На крылах паэзіі

Поддержи

Каго толькі не закрануў сваім шырока расхінутым крылом, сваёй творчай узнёсласцю бягучы Год кнігі! У які толькі куточак нашай Радзімы ён не завітаў з песнямі, паэзіяй, музыкай! Якія толькі ўстановы культуры, літаратуры, асветы, выдавецтвы, грамадскія арганізацыі ён не актывізаваў праз творчыя сустрэчы, конкурсы, прэзентацыі, выставы кніг!

Не засталося ўбаку ад літаратурнага жыцця і Брэсцкае абласное ГА “БелТІЗ”. А як жа інакш, калі ў гэтым аб’яднанні ад старшыні праўлення да радавога члена ў аддаленым куточку вобласці – усе актыўныя чытачы спецбібліятэкі і здатныя творцы слова. Таму і стартаваў яшчэ летам на афіцыйным сайце абласнога праўлення ГА “БелТІЗ” інтэрактыўны літаратурны конкурс “Душы цудоўныя парывы”. А ўжо напрыканцы кастрычніка ў рамках месячніка “Чалавек з белай палачкай” у актавай зале праўлення “БелТІЗ” з актыўнай падтрымкай работнікаў спецбібліятэкі-філіяла №12 адбылося літаратурна-музычнае мерапрыемства, якое вылілася для прысутных у сапраўднае ўрачыстае свята, прысвечанае ўшанаванню як пераможцаў конкурсу, так і ўсіх яго ўдзельнікаў – паэтаў і празаікаў, якія з’ехаліся ў Брэст з розных куточкаў вобласці.

Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, старшыня праўлення ГА “БелТІЗ” Ірына Леанідаўна Юрэня між іншым сказала: “Абласны інтэрактыўны конкурс аб’яўляўся з мэтай – выяўлення таленавітых паэтаў і празаікаў сярод інвалідаў па зроку, сфарміравання ў іх інтарэсу да творчага самавыяўлення праз сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі і з мэтай цеснага згуртавання членаў ГА “Бел ТІЗ”. Вынікі конкурсу пераўзышлі ўсе нашы чаканні. Бо ўдзельнікаў набралася ажно 20 чалавек, у тым ліку тры празаікі і семнаццаць паэтаў. У інтэрактыўным сеціве прынялі ўдзел у галасаванні больш за 80 чытачоў. А гэта значыць, што нас чытаюць, што намі цікавяцца, што сучаснымі тэхналогіямі карыстаюцца, валодаюць імі…”

З цёплым прывітаннем да прысутных звярнулася і старшыня журы – паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Надзея Парчук. У яе прамове былі і такія словы: “Дарагія творцы! Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага літаратурнага мерапрыемства! Ад імя журы і сябе асабіста шчыра віншую вас з паспяховым завяршэннем інтэрактыўнага конкурсу!.. Сёння ваш дзень, дарагія сябры, ваша свята! І таму ўсе мы – арганізатары гэтай сустрэчы – як умеем і на колькі дазваляюць нам нашыя магчымасці, будзем шчыра ўшаноўваць вас за ваш літаратурны талент, за цягу да духоўнасці, за любоў да жыцця і да ўсяго прыгожага…”

Слова бралі і самі ўдзельнікі конкурсу. З вуснаў паэтаў лілося шмат кранальнай лірычнай, філасафічнай, духоўнай паэзіі. Уражвалі сваімі шчырымі прамовамі пра гуманнасць і чалавечнасць празаікі Анатоль Авакумаў, Яўген Макарэвіч, Сяргей Цыплюк. Шмат паэтычных строф, афарызмаў, цытат і вершаў рускіх і беларускіх класікаў зачытвалася вядучай праграмы – бібліятэкарам Віялетай Кудзелька. Многа цеплыні, прызнання і ўдзячнасці прагучала ў палымяным выступленні члена журы – загадчыцы спецбібліятэкі №12 Людмілы Валюшка. Хвалюючыя словы з яе душы ліліся самі сабой. І гэта не дзіва: усе канкурсанты – даўнія чытачы бібліятэкі і яе сябры.

Кульмінацыяй свята стала ўрачыстае аб’яўленне старшынёй праўлення ГА “БелТІЗ” І.Л. Юрэняй пераможцаў конкурсу і ўручэнне ім дыпломаў. “Па рашэнню кампетэнтнага журы, – звярнулася да прысутных Ірына Леанідаўна, – пераможцамі конкурсу сталі добра вядомыя ў літаратурным асяродку Берасцейшчыны – паэт Андрэй Божуль і празаік Сяргей Цыплюк. Трэцяга пераможцу ў намінацыі “Паэзія” вылучылі чытачы з дапамогай інтэрактыўнага галасавання. Больш за 34% галасоў аддадзена за паэта Аляксандра Панова… Ад усёй душы горача віншую вас, дарагія нашы таленты, дарагія пераможцы! Жывіце, тварыце, захапляйцеся і радуйце свет сваімі ітворамі!”

“Лічу вартым зазначыць, што, акрамя агучаных ужо прозвішчаў пераможцаў, таленавітых майстроў слова сярод вас шмат, – горача і ўрачыста дадала старшыня журы. – Я нават пры першым прачытванні вашых твораў разгубілася: хто ж лепшы творца, каму аддаць перавагу? Усе ж творы ў абедзвюх намінацыях – шчырыя, да болю кранальныя, па-мастацку напісаны. Прыйшлося кожны твор перачытваць па некалькі разоў, каб улічыць усе яго вартасці, унікнуць у сэнс, разгадаць задуму аўтара, ацаніць яго душэўную прыгажосць і глыбіню роздуму.

Але затое зараз, пасля напружанай, карпатлівай работы, можна смела канстатаваць, што да лепшых паэтаў адносяцца Валерый Гедзько, Яўген Макарэвіч, Дзяніс Голубеў, Алена Богдан, Віктар Галабокаў, Валянціна Бакун, Павел Лукашэвіч, Ірына Салянкова, Андрэй Гурбановіч, празаік Анатоль Авакумаў і шмат іншых творцаў. Ім можна рыхтавацца ўжо да выпуску зборнікаў, калі хто з іх яшчэ не выдаў сваёй кніжкі…”

Пад бадзёрую мелодыю гармоніка дыпломы былі ўручаны ўсім удзельнікам конкурсу – за актыўны ўдзел у развіцці нашай літаратуры і культуры, а пераможцам яшчэ і цэнныя падарункі. У гонар дыпламантаў гучалі песні ў выкананні калектыву мастацкай самадзейнасці гарадской арганізацыі “БелТІЗ” і студэнтак Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы.

Надзея ЛАДАРАЖАНКА
Фота Андрэя Гусакова

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.