Мысли на бумаге
ПРЫЁМКА
Спыніцеся, азірніцеся!
Жыццё імкліва бяжыць. І чалавек бяжыць, не азіраючыся, не адчуваючы, што вінцікі яго механізма-цела расхісталіся. Трэба прыпыніцца, а чалавек працягвае бегчы, аж пакуль не ўпадзе.
…Вера вярталася дахаты пасля лячэння ў анкалагічным дыспансеры. У акно машыны разглядвала вячэрні горад. Вось мінула плошчу Перамогі… Навучыліся ўпрыгожваць горад! Кветкі – жоўтыя, чырвоныя, сінія – прыгожа глядзяцца побач з нізкім кустарнікам.
Дома Веру, акрамя коткі Мані, ніхто не чакаў. Суседзі глядзелі Маню, пакуль Вера праходзіла лячэнне. Так атрымалася ў жыцці жанчыны, што шчасце абышло яе бокам. Юнацтва праляцела, а цяпер яна маладая пенсіянерка. Што ёй засталося? Гуляць на свежым паветры, чытаць ды бавіць час з коткай… Недзе блізенька ўжо ходзіць і старасць. А можа, і чорная пачвара смерць…
У Веры дактары выявілі рак грудзей. І як яна раней не заўважыла маленькага вузельчыка? Усё бегла, спяшалася… Тры разы брала шлюб, і ўсе тры разы па вялікім каханні. Але не склалася. То свякроўка лезла ў сямейнае жыццё, то маладзіца пераходзіла дарогу, а то і заўчасная смерць адбірала ў яе мужа.
Працавала Вера настаўніцай, потым стала завучам школы, а там і дырэктарам. Яна заўсёды паказвала сваім знешнім выглядам калегам і вучням, што настаўнік – гэта ўзор, на які павінны раўняцца ўсе. Так і бегла, не азіраючыся, не спыняючыся.
А цяпер – прыпынак. І нікога побач, толькі котка. Маня добра ведае, дзе баліць гаспадыні. Вечарам стараецца легчы на тое месца і сагрэць.
Вера вельмі любіла жыццё… І аднойчы з’явіўся ён – малады, прыгожы. Ён вярнуў жанчыну да жыцця, удыхнуў у яе шчасце, і закруцілася кола кахання.
Надыйшоў час праходзіць абследаванне, хвароба ёсць хвароба… Доктарка, убачыўшы вынікі аналізаў, паглядзела на Веру са здзіўленнем:
– У вас добрыя вынікі.
«Дзякуй табе, дарагі мой чалавек, што ты падараваў мне столькі любові, прымусіў паверыць, што ўсё будзе добра! Я буду жыць! Кожны дзень, які нам дае жыццё – вялікае шчасце».
А жыццё бяжыць, бурліць…
Спыніцеся, азірніцеся!..
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.