Мастацтва, якое лечыць
19 мая ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў № 2 прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны прыезду галандскіх калегаў-музыкаў. Аб талентах, якія тут жывуць, асабістых дасягненнях і штодзённым жыцці інтэрнатаўцаў мы даведаліся, пабываўшы ва ўстанове.

Мерапрыемствы такога напрамку для сацыяльнай установы не ў навіну. Амаль 8 гадоў на базе інтэрната існуе свой уласны аркестр, дзе граюць выключна жыхары ўстановы. Здзіўленне выклікае тое, што ні ў аднаго з іх няма музычнай адукацыі. Як жа ім удалося стаць зладжаным калектывам? Аб усім па парадку.
Гісторыя пачалася ў 2009 годзе, калі ў дом-інтэрнат прыйшоў працаваць інструктар па працатэрапіі Міхаіл Іванавіч Бойка. У мінулым ён выкладаў у БДПУ імя М. Танка, першы час нават атрымоўвалася сумяшчаць абодва накірункі. Затым выбар паў на Дражню. Спачатку супрацоўнік проста вучыў людзей, якія пражываюць у інтэрнаце, харавому спеву. Вакальныя заняткі даваліся выхаванцам нялёгка, але паступова справа пайшла.
Аднойчы ў дом-інтэрнат прыехалі госці з Нідэрландаў. Яны настолькі здзівіліся ўбачанаму, што запрасілі кіраўніка музычнага калектыву паглядзець на музычныя поспехі мясцовага аркестра.
«Галандскія калегі хацелі развіваць аркестравы рух у нашай краіне, запрасілі да сябе, – успамінае Міхаіл Іванавіч. – Калі мы прыехалі, атрымалі ў дар 8 сінтэзатараў, літаўры, флейты, ударную ўстаноўку і нават гатовую партытуру».
Прыйшлося задумацца аб стварэнні свайго калектыву. Так у 2011 годзе ў рамках міжнароднага беларуска-галандскага праекта «Музыка без межаў» быў створаны аркестр «Аляксандр Бэнд Мінск». Першыя кампазіцыі для выканання былі простымі, аднак усім так ці інакш знаёмымі. «Кацюша», «Полька беларуская» – хто ж не ведае гэтых песень? Ужо потым браліся за ваенныя песні і больш складаныя творы.
Музычныя інструменты – задавальненне не з танных, і кіраўнік ансамбля кажа аб тым, што адбылося, з удзячнасцю. Бо калі б «Аляксандр Бэнд Эйндховен» не дапамог інтэрнату з музычным абсталяваннем, магчыма, і не было б у нашай краіне ўнікальнага калектыву. Дарэчы, з назвай доўга мучыцца не прыйшлося. «Паколькі мы працягваем іх традыцыі, то і назву выбралі сугучную», – гаворыць Міхаіл Іванавіч.
Цяпер «Аляксандр Бэнд Мінск» – зладжаны калектыў аднадумцаў. Дзіўна, але аркестранты нават не ведаюць нот, для працы на клавішах налепленыя стыкеры розных колераў. Так удзельнікі калектыву вывучаюць музычную грамату. Артысты рэгулярна рэпеціруюць, каб парадаваць гледача выкананнем новых музычных кампазіцый.
Не абыходзіцца і без павучанняў з боку мастацкага кіраўніка, падтрыманне дысцыпліны тут шануюць. «А як інакш, – тлумачыць Міхаіл Іванавіч. – Куды ж без гэтага. Хоць артысты ставяцца сур’ёзна да рэпетыцый, не лянуюцца, бывае, што трэба быць больш строгім з некаторымі. Аднак гэта хутчэй выключэнне». Такі падыход з лішкам акупляецца на канцэртах ансамбля. У мінулым годзе за прафесійныя заслугі Міхаіла Бойка вызначылі Мінчуком года.
Інтэрнат – месца асаблівае. Тут пражываюць людзі, што страцілі дзеяздольнасць, кажучы юрыдычнай мовай. Людзі, маючыя патрэбу ў доглядзе і медыкаментозным медыцынскім абслугоўванні, якое не могуць забяспечыць сваякі. Вядома ж, да многіх з іх прыязджаюць сваякі, дзверы ўстановы заўседы адкрыты, аднак цяжар захворванняў дражненцаў не дазваляе іх родным увесь час дзяліць з імі адну тэрыторыю. Па законе, сваякі інтэрнатаўцаў могуць забіраць іх на выходныя або час працоўнага адпачынку да 3-х месяцаў у годзе. Па факце – як атрымаецца, усё індывідуальна.

