Музыка можа даваць надзею: спявачка Аліна Чыжык арганізоўвае дабрачынныя канцэрты і верыць у сілу музыкі
Наша гераіня не толькі піша хіты і выступае на вялікай сцэне. Яна актыўна наведвае з канцэртамі дамы-інтэрнаты, хоспісы і прытулкі. Робіць жыццё іх насельнікаў ярчэйшым. У гэтым спявачцы дапамагаюць маленькія выхаванцы ўласнай вакальнай студыі. З імі і сумесна з цэнтрам дапамогі “Жыццё” ўдзельнічала ў дабрачынным кірмашы для анкахворых, свяце “Душэўны Базар” у падтрымку невылечных анкапацыентаў хоспісаў, падапечных Цэнтра Дапамогі Жыцця.
Артыстка ўпэўнена: дзякуючы музыцы людзі напаўняюцца святлом. І хоць яе сцэнічны вобраз не ўступае сусветна вядомым поп-дзівам, сябе галівудскай зоркай не адчувае. Вакалістка дзякуе асаблівага гледача за шчырыя эмоцыі і безумоўную любоў да артыста. А яшчэ лічыць уразлівага чалавека самым удзячным сярод прыхільнікаў.
У гасцях газеты “Вместе!” – артыстка года Гродзеншчыны – 2022, фіналістка праекта Акадэмія талентаў на АНТ, лаўрэатка конкурсу маладых выканаўцаў “Маладзечна-2018”, заснавальніца вакальнай школы “Логас” і аўтарка хіта “Бацькава булка” Аліна Чыжык.
“Важна паказаць, што ўсе адзіныя”
Нядаўна Аліна са сваёй падапечнай арганізоўвала канцэрт ва ўласнай вакальнай школе “Логас”. Дапамагалі хворай дзяўчынцы. Тэрміновым зборам займалася сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр ПОРА”. Студыя ў выкладчыцы вакалу невялікая, але ўся была запоўненая. Па яе словах, сабралі тады даволі добра.
Артыстка заўсёды дапамагае асабіста. Актыўна размяшчае пасты на сваёй старонцы. Заклікае людзей далучацца. Мяркуе, што гэта датычыцца кожнага. Робіць усё з вялікім энтузіязмам. Не можа прайсці міма бездапаможных чатырохлапых сяброў. Спявачка ўдзельнічала ў дабрачыннай акцыі ў падтрымку бадзяжных жывёл “Дай лапу!” Супрацоўнічае з Гродзенскім грамадскім аб’яднаннем аховы жывёл “След жыцця”.
Сумесна з гарадскім радыё MFM і тэлеканалам “Гродна Плюс” быў арганізаваны Калядны канцэрт у Гродзенскім хоспісе для дарослых. Аліна выступала таксама. Заходзіла ў палаты да ляжачых людзей.
/
– Памятаю, працягнула руку мужчыну і ён заплакаў. І я пачала плакаць. Разумела, што гэтаму чалавеку на апошняй стадыі раку засталіся лічаныя дні, – дзеліцца суразмоўніца. – Хацелася падарыць яму свята. Для гэтага чалавека такі гонар, што артысты зайшлі да яго ў пакой. Аднак мы звычайныя людзі, а не зоркі, што сышлі з нябёсаў, – лічыць яна.
/
Для падняцця духу і настрою асаблівых людзей педагог па вакале са сваімі навучэнцамі часта ездзіць у школы і дамы-інтэрнаты. Творца ўпэўнена: музыка можа даць надзею, падарыць кавалачак святла.
– Для мяне важна паказаць, што ўсе адзіныя, – гаворыць Аліна. – Ніхто не ведае, што нас чакае. Сёння мы на п’едэстале, а што будзе заўтра – толькі Богу вядома.
Рэпертуар для асаблівай публікі выбіраецца адмысловы, у залежнасці ад свята, расказвае спявачка. Песні – аб міры, сям’і, сяброўстве. Тыя кампазіцыі, якія зойдуць абсалютна ўсім і будуць да месца ў любым выпадку.
Вакалістка расказвае, што пастаяльцы сацыяльных устаноў адносяцца да выступоўцаў як да галівудскіх зорак.
