Людзі з абмежаваннямі прывыкаюць нікуды не хадзіць
Чаму ў горадзе так рэдка бачыш інвалідаў, ад чаго залежыць працаўладкаванасць чалавека з абмежаваннямі, пра навучанне на аператара ЭВМ і ўніверсітэцкія прыбіральні – у гутарцы з Ганнай Яшынай з Гродна, стваральніцай ініцыятывы «Крок насустрач».
– На вуліцы рэдка ўбачыш чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. З чым гэта звязана?
– Ёсць меркаванне, што ў нашай краіне няма безбар’ернага асяроддзя. І сапраўды няма. Але чамусьці ўсе лічаць, што менавіта з-за гэтага на вуліцы і не бачна інвалідаў.
Мы прыйшлі да высновы, што нават калі б у горадзе раптам з’явілася безбар’ернае асяроддзе і ўсе грамадскія месцы сталі б больш даступнымі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў горадзе стала б не нашмат больш.
Насамрэч інваліды самі не асабліва імкнуцца выходзіць са сваіх дамоў. Адсутнасць безбар’ернага асяроддзя – гэта далёка не галоўная прычына. Галоўнае тое, што інваліды ў большасці сваёй самі нічога не хочуць. Ім больш звыкла сядзець у чатырох сценах, гэта лічыцца нармальным.
Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі прывыкаюць нічога не рабіць, нікуды не хадзіць. Нават калі ім прапаноўваеш дапамогу – яны самі адмаўляюцца.
Часта вялікай праблемай для людзей з абмежаваннямі становіцца адмаўленне праблем. Я заўважыла, што некаторыя мае знаёмыя жывуць у ілюзіях. Канешне, любы чалавек, здаровы ці з абмежаваннямі, жадае, каб у яго было ўсё добра. Мы ствараем карцінку дабрабыту, поспеху, нібыта ў нас няма праблем і нам больш нічога не трэба.
Людзі пераконваюць сябе ў гэтым, а пасля самі пачынаюць у гэта верыць. Яны проста прывыкаюць жыць так як ёсць, ім прасцей пакідаць сабе ілюзію, што яны ўсім задаволеныя, чым прымусіць сябе рухацца для таго, каб нешта пачало змяняцца. Прасцей кажучы, каб знайсці рашэнне, трэба прызнацца, што праблема ёсць.
– У грамадстве існуе стэрэатып, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не хочуць працаваць і ім прасцей жыць на ўтрыманні дзяржавы.
– Пытанне працаўладкавання для мяне вельмі складанае. У нас здаровым людзям складана шукаць працу, што тут казаць пра людзей з абмежаваннямі.
Дзяржава, грамадскія аб’яднанні кажуць, што апекуюцца над людзьмі з абмежаваннямі, ствараюць сацыяльныя працоўныя месцы, намагаюцца інтэграваць інвалідаў у грамадства праз працу, але я заўважыла па сабе, што ніякай дакладнай дапамогі ў гэтым пытанні няма. Хтосьці дзесьці спрабуе нешта рабіць, але для таго, каб інваліды на роўных працавалі ў грамадстве – павінна быць сістэма.
Прыклад з жыцця. Год-два таму на базе мінскага пратэзнага завода праводзілі навучальныя курсы для інвалідаў. Раз-пораз набіраюць групы і навучаюць на аператара ЭВМ. Чатыры месяцы ты праводзіш у Мінску, пры гэтым на заняткі адводзіцца дзве гадзіны ў дзень, астатні час – вольны. Лічыцца, што інвалідаў больш чым на дзве гадзіны загружаць нельга.
Для мяне было вельмі смешна там знаходзіцца, але гэта стала своеасаблівым эксперыментам. Справа ў тым, што прафесія «аператар ЭВМ» ужо даўно не запатрабавана. Я не разумею, навошта праводзяцца курсы па такіх бесперспектыўных спецыяльнасцях. З 15 чалавек, якія былі са мной у групе, ніхто не працуе аператарам ЭВМ, бо і самой прафесіі сёння ўжо няма – у асноўным руль кіравання перайшоў да праграмістаў.
