Мужчынскі погляд на жаночае шчасце

Поддержи

Аднойчы на залатым вяселлі прысутныя папрасілі жаніха расказаць сваё бачанне жаночага шчасця. Усе пачулі такую гісторыю:

Хто здольны намаляваць шчасце, ды яшчэ жаночае? Немагчымая гэта справа, бо шчасце такое няўлоўнае. Часам толькі працягнуў рукі, каб хапнуць яго, – ды міма. А бывае і наадварот, як расказваюць людзі, ці нават у песнях спяваюць: пойдзе дзяўчына па ваду, а зловіць казака.

«Так, ці не так», – разважала жанчына пасля тэлефоннай размовы з малодшай дачкой, якая знайшла сваё шчасце ў далёкай Германіі. Дачушка тэлефанавала, што збіраецца прыехаць з мужам і сынам да бацькоў. Калі яшчэ будзе падстава сабрацца ўсім у бацькавай хаце?

Жанчына вязала зяцю-немцу цёплыя шкарпэткі, і ўспаміны пра жыццё цягнуліся нібы ніткі, часам скручаныя ў вузел, часам роўнаю сцежкай. Вось-вось споўніцца пяцьдзясят гадоў, як выйшла замуж – на дзіва вяскоўцам і настаўнікам школы – за хлопца, якога ў вёсцы не чулі-не бачылі, а чакалі вяселля з маладым настаўнікам, які так заляцаўся да яе. Двойчы з нічым адпраўляла яна сватоў – нават маці стала гаварыць, ці не прагадае дачка. А ўсё ж нешта невядомае стрымлівала ад рашучага кроку, асабліва пасля таго, як прыходзіла пісьмо з далёкай Поўначы, на зваротным адрасе якога значыўся нумар паштовай скрынкі: пісьмо было з лагера ад незнаёмага хлопца.

Гэта быў пачатак пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, нават тысячагоддзя, калі яна і яшчэ некалькі такіх вясковых дзяўчат вучылія ў Слуцкім педвучылішчы і жылі ў бараку ў канцы Камсамольскай вуліцы. Сёння смешна ўспамінаць, якія былі неразумныя. Але тады кружыліся і спявалі¸ што будуць «любіць і дружыць мацней, чым Рамэо з Джульетай».


Пасля заняткаў кожная з Джульет па чарзе павінна была здабываць бохан хлеба, бо купіць, як сёння, яго было немагчыма. У той дзень чарга была яе. На вуліцы Леніна сустрэла будку з хлебам, якая рухалася ў бок плошчы. Яна ўчапілася за задок будкі ў спадзеве, што пры разгрузцы ў краме і ёй дастанецца бохан хлеба. Раптам будка прыпынілася. Нехта крута павярнуў каня з цэнтра вуліцы ў бок, і кола наехала на нагу. Ад болю яна ўскрыкнула і села ў мокры снег. Калі натоўп разышоўся, перад ёю стаяў малады юнак у расхрыстаным салдацкім шынялі, а побач з ім двое з вінтоўкамі ў руках¸ а трэці ваяр – па-за юнаком. Яна не паспела зразумець, адкуль узяліся гэтыя людзі, хто яны такія. Юнак у расхрыстаным шынялі зрабіў крок да яе і спытаў: «Завуць цябе як?» «Лола, з інтэрната педвучылішча», – адказала скрозь слёзы.

Трое ваяроў са стрэльбамі піхнулі юнака і павялі ў бок гарадскога парку. Толькі пазней зразумела, што юнака вялі са Слуцкага суда ў турму. Позняй восенню атрымала ліст з далёкай Комі ССР на імя Лолы, у якой вочы па яблыку. Другой такой Лолы ў інтэрнаце не было. Так пачалося ліставанне.

Калі працавала настаўніцай¸ пачынаў будавацца Салігорск. У вёску наязджала мноства рознага люду. Аднойчы на вечарыне геолаг спяваў пад гітару песню пра савецкіх арыштантаў, якіх штодня адпраўляюць на Варкуту. Яна расказала пра сваё незвычайнае знаёмства і пра тое, што перапісваецца з юнаком, які на Поўначы. Геолаг ухваліў ліставанне. Равесніцы выходзілі замуж, яна адказвала сватам: «Да восені».

Аднойчы ў ноч пад Шчодрыка, калі дзяўчаты гадалі на жаніхоў, прысніўся сон: яна бегла ўздоўж ракі насустрач да яго. На другім беразе стаяў ён у расхрыстаным шынялі, з працягнутымі да яе рукамі, але кладкі не было. Гэты сон прыдаў больш упэўненасці адказаць сватам «да восені».

Пяць з паловай гадоў прайшло з той сустрэчы на слуцкай вуліцы. І аднойчы, калі вучні разышліся дамоў пасля заняткаў, у настаўніцкай адчыніліся дзверы. На парозе стаяў хлопец, у руках трымаў шапку, нібыта той школьнік. «Я прыйшоў», – рашуча сказаў ён і змоўк. Хутка адбылося вяселле. Аднавяскоўцы і настаўнікі дзівіліся: «За каго ідзеш замуж?»… І вось яно – залатое вяселле.

Раптам зазваніў дамафон: «Вам ліст з Германіі». Яна выйшла насустрач паштальёну. Ліст быў ад нямецкіх сватоў. З хваляваннем чытала: «Libe Oma und Opa…» (Дарагія бабуля і дзядуля). Шлём вам сардэчнае прывітанне з Рэгенсбурга… Мы шчыра дзякуем вам за вашу цудоўную дачку, якая з’яўляецца лепшай нявесткай у Еўропе і клапоціцца аб нас…» Далей літары заскакалі ад слёз.

Калі нямецкі зяць забіраў дачку, спытала: «Ты не баішся выходзіць замуж?» У адказ пачула: «Успомні, з кім паехала ты па белым свеце». Дзякуй Богу, у Германіі падрастае цудоўны ўнучак, жывуць добрыя зяць і сваты. У старэйшай дачкі ў Мінску таксама добрая сям’я. Унук вучыцца ў ваеннай Акадэміі. Сын у Маскве стаў дзедам. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Адным словам, тады ў Слуцку, пайшоўшы за хлебам, не размінулася са сваім шчасцем. Якое яно? Паспрабуй намалюй».

Уладзімір Амяльчэня,
Салігорск

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.