Маладзечанскае таварыства інвалідаў узначальвае мастак Васіль Таркан
Наша знаёмства са старшынёй праўлення гэтай арганізацыі адбылося у Мінскім абласным драмтэатры, дзе праходзіла выстава мастака, прымеркаваная да яго 65-годдзя.
Васілій Аляксеевіч Таркан – мастак, вядомы не толькі ў нашай рэспублiцы, але і за мяжой. Яго работы неаднойчы экспанаваліся ў Германіі, Польшчы, Францыі, Літве, Ізраілі і іншых краінах. Выстаўка гэтага аўтара, прысвечаная калядным і навагоднім святам, праходзіла ў Мінскім абласным драматычным тэатры. Урачыстае яе адкрыццё ператварылася ў творчую імпрэзу.
Васіль Таркан арганізаваў маладзечанскую мастацкую школу і дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне, якое працуе ў музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага, удзельнічаў у стварэнні раённай мастацкай галерэі ў вёсцы Плябань.
– Дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне мы спачатку арганізавалі як спецклас у мастацкай школе, а праз два гады перанеслі яго ў музвучэльню, – распавядае мастак.
– Узнікла яно дзякуючы былому старшыні гарвыканкама Генадзю Карпенку. Гэта быў пачатак 90-х, такі ўздым быў! Усе ляталі! Я прыйшоў, расказваю яму, як было б добра арганізаваць такое аддзяленне для навучэнцаў, у нас жа столькі таленавітай моладзі. Ён адказвае: “А што табе перашкаджае?” Патэлефанаваў міністру адукацыі, пагаварыў, я потым з’ездзіў у міністэрства, дапамагаў намеснік міністра культуры Скараходаў – вось і адкрылі без марнай валакіты.
Свабоднае філасофскае мастацтва
Мастак лічыць, што сучасных наведвальнікаў выстаў і патэнцыяльных пакупнікоў карцін творца мусіць здзіўляць. Васіль Таркан знайшоў свой спосаб, як зрабіць свае працы цікавымі многім аматарам мастацтва.
– Я працую над свабоднымі філасофскімі тэмамі, дастаткова новымі для беларускага выяўленчага мастацтва, – дзеліцца Васіль Таркан. – Вось паглядзіце на “Адама і Еву”. Мужчынская і жаночая постаці зліваюцца ў адно цэлае, над імі распускаецца кветка, а тут і змей-спакушальнік… Такія працы хочуць набываць.
Філасофскі сэнс з’яўляецца ў творах Васіля Таркана невыпадкова. Пасля Мінскага мастацкага вучылішча ён вагаўся, куды ісці вучыцца далей. І абраў філасофскі факультэт Белдзяржуніверсітэта, таму што “філасофія – навука над усімі навукамі”.
У мастацкай вучэльні ён пачынаў вучыцца разам з вядомым скульптарам Уладзімірам Жбанавым, чые працы ўпрыгожваюць Маладзечна. Потым Жбанаў перайшоў на іншае аддзяленне – скульптурнае.
Настаўнік малявання галоўнага доктара
Пасля вучобы Васіль Таркан прыехаў працаваць настаўнікам у цяперашнюю гімназію №6. І так сваіх вучняў за год падцягнуў, што ўсе вучыліся на “выдатна”, не было каму паставіць выніковай адзнакай “чацвёрку” для разнастайнасці.
Многія вучні мастака знайшлі сябе ў творчасці.
Адзін з вучняў – цяперашні галоўны доктар маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Савіцкі.
– Я прыходзіў павіншаваць яго з новай пасадай, Сяргей пазнаў мяне і прыгадаў адзін урок, – гаворыць мастак. – Расказвае мне, што гэта было вясной. Я прыйшоў у клас і сказаў вучням, што мы не будзем сёння маляваць, а пойдзем у парк, будзем любавацца прыродай. Такі вось урок быў.
Мост на Лясныя запалкамі не мераў
Васіль Таркан пачаў паралельна працаваць у школе №9, што ў Залінейным мікрараёне. Лясных многія пабойваліся, бо, як расказвалі, чужакоў “леснікі” прымушалі лічыць, колькі каробак ад запалак змяшчаецца на мосце праз чыгунку.
Калі мастак упершыню пераходзіў праз мост, пачуў, што дзеці разбягаюцца і шыкаюць: “Настаўнік”. Стаў пасярод маста і крыкнуў: “А ну, вылазце!”. Школьнікаў настаўнік не тое, што не баяўся, але потым і вучыў іх біцца, бо сам кандыдат у майстры спорту па вольнай барацьбе.
Маладога педагога папрасілі ў школе арганізаваць канцэрт, прыс-вечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Такі канцэрт зладзіў, што ва ўсіх вочы ззялі. Галоўнай дэкарацыяй павінны быць агонь. Як зрабіць агонь пасярод школы? Мастак прымацаваў чырвоную тканіну, а знізу паставіў вентылятары. Тканіна развявалася, і здавалася, што гэта сапраўды агонь гарыць.
Лецішча відаць з балкона
У 1978 ён арганізаваў мастацкую школу і 33 гады адпрацаваў у ёй дырэктарам.
Аднак і на заслужаным адпачынку ён працягвае займацца актыўнай дзейнасцю – стаў старшынёй маладзечанскага аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў.
В.А. Таркан, як гавораць, жыве з Богам у сэрцы, заўсёды спяшаецца да тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы, працягвае руку дапамогі людзям. Так, па яго ініцыятыве ў 2005 годзе была арганізавана праваслаўная суполка. Васілій Аляксеевіч з’яўляўся старшынёй царкоўнага савета, які дапамагаў у будаўніцтве храма ў гонар святога мучаніка Георгія Перамаганосца, што знаходзіцца на вуліцы Драздовіча ў Маладзечна.
У мастака двое сыноў, адзін з іх таксама творчы чалавек, працуе фатографам.
Васiлiй Аляксеевiч гаворыць, што самае страшнае, калі чалавеку на пенсіі нічога не хочацца. І што галоўны паказчык культуры – калі не забываюць сваіх бацькоў у самым шырокім і філасофскім сэнсе.
***
– Выходжу на балкон сваёй кватэры і бачу свой дом у Выверах. А калі бінокль вазьму, то ўбачу і што на двары робіцца. А там сад, вось яблыкі з майго сада, частуйцеся, калі ласка.
Зоя ХРУЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.