– Таму бывае крыху няёмка, бо мы, артысты, сябе такімі не лічым. Заўсёды выступаю з вялікім задавальненнем. У адказ людзі гатовыя ўсё апошняе табе аддаць, – гаворыць Аліна Чыжык.
“Чаплялася за любую магчымасць, каб развівацца”
Яе малая радзіма – вёска Мількаўшчына на Гродзеншчыне. Там нарадзілася пісьменніца Эліза Ажэшка. Там і карані Аліны. Вучылася ў базавай школе. Дзяўчына расказвае, што раней саромелася свайго паходжання.
– Калі падлеткам паехала ў санаторый, баялася прызнацца, адкуль я. Заўсёды казала, што з Гродна. А цяпер ганаруся, што з вёскі. Лічу: людзі, якія нарадзіліся ў вёсцы, умеюць добра працаваць і дасягаць сваіх мэт, – упэўнена суразмоўніца.
У дзяцінстве Аліна чаплялася за любую магчымасць, каб развівацца. Сваім выхаванцам кажа, што ў іх для гэтага ўсё ёсць.
– Музычныя школы пад бокам. Мяне бацькі вазілі ў суседні Скідзель. А гэта за 17 кіламетраў. Чакалі чатыры гадзіны, – дзеліцца спявачка.
Яна ганарыцца, што ўраджэнка Гродзенскага рэгіёна. Сама зямля ёй адказвае ўдзячнасцю. Мала таго, што Аліна стала артысткай года Гродзеншчыны ў 2022-м, яшчэ яе занеслі ў энцыклапедыю жанчын Гродзенскага раёна.
Калі азірнуцца назад, то можна ўбачыць, што творчы лёс спявачкі Чыжык быў прадвызначаны. У Аліны музычная сям’я. Цётка, бацькава родная сястра, вядомы беларускі кампазітар Аліна Безенсон. Тата граў на сінтэзатары, маці спявала ў фальклорным хоры. Былі гучныя святы са спевамі, танцамі. Таму музыка жыве ў генах.
– І вось на вяселлі маёй старэйшай сястры прыехала цётка і пачула, як спяваю “За чатыры моры”, – узгадвае дзяўчына.
Цётка параіла неадкладна аддаць Аліну ў музычную школу. Дзяўчынка была пераросткам. Аднак цётка настаяла, і дырэктар музычнай школы пайшла насустрач. Прыйшлося за год асвоіць тры класы праграмы. Вучаніца заўсёды чула пахвалу ад педагога, якая хацела развіваць па кірунку фартэпіяна. Але падлетак марыла аб сцэне.
Аліна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне. Быў вялікі конкурс – чатыры чалавекі на месца.
– Я мела мэтавае накіраванне, – расказвае спявачка. – Аднак вельмі перажывала, бо прыехаў яшчэ адзін мэтавік з Мастоўскага раёна. Выбралі мяне. Чатыры гады вучобы падарылі мне розныя праекты, тэлевізійныя здымкі…
Маладая артыстка стала сябе паўсюль актыўна праяўляць. Далей быў педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Крок за крокам дзяўчына пачала развівацца як артыстка.
“Бацькава булка” на перадачы ў Малахава
Аліна – аўтар-выканаўца. На верш Вольгі Багдановіч яна напісала музыку да вядомай песні, гімна хлебаробаў “Бацькава булка”.
– Нарадзілася песня хутка – за тры дні. Аніякіх ставак на яе не рабіла, – дзеліцца творца. – Пісала для аднайменнага фестываля ў Свіслачы. Але якім цудам твор пайшоў у народ – застаецца загадкай. Цяпер мяне ўсе пазнаюць па гэтай кампазіцыі. Паўсюль кажу, што з’яўляюся голасам гэтага фестывалю. Ён ужо стаў брэндам, і песня таксама.
Аліна Чыжык ездзіла з ёй на тэлешоу “Прывітанне, Андрэй!” да Малахава. Прадстаўляла нашу краіну.