Канцэрт працягваецца праграмай музыкантаў з Галандыі. Калектыў «Аляксандр Бэнд Эйндховен» існуе больш за 20 гадоў, два разы на год прыязджае ў дом-інтэрнат у Дражні, каб падзяліцца вопытам і адведаць «падапечных». Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі калектыву ведаюць рускую мову. Напрыклад, Езе Бакбіер, якая не толькі правяла вечар у якасці вядучай, але і актыўна ўдзельнічала ў пасляканцэртных дыялогах беларусаў і галандцаў, перакладала для тых, хто не валодае англійскай.
Асаблівай ўвагі заслугоўвае яшчэ адна задумка кіраўніцтва дома-інтэрната. Для замежных гасцей зладзілі выставу лепшых работ выхаванцаў. Бо вельмі ўжо дражненцам хацелася падзяліцца і іншымі сваімі талентамі. На базе інтэрната жадаючыя працуюць над выпальваннем па дрэве, напісаннем карцін, пляценнем з газет. «Кожная праца індывідуальная. У залежнасці ад навыкаў чалавека затрачваецца адпаведны час на выкананне вырабу. Асабліва складаныя работы патрабуюць і па два месяцы высілкаў. Заняткі для пражываючых праходзяць штодня, але з адной абавязковай умовай – калі ёсць жаданне», – распавядае Мікалай Іосіфавіч Гуніч, кіраўнік сталярнай майстэрні «Магія дрэва».
Наогул, працатэрапіі ў доме-інтэрнаце надаюць вялікую ўвагу. Асаблівых гендэрных адрозненняў не робіцца, але ёсць больш жаночыя заняткі, напрыклад, пляценне з газет. Гатовыя вырабы нагадваюць дэкор з лазы, цяжка паверыць у тое, што такая карпатлівая праца паддаецца людзям з захворваннямі псіханеўралагічнага профілю. Праявіць творчую фантазію пражываючыя могуць і ў напісанні карцін, дарэчы, менавіта гэты від мастацтва займае пануючае становішча ў экспазіцыі. «Ёсць работы больш простыя, для тых, хто не валодае мастацкімі навыкамі. Таленавітых мастакоў, вядома, адрозніш адразу. Але ж галоўнае – жаданне. Тады ўсё і атрымліваецца, – упэўненая намеснік дырэктара дома-інтэрната Таццяна Мікалаеўна Чарнейка. – Можна нават адсачыць дынаміку, як чалавек напісаў першае палатно, а вось праз два гады бачны значны прагрэс».

Дарэчы, у працах мастакоў можна адзначыць і настрой, з якім пісаў чалавек. Нават не валодаючы асаблівымі навыкамі, выбарам колеру, яны ілюструюць свай унутраны стан. Малююць не толькі пэндзлем, але і далонямі, і нават пальцамі. Тэмы для малявання выхаванцы выбіраюць самі, падбіраюць колер і гушчыню мазка. Некаторыя зімой малююць лета, іншыя звяртаюцца да рэлігійных матываў. Часцінка душы – на кожным палатне. Невыказаныя надзеі і патайныя нягоды – эмоцыі праглядваюць то тут, то там. Карцін набралася так шмат, што супрацоўнікі ўстановы спачатку вывешвалі іх у актавай зале і грамадскай прыёмнай, а цяпер палотны ўтульна размясціліся на сценах калідораў. Усё ж лепш, чым пыліцца ў майстэрні.
Пакуль Таццяна Мікалаеўна праводзіць нас па шматлікіх памяшканнях, дэманструючы творчыя поспехі падапечных, сустракаем прадстаўніцу важнай для дома-інтэрната арганізацыі. Аказваецца, на канцэрт запрошаны ганаровыя госці, прадстаўніцы Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў. З супольнасцю інтэрнат супрацоўнічае больш за 15 гадоў. Абсталяванне для творчасці гурткоўцаў – толькі малая частка дапамогі гэтай выдатнай арганізацыі. Клуб аб’ядноўвае амаль паўсотні спадарынь розных нацыянальнасцяў. Дамы, удзельніцы Міжнароднага жаночага клуба, пакуль іх мужы вырашаюць палітычныя пытанні, ажыццяўляюць у нашай краіне не менш важную місію – аказваюць дабрачынную дапамогу.
27 красавіка адбыўся Вясновы дабрачынны вечар, дзе на кірмашы былі прадстаўлены работы пражываючых дома-інтэрната. Грошы ад выручанага гандлю пайшлі на падтрыманне работы ўстановы. Некалькі гадоў запар інтэрнат падаваў творчыя працы для правядзення латарэі на дабрачынных вячэрах клуба. Словам, супрацоўніцтва наладжана.
У планах таксама нямала. 5 чэрвеня адбудзецца канцэрт ад прадзюсарскага цэнтра Аляксандра Ціхановіча. Прадстаўнікі беларускай эстрады парадуюць выступамі не толькі падапечныя ўстановы, але і гасцей з іншых рэспубліканскіх дамоў-інтэрнатаў. Маштабнае мерапрыемства прыме да 1000 удзельнікаў з усёй Беларусі. Словам, творчасць зноў збярэ і тых, хто мае ў ім патрэбу, і тых, хто хоча яго падарыць.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.