старшынёй праўлення. А нядаўна, 17 лютага бягучага года, на справаздачна-выбарчай канферэнцыі ёй ізноў даверылі ўзначальваць раённую арганізацыю інвалідаў.
– Для меня гэта – вялікі гонар і такая ж вялікая адказнасць, – кажа Наталля. – Зараз няма шляху назад. Часам мне становіцца сумна, што менш часу магу ўдзяліць дзецям… Але я павінна апраўдаць тых, хто даверыў мне гэтую пасаду. І прыкладу ўсе намаганні, зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб у нашу арганізацыю з задавальненнем прыходзілі людзі.
“Офіс арганізацыі – у кабінеце святара”
Сама Наталля кажа пра сябе, што яна вельмі справядлівая, і лічыць, што ўсюды належыць працаваць сумленна. Людзі чуюць гэта і цягнуцца да маладой старшыні. Гэта бачна па статыстыцы. У 2020-м годзе ў склад Лепельскай арганізаціі БелТІ уваходзіла 218 чалавек, зараз – 268.
– Мы імкнемся дапамагчы ўсім, чым можам. Зараз супрацоўнічаем з дабрачыннай арганізацыяй “Caritas”, – тлумачыць Наталля.
Офіс Лепельскай РА БелТІ зараз знаходзіцца на тэрыторыі касцёла святога Казіміра. Гэтае “наваселле” адбылося нядаўна, але мясцовыя жыхары ўжо добра ведаюць, дзе шукаць арганізацыю.
– Раней мы былі ў будынку гарадскога адзела сацыяльнага забяспечыння насельніцтва, але арэнда аказалася нам не па кішэні, – тлумачыць суразмоўца. – І якое было шчасце, калі наш ксёндз прапанаваў прымаць людзей у яго кабінеце. Бясплатна! Гэта проста дзіва, які ён добры чалавек. Сюды мы прыходзім два разы на тыдзень, каб прымаць членскія ўзносы і аддаваць гуманітарную дапамогу. Кабінет вельмі ўтульны, светлы і прасторны, таму ўсім тут падабаецца.
Акрамя таго, што ксёндз выдзяліў месца для арганізацыі, ён яшчэ па магчымасці прымае ўдзел у працы Лепельскай РА. Напрыклад, некалькі месяцаў таму Наталля звярнулася да яго з просьбай: патрэбны артапедычны ложак з супрацьпролежневым матрацам.
– Сын нашай супрацоўніцы 6 гадоў назад няўдала нырнуў і зламаў шыю, таму ўвесь час ён “прыкаваны” да ложка, – цяжка ўздыхае Наталля. – Калі я распавяла гэтую гісторыю нашаму ксяндзу, літаральна за суткі ён знайшоў тых, хто змог набыць і прывезці ложак хлопцу.
“Няма грошай – не бяда, як сяброў грамада”
– Зараз я шукаю сяброў, з кім мы будзем супрацоўнічаць, – заўважае Наталля. – Адным з першых, да каго я наведалася, быў Эдуард Авецісян, старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі БелТІ. Зараз ён не толькі мой калега, але і сябар, да якога магу звярнуцца за парадай. Таксама не адмаўляюць у дапамозе і старшыні іншых арганізацый. Мясцовая ўлада таксама часта ідзе насустрач.
Выпадкаў, калі падстаўлялі плячо сябры, у Наталлі шмат. І яна ніколі не забываецца пра гэта, заўжды намагаецца адказаць на дабро добром.
– Няма безнадзейных сітуацый, – упэўнена Наталля Аніскіна. – У мяне было шмат цяжкіх перыядаў у жыцці. Памятаю, як на мяне паказвалі пальцам і абзываліся: “Крываножка!”. Спачатку было крыўдна, але зараз навучылася даказваць сабе і астатнім, што я моцная і цікавая, як асоба. І цяпер мне прыемна чуць у свой адрас: “Наша старшыня працуе душой, яна хварэе за нашу арганізацыю”.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.