«Маё дзіця зноў сядзе ў інваліднае крэсла». У Мазыры ўлады вырашылі закрыць рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў

Поддержи

Рубрики : Общество, Фото.

Мазырскі райвыканкам прыняў рашэнне аб ліквідацыі ў горадзе ўнікальнага цэнтра медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Радуга», створанага чвэрць стагоддзя таму з дапамогай ахвяраванняў, у тым ліку і замежных. Бацькі пацыентаў цэнтра і неабыякавыя мазырчукі імкнуцца захаваць установу.

Рашэнне пра ліквідацыю «Радугі» старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка падпісала 30 сакавіка. У ім гаворыцца, што ліквідаваць цэнтр вырашана паводле прапановы Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, якой гэтая ўстанова падначаленая.

Пасля прыняцця рашэння ў цэнтры «Радуга» сабралі на сход супрацоўнікаў. Намесніца галоўнага лекара Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Галіна Будкоўская зачытала рашэнне райвыканкама і паведаміла, што ўсім супрацоўнікам прапануюць працоўныя месцы, а пацыентаў накіруюць у Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і Аддяленне дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, передае novychas.by.

Гісторыя

Сёлета ў верасні Цэнтр медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», які наведваюць каля 50 мазырчукоў, меўся адзначыць сваё 25-годдзе. Яго стварылі з ініцыятывы грамадскасці ў 1995 годзе. Будынак былога свайго дзіцячага садка для ўладкавання цэнтра бескаштоўна аддаў тады Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Паводле словаў бацькоў, вялікіх намаганняў каштавала прыстасаванне будынку пад патрэбы людзей з інваліднасцю і асабліва з цяжкімі дыягназамі. Зроблена пашырэнне дзвярных праёмаў, з ранейшых групаў зрабілі кабінеты для працэдураў, пераабсталявалі памяшканні прыбіральняў, такім чынам, каб туды маглі бесперашкодна ўязджаць інвалідныя каляскі, усталяваны шырокі ліфт, на якім чалавек у інваліднай калясцы можа бяспечна ўзнімацца на другі паверх.

Акрамя таго, у цэнтры ўсталявалі ўнікальнае абсталяванне, якое дазваляе выконваць працэдуры па медычнай рэабілітацыі дзяцей і дарослых інвалідаў з цяжкімі неўралагічнымі разладаваннямі. Адмысловыя прылады і трэнажоры паслабляюць напінанне цягліцаў, памяншаюць нагрузку на косці. На гэтым абсталяванні працуюць кваліфікаваныя медычныя работнікі, якія не толькі навучаліся ў адпаведных установах, але і праходзілі падрыхтоўку на міжнародных семінарах, вывучаючы еўрапейскі досвед працы з людзьмі з інваліднасцю.

Абсталяванне «Радугі» рабілася ў большасці за кошт спонсарскіх грошай ад дабрачынных арганізацыяў з Германіі ды іншых краінаў. Дапамагаў таксама Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Бацькі дзяцей, якія наведваюць цэнтр, таксама шчыравалі на рамонтных работах і дагэтуль бралі актыўны ўдзел у касметычных рамонтах памяшканняў, вырабе мэблі, абсталяванні тэрыторыі.

У 2016 годзе ўжо была спроба закрыць «Радугу». Але тады афіцыйнаму рашэнню папярэднічаў сход бацькоў, на якім прадстаўнікі ўлады паведамілі пра свой намер. У выніку грамадскай кампаніі супраціву, сабраных пад адпаведнай петыцыяй подпісаў, ад сваёй задумы ўлады тады адмовіліся.

Цяперашняя адміністрацыя Алены Паўлечкі вырашыла дзейнічаць хітрэй. Цэнтр ліквідуюць без усялякіх абмеркаванняў з бацькамі альбо калектывам. Іх проста паставілі перад фактам, паведаміўшы пра ўжо прынятае рашэнне.