– Тэма праграмы была “Сяброўства народаў”. Госці – з розных краін. Кожны са сваімі песнямі і падарункамі, – расказвае артыстка. – Прыём быў на вышэйшым узроўні. Расіяне вельмі любяць нашу краіну. Гэта ўзаемна, мы ж братнія народы. Яны любяць нашага Прэзідэнта. Беларусь у іх асацыюецца з добрымі, хлебасольнымі людзьмі. У студыі было цёпла і душэўна. Малахаў падаўся шчырым, добрым і сапраўдным. Здымкі прайшлі на адным дыханні. Па меркаванні рэдактараў, гэта была лепшая праграма за сезон, – з усмешкай успамінае спявачка.
Пасля выхаду перадачы ў эфір Аліне пазванілі з Расіі з запрашэннем паўдзельнічаць у канцэрце да Дня народнага адзінства. На наступны дзень у TikTok артыстка ўбачыла пад 500 тысяч праглядаў і толькі станоўчыя водгукі. Фаловеры пакінулі толькі пазітыўныя каментары.
“Для людзей з абмежаванасцямі – гэта асаблівае свята”
Песні Аліны Чыжык многія маглі чуць па радыё, але не здагадваюцца, што гэта яна. Гэта і “Mi Amor”, “Чай сунічны”, “Лавілі лета”,
“З-за яго”, “Беларускі Новы год”, “Туды, дзе мама чакае”, “Лістапад развітальны”, “Прастуда”. Сінглы можна паслухаць на ўсіх лічбавых пляцоўках. На дадзены момант ёсць восем рэлізаў. Кліпы глядзіце на YouTube. Актыўна яна выступае на каналах Ru.tv, АНТ, БТ, Europa Plus TV Belarus, TNT-International (Беларусь). Цяпер Аліна рыхтуецца да вясны, чакае, пакуль зазелянее горад. Спявачка прадставіць песню, якую прысвяціла Гродна. Плануе зняць кліп.
Аліна лічыць, што яна не мае права расслабляцца: быць артыстам нялёгка.
– Мае падапечныя ў вакальнай школе-студыі кажуць, што хочуць быць падобнымі да мяне. Таму не маю права падвесці нікога, – гаворыць суразмоўніца. – І доля адказнасці лётае вакол, як хмара. Трэба трымаць марку, – усміхаецца яна.
Спявачка мяркуе: музыка – тое, што павінна выхоўваць. На музыцы людзі растуць, напаўняюцца святлом – дакладна ведае вакалістка. Таму ўсе свае песні, нават папсовыя, яна піша з сэнсам.
– Стараюся, каб была прыгожая мелодыя, – тлумачыць Аліна. – У трэндзе быць – добра. Аднак у той жа час для мяне важна, каб тое, што спяваю, падабалася слухачам. Я больш канцэртны артыст, чым радыйны, бо люблю камунікаваць з гледачом на сцэне, – прызнаецца артыстка.
Аліна заўважыла, што ў маленькіх вёсачках і гарадках канцэртнікаў сустракаюць вельмі шчыра. А ўразлівы чалавек – самы ўдзячны глядач. Ёй запомнілася выступленне ў Мураванскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для пажылых і інвалідаў, што на Гродзеншчыне, недалёка ад Верцялішак.
– Памятаю, як крычалі “на біс”, і я спявала яшчэ і яшчэ, – узгадвае творца. – Асаблівыя гледачы не адпускалі. І вось частка залы пабегла да выхаду. Мае прыхільнікі нарвалі з клумбы аксамітак (смяецца). Проста, каб аддзячыць. Такія моманты вельмі шчымлівыя. Для людзей з абмежаванасцямі і пажылых гэта асаблівае свята, – упэўнена аўтар “Бацькавай булкі”.
Пажаданні ад спявачкі
– Жадаю, каб у чытачоў газеты “Вместе!” заўсёды гарэла святло надзеі, веры, любові. Каб вясна прынесла шмат красак, прыгажосці, кахання! І нягледзячы на свае асаблівасці, адчувалі сябе шчаслівымі, патрэбнымі, любімымі. Каб кахалі і аддавалі сваю любоў гэтаму свету!
Надзея Зуева
Фота з уласнага архіва спявачкі
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.