«Мы бясконца любім сына такім, які ён ёсць». Гісторыя сям’і са Жлобіна, у якой нарадзіўся асаблівы хлопчык
Юлія Мішчанка, жыхарка Жлобіна, 10 гадоў таму чакала сваё першае дзіця. Цяжарнасць праходзіла без ускладненняў, а сама будучая матуля выконвала ўсе парады дактароў.
– Падчас схватак нешта пайшло не так, – распавядае Юлія. – Роды былі доўгімі і маруднымі. Дзіцё нарадзілася, але яно не дыхала. Да сённяшняга дня жудасна ўспамінаць той момант, калі я не пачула першы крык немаўляці. Майго хлопчыка ад мяне адразу забралі і падключылі да апарата штучнага дыхання лёгкіх. З гэтага моманту пачалася і наша барацьба за яго жыццё.
“Жыла ілюзіяй”
Зараз Цімуру 10 гадоў. Дыягназ – ДЦП, 4 ступень страты здароўя. Хлопчыку патрэбен пастаянны догляд з боку дарослых.
– Дзесьці 3-4 гады пасля нараджэння сына я жыла ілюзіяй, што рэабілітацыя, нібы па чароўнай палачцы, усё зменіць у адзін момант, – працягвае суразмоўца. – Я заўсёды была напружаная, мне здавалася, што павінна рабіць больш і больш. Але зараз я разумею, што зрабіла ўсё, што было ў маіх сілах. Цяпер я не жыву надзеяй, што маё дзіця рэзка стане здаровым. Зараз мне важна, каб яму не стала горш.
Сям’я пастаянна займаецца з сынам, возіць хлопчыка на рэабілітацыю ў спецыялізаваныя цэнтры па Беларусі і іншых краінах. Найлепшых вынікаў удалося дасягнуць у рэабілітацыйным цэнтры ў Пензе (Расія).
– Вельмі хочацца працягваць курс рэабілітацыі ў Пензе, але для нас гэта вельмі дорага, – кажа Юлія. – У нас ёсць спецыяльны рахунак, куды людзі адпраўляюць грошы на лячэнне сына, за гэта я вельмі ім удзячна. Зараз Цімур можа самастойна сядзець у калясцы ці на ложку. З падтрымкай дарослых робіць крокі. Пакуль не размаўляе, але ўсё разумее, а мы, у сваю чаргу, стараемся разумець яго.
“Гэта наша адказнасць”
Кожны дзень за Цімурам прыязджае спецыялізаваны аўтобус, які адвозіць хлопца ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ён наведвае 3 клас.
– У першай палове дня з Цімурам выкладчыкі займаюцца па праграме, адаптаванай пад асаблівасці яго дыягназа, – працягвае Юлія. – У другой палове – ціхі час і прагулка. Сыну вельмі падабаецца займацца з лагапедамі і іншымі педагогамі. Для яго гэта зараз больш забава, чым навучанне, але я бачу, як ён расце ў інтэлектуальным плане. Але час ідзе, і я пачынаю хвалявацца аб тым, як Цімур будзе наведваць цэнтр далей, бо ён расце і ўжо важыць больш за 30 кілаграмаў. Каб з ім займацца, патрэбны мужчынскія рукі, а такіх спецыялістаў у нас у горадзе няма – толькі жанчыны.
У большасці выпадкаў, як прызнаецца Юлія, яны разам з мужам абыходзяцца сваімі сіламі. Да сацыяльных работнікаў пакуль не звярталіся, а ў крайнім выпадку ёсць магчымасць пакінуць Цімура з бабулямі ды дзядулямі.
– Калі мы пачулі дыягназ, то зразумелі, што ў любым выпадку гэта наша дзіцё і наша адказнасць, – кажа суразмоўца. – Мне пашанцавала, бо побач са мной заўсёды мой муж. Усюды, дзе мы бываем, возім з сабой і Цімура. Іншы раз ловім на сабе непрыязныя погляды, але ўжо прывыклі да гэтага. Я разумею, што мне з гэтым жыць, таму не звяртаю ўвагі.
“Нельга зацыклівацца на праблемах, трэба жыць далей”
Так вырашыла для сябе Юлія, калі зацяжарыла ў другі раз. Чатыры гады таму ў сям’і Мішчанкаў нарадзілася дзяўчынка.
– Нараджэнне другога дзіцяці ўпрыгожыла наша жыццё, – усміхаецца яна. – Мы з мужам хваляваліся, ці будзе ўсё добра на гэты раз. Але час ад цяжарнасці да нараджэння дзіцяці прайшоў хутка, не было часу думаць пра нешта дрэннае, бо асаблівая ўвага патрэбна была Цімуру. У нас нарадзілася здаровая дзяўчынка. Зараз гэта наша памочніца. Нягледзячы на маленькі ўзрост, яна ўжо клапоціцца пра свайго старэйшага брата.
Па адукацыі Юлія – педагог-псіхолаг, скончыда каледж у Рагачове. Па спецыяльнасці працавала падчас завочнага навучання ў БДПУ у Мінску. На другім курсе нарадзіўся Цімур, таму ў Юліі пачалося новае жыццё. З дапамогай мужа і бацькоў жанчына ўсё ж скончыла вучобу. Але душа заўсёды цягнулася да іншага.
– Я заўсёды любіла фотаграфаваць жывыя моманты, а не рабіць пастановачныя кадры, – дзеліцца суразмоўца. – Пасля нараджэння Цімура я зразумела дакладна: хачу рабіць здымкі сем’яў, таму зараз я – сямейны фатограф. Пакуль працую толькі з сябрамі і знаёмымі, але ў будучыні планую зрабіць гэта сваёй працай. У мінулым годзе скончыла фоташколу, дзе выніковай працай была фотагісторыя самай блізкай і любімай сям’і – маёй. Зараз я мару толькі аб адным: каб у Цімура наладзілася камунікацыя. Каб мы разумелі яго, каб ён стаў самастойным. Але, вядома, мы бясконца любім яго такім, які ён ёсць, – падводзіць вынік Юлія.
ГРУПЫ ДАПАМОГІ ЦІМУРА:
- vk.com/tima_topaet
- ok.ru/timatopaet
- @timurmishchenko
- #тимурмищенко
Дарыя Галоўчыц
Фота Юліі Мішчанка
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.