«Мне здавалася, што мір спыніўся». Гісторыя Таццяны Пукала – пра набытую інваліднасць, пошукі працы і грамадскую дзейнасць
Таццяна нарадзілася ў Бабруйску, тут жыве і да гэтага часу. Пры нараджэнні ёй паставілі дыягназ – вывіх тазасцегнавых суставаў. Нягледзячы на паталогію, яна была звычайным дзіцём, але хвароба нагадала пра сябе, калі дзяўчынка пайшла ў першы клас.
– Я гэта добра памятаю, хоць і прайшло шмат часу, – распавядае Таццяна. – Я сядзела на ўроку, а на перапынку не хапіла сілы ўстаць з-за парты. Мяне адразу адправілі ў бальніцу. Пачаліся шматлікія аперацыі. Гады 3-4 ляжала ў гіпсе, настаўнікі прыходзілі на дом.
“Сысці з працы для мяне было амаль што заканчэннем жыцця”
Бацькі Таццяны развяліся, калі яна была маленькай. На той момант у сям’і падрастала чацвёра дзяцей, якіх бацькі “падзялілі” папалам. Двое засталіся з маці, а Таццяна з сястрой – з бацькам. Але, як успамінае жанчына, яе выхаваннем больш займаліся бабуля з дзядулем.
– Я была прадастаўлена самой сабе, – працягвае Таццяна. – Пасля доўгага лячэння стала на ногі і ўжо адчувала сябе паўнацэннай дзяўчынай. Вучылася нядрэнна, было шмат сябровак, хадзіла на танцы. Пасля 8 класаў вырашыла паступаць у медыцынскае вучылішча. Марыла стаць медыцынскай сястрой, але мне не хапіла балаў, каб паступіць туды. Пайшла за кампанію з дзяўчатамі ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, каб запісацца на курсы. Але там сказалі, што на гэтыя курсы бяруць толькі пасля 11 класаў. Ужо амаль сыходзілі адтуль, як нам трапілася кіраўнік тутэйшага драматычнага гуртка. І я вырашыла застацца. Бо вельмі любіла тэатральныя пастаноўкі.
Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю па прафесіі “аператар па дрэваапрацоўцы”, Таццяна паступіла ў Бабруйскі лесатэхнікум на завочную форму, але па сямейных абставінах не давучылася – пайшла працаваць на завод.
– Атрымалася ўладкавацца на Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат у паркетны цэх, – расказвае Таццяна. – Праца цяжкая, увесь дзень на нагах. У тыя ж гады я выйшла замуж, нарадзіла сына. З мужам жылі ва ўласным доме.
Хата была без зручнасцей. Пастаянныя фізічныя нагрузкі і пераахаладжэнне прывялі да рэўматызму. Хвароба пачала прагрэсаваць.
– Сысці з працы тады для мяне было амаль што заканчэннем жыцця, – тлумачыць Таццяна. – Калі далі 3-ю групу інваліднасці, я хутчэй хацела ад яе пазбавіцца, каб не згубіць працу. Мне прапанавалі месца прыбіральшчыцы, але я прынцыпова засталася за станком. Калі ад камбіната ўжо не ад’язджалі машыны хуткай дапамогі, больш заставацца стала немагчыма. Памятаю, як я выйшла ад урача з вердыктам – 2-я група інваліднасці. Мне здавалася, што мір спыніўся.
“Мары збываюцца”
Як кажа сама Таццяна, яна не з тых, хто будзе сядзець дома і нічога не рабіць. Таму адразу пасля звальнення стала думаць, як зарабіць грошы. Абсталявала ў двары куратнік, купіла курэй, каб прадаваць яйкі. За грошы дапамагала па гаспадарцы суседзям, гатавала і разносіла абеды.
– А ў той дзень, – працягвае расказ Таццяна, – я сядзела і зноўку марыла аб тым, як пачаць жыць па-сапраўднаму. На той час я кульгала і без суправаджэння баялася пайсці нават у магазін. Калі ў хаце прагучаў тэлефонны званок, трубку падняў сын і сказаў, што мяне запрасілі на працу. Я апранулася ў новы касцюм, зрабіла макіяж і з сястрой пайшла на сустрэчу. Высветлілася: адрас далі няправільны. Каля тэрытарыяльнага цэнтра заўважыла двух мужчын. Інтуітыўна вырашыла падысці да іх. Аказваецца, яны чакалі мяне.
