Мода вяртаецца

Поддержи

Сталічны клуб “Прырода і фантазія” добра вядомы аматарам народнай творчасці. Яго члены актыўна дэманструюць свае дасягненні. За чатыры апошнія гады дзесяць выставак прайшло ў розных гарадах Беларусі, пяць – у Мінску. Новая і вельмі прадстаўнічая выстаўка “Сэрцу родныя матывы” ладзілася нядаўна ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва.


Амаль 40 аўтараў, а гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту, прэзентавалі каля 240 выдатных работ. Усіх гэтых творцаў аб’ядноўвае любоў да прыроды, якую яны і адлюстроўваюць у маленькіх шэдэўрах, выкананых у самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
– Напрыклад, Ірына Кірылава, інжынер па спецыяльнасці, прадставіла больш як 15 работ, –распавёў кіраўнік клуба “Прырода і фантазія” Аляксандр Лейка. – Гэта і дэкупаж – вельмі прыгожыя распісныя талеркі. І вырабы з гліны, шкла, скуры і дрэва, работы ў тэхніцы батык. Творы Ірыны Станіславаўны ўжо больш як паўгода разам з вырабамі іншых нашых майстроў дэманструюцца ў Валожынскім раённым краязнаўчым музеі. А вось Зінаіда Шыдлоўская займаецца піраграфіяй – стварае адмысловыя карціны, а дакладней, выпальвае іх па тканіне – па натуральным карэйскім атласе, які не дае вялікіх пагрэшнасцей. У выніку атрымліваюцца вельмі прывабныя творы. А яшчэ Зінаіда Іванаўна стварае дзіўныя карціны з бяросты. Тэхніку выпальвання па тканіне, гільяшыраванне, выдатна асвоіла і Ала Мікалуцкая. Нельга было не спыніцца каля яе адмысловых абрусаў і сурвэтак. Дасканала валодае лямцавым дызайнам Зінаіда Шыдлоўская. Напярэдадні зімы так і хочацца надзець на сябе цёплую рэч ад такога майстра.


Анатоль Крывенка, які чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прадставіў адзінаццаць жывапісных палотнаў. Яго работы дэманстраваліся ў Валожыне і Міёрскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Увагу наведвальнікаў прыцягвала і гэтак званая лясная скульптура Валянціны Лаўрэнавай. Высокім майстэрствам вызначаюцца вырабы Аляксандра Лейкі ў гэтай жа тэхніцы.
– Углядаючыся ў работы членаў клуба, адразу адчуваеш, што ў кожным вырабе ёсць часцінка душы майстра, дух часу, у якім ён тварыў, – зазначыла дырэктар Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Лідзія Каліноўская. – Мода прыходзіць і знікае, але заўсёды вяртаецца. Гэта можна аднесці і да вырабаў майстроў з клуба “Прырода і фантазія”. Калісьці амаль кожная жанчына ўмела вязаць, а вырабленыя сваімі рукамі рэчы карысталіся велізарнай папулярнасцю. Потым модніцы пачалі аддаваць перавагу серыйным фабрычным навінкам, але ўсё вяртаецца на кругі свае – вязаныя рэчы зноў сучасныя! Радуе тандэм, які склаўся паміж супрацоўнікамі нашай установы і майстрамі клуба, таму прапануем ім правесці серыю майстар-класаў для падлеткаў, іх педагогаў і наведвальнікаў нашага цэнтра. Няхай навучаць іх стужкаваму дызайну, вышыўцы, вязанню кручком, іншым рамёствам.
Цяпер выстаўка членаў клуба “Прырода і фантазія” праходзіць у Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя К. і Я. Тышкевічаў і Бягомльскім музеі народнай славы. Наступныя вернісажы чакаюцца ў гісторыка-культурным запаведніку “Заслаўль” і Прэзідэнцкай бібліятэцы.

Раіса МАРЧУК,
фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.