Мы маем міфы… і Балотніка

Поддержи

Цяжка даводзіцца міфічным істотам у ХХІ стагоддзі. Яшчэ растыражаваныя ў літаратуры ды кіно эльфы, гномы і драконы неяк перабіваюцца, а як быць менш вядомым стварэнням – да прыкладу, тым, што жывуць на беларускіх абшарах? У іх не тое што не вераць – пра іх нават і не ведаюць. Але бываюць выключэнні.

Не так даўно гаспадара беларускіх балотаў ды багнаў – Балотніка, у існаванне якога нашыя старажытныя продкі цвёрда верылі, гасцінна прыняў на сталае месца жыхарства Бярэзінскі біясферны запаведнік. І не проста прыняў, а стварыў усе ўмовы для жыцця: неўзабаве на запаведных землях з’явіцца Цэнтр міфалагічнага турызму, што ўключае экасцяжыну «У краі міфаў» і Музей міфічных істотаў. Гэта адбудзецца дзякуючы здзяйсненню ініцыятывы «Экатурызм у Бярэзінскім: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, «зялёная» свядомасць», якую разам з запаведнікам рэалізуе Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Сама ж згаданая ініцыятыва з’яўляецца часткай праекта «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі». Яго фінансуе Еўрапейскі Саюз, а здзяйсняе Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў разам з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Пра стварэнне і хуткае адкрыццё Цэнтра можна было даведацца пад час ХХ міжнароднага кірмашу «Отдых-2017».

общественная организация Отдых в деревне, Центр мифологического туризма, Музей мифических существ, Валерия Клицунова, Березинский биосферный заповедник, зеленая экономика, экотуризм и экомышление
Пра дарагі сэрцу Бярэзінскі запаведнік расказвае Балотнік.

Здаецца, пра незвычайную прыгажосць беларускай прыроды начутыя далёка за межамі нашай краіны. А што, калі распавесці аб ёй праз нашыя старадаўнія міфы ды міфічных істотаў? Менавіта гэтая ідэя і стала штуршком да стварэння незвычайнага музея і экасцяжыны. Матэрыял, дарэчы, больш чым багаты. Продкі беларусаў шчыра верылі, што кожны біятоп (невялікі ўчастак тэрыторыі з аднароднымі ўмовамі асяроддзя) мае свайго ахоўніка: у азёрах і рэках гаспадарыць вадзянік, лясныя багацці зберагаў лесавік…

Цікавай будзе і структура музея – паводле задумы стваральнікаў, яна таксама дапаможа больш даведацца пра светапогляд нашых продкаў. Пра гэта расказала кіраўнік БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова:

– Канцэпцыя музея грунтуецца на Сусветным дрэве. У розных народаў ёсць гэты архетып, што ляжыць у аснове светаўспрыняцця. Складаецца ён са свету людзей, нябёсаў і ніжняга свету. У славянскай міфалогіі ніжні свет уяўляўся пеклам, але паводле ўяўленняў беларусаў гэта не пекла, а сама маці-зямля. Свет людзей – тое, што існуе цяпер. Уяўленне беларусаў пра нябёсы таксама адрозніваецца ад гэтага паняцця ў многіх іншых народаў. У нас нябёсы – гэта вырай, куды ляцяць птушкі. Тэма міфалогіі вельмі тонкая, – падкрэсліла Валерыя Кліцунова, – таму мы імкнуліся падабраць кансультантаў высокага ўзроўню, каб зрабіць усё максімальна дакладна. А вобразы міфічных істотаў створаныя не візуальна, а перадаюцца з дапамогаю гукаў, тэатральных і светлавых інсталяцыяў. Кожны зможа набрацца ўражанняў ад наведвання музея, атрымае цікавы і запамінальны досвед.

Прынцып Сусветнага дрэва пакладзены і ў структуру музея. Тры яго пакоі – гэта адпаведна тры раздзелы. Кожны аформлены сімваламі, што адпавядаюць пэўнаму свету і традыцыйным народным святам. Да прыкладу, у пакоі – «свеце людзей» можна будзе даведацца пра традыцыі ды мастацтва нашых продкаў. З падземным светам беларусы звязвалі Вужынага караля, які там панаваў, а штовосень пад зямлю сыходзілі ўсе змеі. Дарэчы, чарцей у гэтай частцы музея не будзе: падземны свет – гэта найперш свет продкаў. Ну а нябёсы – месца святла, аблокаў і птушак, якія на зіму адлятаюць у вырай.

Не менш цікавай будзе і вандроўка па экасцяжыне – наведнікаў чакае знаёмства з героямі беларускай міфалогіі. Не абмінуць вандроўнікі і дом згаданага ўжо Балотніка, які, аказваецца, цікавіцца астраноміяй. Там можна будзе даведацца, якія паданні склалі беларусы пра нябесныя свяцілы. Асабліва ж запамінаецца праходжанне па сцяжыне ўначы – уражанні незабыўныя! Такім досведам падзяліўся прадстаўнік ПРААН у Беларусі Павел Сачак.

Варта адзначыць, што Цэнтр міфалагічнага турызму дапаможа не толькі развіць цікавасць да Беларусі. Плануецца, што пасля яго наведвання людзі пачнуць больш беражліва ставіцца да прыроды, усяго навакольнага асяроддзя.

А пад канец сустрэчы можна было нібыта адным вочкам зазірнуць у запаведныя нетры, пра якія раней распавядалі выступоўцы. Супрацоўнікі запаведніка прывезлі з сабою на імпрэзу таго самага Балотніка, які дзеля такога выпадку выехаў з дарагой яго сэрцу багны. Падарожжа ў сталіцу, відавочна, стала для яго, прывычнага да лесу, цяжкім выпрабаваннем – госць здзіўляўся шумнаму гораду і запрашаў да сябе ў запаведнік, да цішыні. Расказаў, што вёў неяк па лесе аднаго арабскага прынца – той шчакою да ядлоўцавага куста прыхінаецца, ва ўсе вочы навокал глядзіць, захапляецца: «Якія багацці маеце!».

Так што нават замежнікі рай на зямлі знаходзяць у Беларусі. Можа, і нам варта па баках глянуць?

Дзейнасць Цэнтра міфалагічнага турызму яго стваральнікі акрэслілі словамі «Мы маем міфы». Пераканацца ў гэтым можна будзе ўжо хутка – Цэнтр распачне працу напрыканцы чэрвеня, і кожны ахвочы зможа трапіць у старадаўнія беларускія міфы.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота Уладзіміра ПУЧЫНСКАГА

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.