У гэтыя курсы ўкладваюцца вялікія грошы – на працягу чатырох месяцаў трэба ўтрымліваць у Мінску 15 чалавек. І замест таго, каб прадумаць сістэму, каб займацца тым, што сапраўды вырашыць праблему з працаўладкаваннем інвалідаў, у нас робяць «абы рабіць». Гэта вельмі злуе.
З іншага боку, працу пры жаданні можна знайсці. Але з маіх знаёмых з вышэйшай адукацыяй амаль усе працуюць не па спецыяльнасці. У мяне ёсць знаёмы з трэцяй групай інваліднасці, ён скончыў з чырвоным дыпломам наш гродненскі ўніверсітэт, факультэт замежных моў, зараз працуе грузчыкам.
Да ўтрыманства чалавек таксама прывыкае, бо калі доўга не працуеш, прызвычайваешся не працаваць. Але зноў жа – у нас проста няма сістэмы. Няхай бы інваліду пасля заканчэння вуза адразу прадастаўлялі працоўнае месца. У сучасным свеце шмат магчымасцей дыстанцыйнай працы. Можна было б стварыць базу такіх працоўных месцаў і пры з’яўленні вакансіі прапаноўваць адразу чалавеку з абмежаваннямі.
А так людзі сканчаюць школы, універсітэты, нідзе не працуюць, прывыкаюць да такога становішча, а чым даўжэй не працуеш, тым складаней пасля знайсці працу.
Было б значна лепей, каб інваліды падчас навучання атрымлівалі больш практыкі. Людзі баяцца працаваць: калі прыходзіш на новае месца працы, спачатку ёсць няўпэўненасць. У чалавека з абмежаванымі магчымасцямі яна будзе большай.
Гэтае адчуванне знікае, калі атрымліваеш досвед працы. Ва ўніверсітэтах у нас не даюць такога практычнага досведу. Атрымліваецца, што людзі вучацца-вучацца, і нават вельмі добра вучацца, але з-за адсутнасці досведу працы ніяк не выкарыстоўваюць свае веды.
– Што яшчэ ўплывае на працаўладкаванне чалавека з абмежаваннямі?
– Шмат залежыць ад працадаўцаў. Яны звычайныя людзі, сярод іх бытуюць стэрэатыпы. Некаторыя лічаць, што інвалід не можа быць добрым працаўніком, хтосьці, наадварот, лічыць, што чалавек з абмежаваннямі будзе вельмі старацца працаваць. Ёсць і тыя, хто баіцца браць на працу інваліда, бо людзі з абмежаваннямі не такія мабільныя.
– Як матываваць працадаўцаў браць на працу людзей з абмежаваннямі?
– Калі б дзяржава давала такім працадаўцам ільготы, як гэта робіцца на Захадзе, то гэта магло б стаць пэўным стымулам. У нас нешта падобнае ёсць, але, як і з усім астатнім, шмат складанасцей: яшчэ пытанне, ці вартыя таго гэтыя ільготы.
Мне хочацца, каб працадаўца не зацыкліваўся на стане здароўя чалавека, а шукаў проста добрага адмыслоўца. Хочацца, каб мы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, маглі канкураваць на рынку працы на роўных са здаровымі людзьмі.
– Ці ёсць у Гродне адмысловыя месцы, куды ходзяць адпачываць людзі з абмежаванымі магчымасцямі?
– У мяне ёсць знаёмыя, якія перасоўваюцца на вазках і пры жаданні могуць паехаць адпачыць у любы клуб горада. Яны проста бяруць з сабой сяброў, якія дапамагаюць ім у перасоўванні. Не магу сказаць, што зусім не ўзнікае праблем, але калі чалавек сапраўды хоча – ён шукае магчымасці, калі не – ён знойдзе прычыну.
