Кветкавы жывапіс

Поддержи

Рубрики : Культура, Новости.

Майстар-фларыст Таццяна Дземідзенка, работы якой прыцягнулі ўвагу на адной з выстаў клуба “Прырода і фантазія”, без перабольшання здзяйсняе штохвілінны подзвіг. Нягледзячы на стан здароўя і паважаны ўзрост (амаль 80 гадоў), пастаянна чымсьці занятая. З задавальненнем чытае, піша вершы, успаміны пра цяжкае ваеннае дзяцінства, апавяданні. Шмат часу яна прысвячае любімаму занятку — фларыстыцы.

У свой час Таццяна Адамаўна закончыла гідрамеліяратыўны тэхнікум і набыла не зусім жаночую прафесію меліяратара, займалася асушэннем балот. Потым працавала ў навукова-даследчым інстытуце меліярацыі, куды такіх практыкаў бралі з задавальненнем. Што датычыць меліярацыі, то тут яна пачувалася як рыбка ў вадзе. Але двое сыноў патрабавалі ўсё большай і большай увагі маці, ёй жа часта даводзілася выпраўляцца ў працяглыя камандзіроўкі.

Хаця цяжка было мяняць занятак, усё-такі вырашыла перайсці ў Інстытут цепла- і масаабмену НАН Беларусі на пасаду інжынера. Як кажуць, творчы і таленавіты чалавек усюды сябе праявіць. На рахунку жанчыны — дыплом вынаходніка, яна суаўтар дзесяці вынаходстваў. А дасягнуць усяго гэтага дапамагалі прыродная кемлівасць, неверагодная працавітасць і, безумоўна, залатыя рукі. Ад маці, простай вясковай жанчыны з гомельскага Палесся, яшчэ да школы навучылася ткаць, шыць, вязаць, вышываць, ствараць адмысловыя рэчы для свайго жытла.

— Усё жыццё, як сябе памятаю, мае рукі не маглі трываць без работы, — распавядае майстрыха. — Потым, калі з’явілася прыгожая тканіна, за апошнія капейкі купляла яе літаральна па паўметра, выразала яркія кветкі і прышывала іх на нейкую аснову — атрымлівалася адмысловае пано. Упрыгожвала імі сваю кватэру, дарыла сябрам. Мае сурвэткі, вязаныя кручком, часта бралі на розныя выставы. Шмат вязала пруткамі. Іншы раз удавалася зарабіць і нейкую капейчыну для сям’і. Неяк вясною ўбачыла на дрэвах гронкі вельмі прыгожага насення з крылцамі. Пачала яго збіраць, сушыць. Адразу ўзнікла ідэя зрабіць штосьці незвычайнае з гэтага звычайнага прыроднага матэрыялу.

Новае хобі па-сапраўднаму захапіла жанчыну, у хуткім часе стварыла шмат прыгожых карцін. Іх таксама раздорвала блізкім і знаёмым. “А як захапіліся фларыстыкай?” — пацікавілася ў майстрыхі.

— Неяк запрасілі мяне на дачу. Убачыла гэтае прыгожае месца за Вязынкай і адразу загарэлася жаданнем вырошчваць розныя кветкі. У хуткім часе такі кветнік развяла! Спачатку шкада было выкідваць сухацветы, а потым зацікавілася фларыстыкай. Пачынала з нуля, не маючы ніякага ўяўлення пра тое, як правільна засушваць кветкі і лісточкі, як іх захоўваць, каб зберагчы прыродны колер. Многія майстры ведаюць: гэтыя падрыхтоўчыя работы патрабуюць вялікага цярпення і часу. Але калі ўжо матэрыял сабраны і раскладзены, застаецца толькі ўключыць фантазію. Асабліва гэта датычыць спалучэння саміх раслін, колераў, нават фону, на якім будзе стварацца кампазіцыя. Да мяне звярталіся, каб пераняць майстэрства. Пачынаю падрабязна расказваць пра фларыстыку, але яны толькі ўздыхаюць: маўляў, надта ўжо карпатлівы гэта занятак. Патрабуе шмат часу, сіл, цярпення, добрага густу.

Ужо год пасля таго, як зламала руку, Таццяна Адамаўна на дачу не ездзіць і амаль не выходзіць на вуліцу (інвалід другой групы). Як жа робіць нарыхтоўкі? Матэрыял прывозяць і прыносяць блізкія людзі, а іх у жанчыны нямала. Сама ўсё засушвае. Тэхналогію асвойвала вопытным шляхам, абапіраючыся на інтуіцыю. А некалькі гадоў таму ў рукі Таццяны Адамаўны трапіла кніга, у якой расказвалася, як займацца фларыстыкай.

— У асноўным мае прыёмы супадаюць з выкладзенымі рэкамендацыямі, а здараецца, нашы метады адрозніваюцца. Прынамсі, у кнізе напісана, што немагчыма захаваць пры сушцы белы колер ландыша, таму прафесійная фларыстыка прапаноўвае выразаць бутончыкі з лушпіння часнаку. Я ж паступаю інакш: рыхтую спецыяльную сумесь і танюсенькай кістачкай падмалёўваю кожную кветачку. Дарэчы, у фларыстыцы гэта дапушчальна. З пялёсткаў адной расліны можна стварыць другую, з лісця трэцяй выкласці вазу.

Апошнім часам работы Таццяны Адамаўны можна ўбачыць на розных выставах. Майстрысе вельмі прыемна, што людзі знаёмяцца з яе творчасцю, ацэньваюць, набываюць карціны ў падарунак. У кожнай з іх адчуваецца душа майстра. Жанчына не перастае верыць, што добрых людзей на гэтым свеце больш. Такое жыццёвае крэда Таццяны Дземідзенкі.

Раіса МАРЧУК,
фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.