«Маё дзіця зноў сядзе ў інваліднае крэсла»

Для пераважнай большасці пацыентаў «Радуга» – гэта адзіная магчымасць падтрымліваць больш-менш годнае існаванне. Інваліды могуць знаходзіцца ў цэнтры на працягу працоўнага дня. Пры гэтым яны не проста стасуюцца між сабой і не адчуваюць сябе асаблівымі, яны яшчэ і лекуюцца. У гэтым асноўнае адрозненне «Радугі» ад цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў, якія маюцца ў кожным райцэнтры Беларусі. Там дзейнасць скіраваная на сацыялізацыю людзей з інваліднасцю. У «Радузе» ж спалучаная медыцына і сацыялізацыя. Такіх цэнтраў няма больш ні ў адным райцэнтры Гомельшчыны.

Бацькі пацыентаў «Радугі» склалі дзве петыцыі на розных платформах, на якіх збіраюць подпісы за захаванне цэнтра. Падпісацца можна тут і тут. Людзі штодня абмяркоўваюць плануемае закрыццё цэнтра, збіраючыся каля яго.

«Наша дачка Ангеліна ўжо не ў дзіцячым узросце. Ёй прапануюць у Козенкі, дзе яна проста не зможа перасоўвацца. Хто там яе будзе цягаць? А ў гэтым цэнтры ўсё прыстасавана для такіх, як яна. Я шчаслівы, што, дзякуючы гэтаму цэнтру, мы з жонкай можам і самі працаваць, калі ж яго не будзе, нам давядзецца выключна сядзець дома і глядзець сваё дзіця», – гаворыць Леанід Суботка.

«У маёй Ксюшы сіндром Дауна. Але ж яна такая таленавітая! Яна і спявае, і танчыць. Калі яна скончыла садок, лекары рэкамендавалі менавіта «Радугу», хаця, нас тады ўжо хацелі накіраваць у ЦКРНіР. Лекары тады так і казалі, каб ні ў якім разе туды не ішлі, бо там з нашай хваробай нічога не зробяць. Так мы і трапілі сюды. І такой дапамогі як тут, мы не атрымаем больш нідзе», – кажа Таццяна Усікава.

«Я наведваю гэты цэнтр ужо 15 гадоў. Ён для мяне стаў другой сям’ёй. Мне тут робяць электрафарэз, масаж…», – кажа пацыент цэнтра Аляксандр Каваленка.

«Нам прапануюць у Козенкі. Гэта гадзіну ў адзін бок, гадзіну ў другі. Каб мне самой працаваць, проста не будзе часу. Там нам прапануюць проста сацыяльную накіраванасць – зносіны між сабой, нейкае дэкаратыўна-пракладное мастацтва. А нам патрэбныя лячэбныя працэдуры. Без іх маё дзіця проста зноў сядзе ў інваліднае крэсла», – дадае маці Аляксандра Наталля Каваленка.

«Мы не ведаем, што мы з імі будзем рабіць»

Разам з адной з актывістак групы бацькоў, якія спрабуюць адбараніць цэнтр «Радуга», Наталляй Бурак мы наведалі тыя самыя Козенкі, дзе размешчанае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Козенкі – гэта вёска за некалькі кіламетраў ад Мазыра. На ганку двухпавярховага будынку нас сустракае загадчыца аддзялення Таццяна Кудра.

На просьбу Наталлі паглядзець у якія ўмовы прапануецца змясціць яе дачку, Таццяна праводзіць нас па памяшканнях. Ужо каля першых жа дзвярэй Наталля кажа, што каляска туды проста не пралезе. Падыйшоўшы да прыбіральні, на ўваходзе ў якую размешчаная ракавіна ўмывальніка, яна зноў кажа, што ўскарыстацца прыбіральняй дачка таксама не здолее. На другі паверх вядзе досыць пакручастая лесвіца ў тры пралёты. Аніякага ліфта ці пад’ёмніка туды няма.

«Бачыце, у нас тут утульна, нашыя рабяты прыязджаюць і з Мазыра і з іншых месцаў. Ад прыпынку тут прайсці недалёка. А тут мы займаемся рознай творчасцю. У нас калектыў – восем супрацоўніц. Усе гурткавікі па розных накірунках творчасці», – распавядае Таццяна Кудра, паказваючы ўтульныя памяшканні розных гурткоў.

