Мастацтва ранняй восені
Кажуць, што ў восень закаханыя ўсе паэты… Але мастакі любяць яе не меней. Пераканацца ў гэтым можна было пад час выстаўкі

ў мінскай бібліятэцы імя Янкі Купалы, арганізаванай пры ўдзеле Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Свае працы прадставілі сем удзельнікаў мастацкай суполкі «Палітра радасці», і праз кожную з карцінаў можна было, як праз акно, акенца ці нават праз замочную шчыліну, паглядзець на восень, падзівіцца на яе, падгледзець яе сумнае хараство. Сем мастакоў – сем позіркаў.
…Акварэлі Эдмунда Вялічкі – светлыя, амаль празрыстыя. На адной – вёсачка ў засені дрэваў, на іншай – белая цэркаўка на ўзгорку, дарога і самотная чалавечая фігура.
…Яркія, насычаныя фарбамі нацюрморты і пейзаж з лясным возерам напісала кіраўнік «Палітры радасці» Ганна Гадзірава.
…Лёгка пазнаць руку Івана Пятручыка – каля яго пейзажаў мімаволі затрымліваешся надаўжэй, каб увабраць у памяць кожную дробязь, кожны штрых пэндзля.
…Аўтар яшчэ двух прыгожых па фарбах і вельмі вытанчаных пейзажаў – Дзмітрый Лазавой.

…У свет дзівосных стварэнняў завабліваюць карціны Аляксандра Салтаўца. І выбірацца з гэтай казачнай прасторы ўжо не хочацца!
…Маляўнічыя шматколерныя працы з умела выпісанымі дэталямі стварае Ірына Каленькова.
…Чароўныя ў сваёй прастаце працы Святланы Матвіенка – «новай фарбы» ў «Палітры радасці». У працах мастачкі відаць яе паэтычны погляд на жыццё.
Адным словам, як заўважыла Ганна Гадзірава, восень у кожнага атрымалася рознай, сваёй. Музычнае ж суправаджэнне вечарыны зладзіла

Вольга Акуліч, лідар самага восеньскага музычнага гурта «Верасень», і яе сяброўкі.
Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская распавяла пра тое, што супрацоўнікі бібліятэкі аднымі з першых пачалі прэзентаваць у сваёй установе не толькі кнігі, але і музычныя ды мастацкія творы. Наколькі правільным быў такі падыход, можна меркаваць па тым, што сёння так робяць і іншыя – і маюць рацыю.

– Я схіляюся перад мастакамі, у якіх ёсць пэўныя праблемы ў жыцці, але яны не адчайваюцца, – прызналася Таццяна Гаранская. – Іх мастацтва – гэта мастацтва ад сардэчнасці, ад унутраных перажыванняў, ад вялікай душы і вялікай духоўнасці. Кожны з прадстаўленых тут аўтараў мае ў творчасці свой твар. Гэта вельмі важна, гэта ўжо палова поспеху. Асабіста ж мне на гэтай выстаўцы вельмі блізкія працы мастакоў-мужчын: мяне вельмі кранула іх тонкае, паэтычна-душэўнае бачанне свету. Гэта вельмі па-беларуску.
Я ж не ўтрымалася і распытала Аляксандра Салтаўца, карціны якога мяне найбольш уразілі, адкуль ён бярэ сюжэты для сваіх працаў.
– Я пачынаў з рэалістычнага стылю, але адчуваў, што гэта не маё, – распавёў мастак. – Хацелася новыя сусветы

ствараць! Гэтым я і займаюся ўжо пятнаццаць гадоў. Як пішу? Перада мною чыстае палатно, нешта нібы ўспыхвае і… Працую па начах, гадзінаў з адзінаццаці вечара да раніцы, потым перад працай некалькі гадзінаў сплю. Здараецца, што і некалькі сутак спаць не кладуся, бо новыя вобразы прыходзяць. Людзі думаюць, што яны выдуманыя, а для мяне ж яны сапраўдныя! Сяджу сабе, гарбатку папіваю, а ў вакне раптам бачу, нібыта дзяўчына ляціць з парасонам. Я гэта бачу і хачу, каб пабачылі і іншыя, таму малюю.

Аляксандр Салтавец працуе выкладчыкам у дзіцячай школе мастацтваў у вёсцы Грэск Слуцкага раёна. На
ўроках настаўнік малюе разам з вучнямі.– Многія мае вучні ўжо працуюць, праўда, мастаком ніхто пакуль не стаў, але нехта – дызайнер, нехта – архітэктар. Галоўнае, я лічу, ім любоў да мастацтва прывіць, каб яны потым не ў бар пайшлі, а ў музей, каб бачылі ў жыцці прыгожае. Бо мастацтва робіць душы чысцейшымі…
Дарэчы, асаблівую чароўнасць імпрэзе надавалі цэлыя – не, не букеты, проста ахапкі! – гладыёлусаў ды іншых кветак ранняй восені. Іх прынеслі ў бібліятэку супрацоўнікі Батанічнага саду, а пад канец вечара кожны з мастакоў і музыкаў мог выбраць сабе кветку, якую найбольш упадабаў, і тым самым захаваць для сябе фарбы гэтай восені.

P.S. На жаль, немагчыма змясціць на адной газетнай старонцы ўсе карціны, што былі прадстаўленыя на выстаўцы. Але ж восень яшчэ не заканчваецца! Таму цягам наступных нумароў мы будзем размяшчаць карціны як ілюстрацыі да рубрыкі «Паэтычны куфэрак».
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.