– Ты атрымліваеш вышэйшую адукацыю. Як табе вучыцца ў гродненскім універсітэце?
– Нашыя гродненскія ўніверсітэты ўвогуле не прыстасаваныя да таго, каб там навучаўся чалавек з абмежаваннямі. Прыступкі, пустыя калідоры і адсутнасць каля кабінетаў крэслаў, каб можна было сесці, бо я не магу доўга стаяць пад дзвярыма. Адсутнасць нармальных прыбіральняў, прыстасаваных для людзей з абмежаваннямі. Таму калі я сяджу на лекцыі і адчуваю, што мне неабходна ў прыбіральню, я збіраюся і сыходжу дахаты, бо іншага выйсця ў мяне проста няма.
Але я не лічу гэта такой вялікай праблемай, было б жаданне атрымліваць адукацыю. У мяне ёсць знаёмыя, якім нашмат цяжэй перасоўвацца, і яны вучацца.
Іншая справа, што мне не падабаецца сістэма вышэйшай адукацыі ў тым выглядзе, як яна пабудавана ў нас у Беларусі. Незразумела, каму гэта патрэбна і калі тыя веды, што нам даюць, спатрэбяцца ў жыцці. Але без вышэйшай адукацыі сёння ўвогуле нельга, калі ты плануеш працаўладкавацца.
– Ці гатова грамадства да таго, што побач са здаровымі людзьмі будуць людзі з абмежаваннямі: у школах, універсітэтах, у рэстаранах, тэатрах, на працоўных месцах?
– Не трэба чакаць, пакуль грамадства будзе гатова. Я ніколі не задумвалася, ці падрыхтавана грамадства, бо з дзяцінства не адчувала, што мяне не прымаюць, што ў мяне праблемы з людзьмі навокал. Хоць мне і складана хадзіць і адразу відавочны мае праблемы са здароўем.
Усё залежыць ад характару. Часам людзі бачаць навокал тое, чаго насамрэч няма. Яны баяцца, што іх не будуць прымаць, таму іх і не прымаюць. А калі інвалід адкрыты, упэўнены ў сабе, яго будуць прымаць незалежна ад таго, якія ў яго асаблівасці.
Асноўная праблема, на маю думку, у тым, што самі інваліды не гатовы да актыўнага жыцця, да таго, каб быць прынятымі, і нічога для гэтага не робяць.
Воля КОРСУН
Комментарии
Крытык
2013-09-29 22:05:52
Дзяніс, у мяне паўстаў наступнае пытанне. Вы з'яўляецеся таксама інвалідам-калясачнікам, як гераіня, раз адгукнуліся на мой каментар да артыкулу?
Денис
2013-09-28 19:31:35
Я согласен с молодой симпатичной девушкой. Надо жить реальной жизнью, а не жизнью невидимки. Доказывать не только другим, но в первую очередь себе, что ты хоть что-то можешь делать в этой жизни. Ну а то, что некоторые люди с физическими ограничениями ни куда не хотят выходить, это уже тревожный сигнал. И с этим надо что-то делать. Иначе победит деградация.
Крытык
2013-09-28 17:55:28
Вельмі цікавая размова з удзелам маладой дзяўчынай. Я не згодны з Вашай асноўнай думкай, што самі інваліды не гатовы да актыўнага жыцця, да таго, каб быць прынятымі, і нічога для гэтага не робяць. Гэта памылковае меркаванне, так як Вы думаеце шаблонна і выступаеце ад імя ўсіх інвалідаў. Я згодны, што вінаватая сістэма, у якой мы жывем. Мой прыклад можа сведчыць, што вінаватыя і самі інваліды, я маю на ўвазе кіраўнікоў, якія працуюць дзеля прыбытку, і ставяць перашкоды больш таленавітай моладзі.
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.