Так, Таццяну запрасілі ў ініцыятыўную групу па стварэнні ў Бабруйску філіяла фонду “Міласэрнасць і здароўе”. На першым сходзе жанчыну абралі адказным сакратаром, а пасля таго, як пост пакінуў старшыня аддзялення, яна заняла яго пасаду.
– Я ніколі не працавала ў такіх аб’яднаннях, але вырашыла, што ўсё атрымаецца, – працягвае яна. – Вучылася з нуля: як арганізоўваць святы, збіраць дабрачынную дапамогу. Сталі актыўна супрацоўнічаць з сямейным клубам “Кенгуру” пры ТЦСАН, набіраліся вопыту. Пасля нас запрасілі да сябе ў “Чырвоны крыж”.
У снежні 2008 года “Чырвоны крыж” Ленінскага раёна Бабруйска зарэгістраваў пярвічную арганізацыю “Клуб “Міласэрнасць і здароўе”, а Таццяна займала пасаду старшыні. Але калі дайшла да адной мэты, з’явілася другая.
“Магу быць кіраўніком”
– На Новы год я загадала: “Хачу зарабляць грошы”, – успамінае пачатак 2009 года Таццяна. – А пасля калядаў мне прапанавалі стаць кіраўніком гуртка ў Першамайскім ТЦСАН. Ці гэта не цуд? У той жа месяц патэлефанаваў Сяргей Мацкевіч з Бабруйскай РАІК і сказаў, што яны ладзяць праект “Маю права на працу”. Яны шукалі ў сваю арганізацыю кансультанта, бухгалтара ці кіраўніка. “Магу быць кіраўніком,” – сказала я яму. І маю кандыдатуру зацвердзілі.
Праект праводзіўся сумесна з Міжнародным дзяцічым фондам, з якога аплочвалася навучанне тых, хто прымаў удзел у арганізацыі. Таццяна ездзіла ў Мінск на розныя сустрэчы і курсы, удзельнічала ў розных сацыяльных праектах.
– Увесь вопыт, які атрымлівала ў сталіцы, прывозіла ў Бабруйск, – распавядае суразмоўца. – Напрыклад, асвоіла методыку інтэрактыўнай працы, накіраванай на вырашэнне сацыяльных праблем, – так званы форум-тэатр. Гэтую методыку скарыстала ў сваім інклюзіўным калектыве прыпярвічнай арганізацыі“Клуб “Міласэрнасць і здароўе”. З выступленнямі ездзілі па навучальных установах.
Да 2014 года Таццяна вяла гурток у ТЦСАН і паралельна займалася грамадскай дзейнасцю. Але на год усё гэта спынілася, бо яна выйшла ў другі раз замуж і з’ехала ў іншы горад. Калі зноў вярнулася ў родны Бабруйск, ёй прапанавалі ўзначаліць Бабруйскую гарадскую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў.
“Супрацоўнікі клалі на стол заявы на звальненне”
– Памятаю свой першы дзень на гэтай пасадзе, – распавядае жанчына. – Супрацоўнікі клалі на стол заявы на звальненне. У арганізацыі былі даўгі, і ніхто не верыў, што работу можна наладзіць. Адносіліся скептычна. Але я не спужалася і пачала працаваць. Праводзіла мерапрыемствы, суботнікі, акцыі, – і людзі пачалі паступова вяртацца. У арганізацыю прыйшлі хлопцы і дзяўчаты з ТЦСАН, у якіх я вяла гурток 10 гадоў таму. Для мяне гэта было добрай падтрымкай. І зараз у нас у арганізацыі налічваецца больш за 650 чалавек з інваліднасцю.
Акрамя сваёй асноўнай працы ў грамадскім аб’яднанні, Таццяна кіруе вышывальным гуртком у Бабруйскім Палацы мастацтваў, які наведваюць людзі з ментальнымі парушэннямі. Летам мінулага года, на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў імя І. Лучанка ў Віцебску, у намінацыі “Мастацкая творчасць” яна атрымала дыплом I ступені.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.