«Але ж вы разумееце, што нашыя дзеці са значна больш цяжкімі дыягназамі? І мне трэба, каб мая дачка тут не адчувала сябе інвалідам. Каб яна магла спакойна рухацца па памяшканні. Але ж тут яно зусім не прыстасаванае для калясачнікаў!», – гаворыць Наталля Бурак і пытае ці ёсць у штаце медычныя супрацоўнікі.

«У нас не так даўно праводзілі апытанне, што патрэбна такім аддзяленням як нашае. У тым ліку і пыталі ці патрэбны нам медык. І я тады з чыстым сумленнем адказала, што не трэба. З нашымі рабятамі яму проста не будзе што рабіць. Хто ж ведаў, што да нас далучаць «Радугу»?! Я магу зрабіць укол, магу вырваць зуб, ведаю як паводзіцца, калі прыпадак эпілепсіі. Але ж адказнасць за такія хваробы, як у пацыентаў «Радугі»… Я не ведаю, што я з імі буду рабіць. Калі нешта здарыцца, па галаве ж атрымаю я!», – роспачна разважае загадчыца адзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

Дарогаю ў Мазыр Наталля распавяла, што ў «Радузе» адразу на ўваходзе маецца вялікае памяшканне калясачнай, дзе наведнікі пакідаюць свае каляскі, калі іх забіраюць бацькі. І такім чынам каляску не трэба цягаць з цэнтра дамоў і назад. У аддзяленні дзённага знаходжання для патрэбаў калясачнікаў няма нічога ўвогуле.

Мы яшчэ паспрабавалі трапіць і ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, які месціцца амаль насупраць Мазырскага райвыканкама. Але, нягледзячы на працоўны дзень, ён чамусьці быў зачынены. Галоўны ўваход у стары будынак, які, відаць, раней быў проста школай, не мае нават пандуса. Пандус ёсць толькі каля бакавога ўваходу. Але ён надта пакручасты, а ўваход у само памяшканне ідзе не наўпрост з пандуса – трэба адчыняць дзверы і павярнаць каляскаю направа. Акрамя таго, бацькі дзяцей з «Радугі», якім прапануецца наведваць гэты ЦКРНіР, распавялі, што падчас наведвання яго напярэдадні, лесвічны пад’ёмнік так і не ўключыўся. Бацькі кажуць, што кіраўнікі апраўдваліся, што дагэтуль патрэбы ў ім не ўзнікала, бо калясачнікі гэты цэнтр не наведваюць.

А ў садках – гандлёвыя цэнтры…

Мы спрабавалі на працягу чатырох дзён датэлефанавацца намесніку старшыні Мазырскага райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу, Феліксу Галюку, каб даць магчымасць выказаць пазіцыю мазырскіх уладаў у гэтым пытанні. Але працоўны тэлефон чыноўніка, пазначаны на сайце выканкама, ні раніцай, ні перад і пасля абеду, ні ўвечары не адказваў.

Афіцыйная ж версія, агучаная ў мясцовых дзяржаўных СМІ, – у мікрараёне, дзе месціцца «Радуга», існуе вострая патрэба ў дзіцячым садку.

У той жа час, літаральна праз дарогу ад цэнтру для інвалідаў «Радуга» цяпер месціцца гандлёвы цэнтр з такой самай назваю — «Радуга». І створаны ён таксама ў будынку былога дзіцячага садка. І ў Мазыры такіх былых садкоў, дзе цяпер гандаль, – ажно тры. Яшчэ адзін будынак былога садка перароблены пад офісныя памяшканні. Адзін былы садок займае сам раённы аддзел адукацыі. Адзін ранейшы садок – зянядбаны і амаль разбураны, ўлады хочуць прадаць. Але косткаю ў горле мясцовым уладам чамусьці стаіць будынак унікальнага рэабілітацыйнага цэнтра, створанага з мінімальным удзелам бюджэтных сродкаў, ад наяўнасці якога залежыць само жыццё некалькіх дзясяткаў людзей з інваліднасцю самага вялікага горада Палесся.

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.