Праваднік у паўнавартае жыццё: чым адметны віцебскі «Элект», дзе большая частка супрацоўнікаў мае інваліднасць

Поддержи

Унітарнае прадпрыемства “Элект” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” было заснавана яшчэ ў 1931 годзе ў Віцебску. Ужо амаль стагоддзе на заводзе вырабляюць святлотэхнічную прадукцыю, электраўстановачныя вырабы, нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, галантарэйныя вырабы. Зараз на прадпрыемстве, разам з яго філіялам у Оршы, працуе 475 чалавек, з якіх 142 маюць інваліднасць па зроку. “Вместе!” пабывалі на “Электа” у Віцебску і даведаліся, як прадпрыемства жыве зараз.

Будынак “Электа” знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад чыгуначнага вакзала, таму дабрацца сюды не цяжка. Ужо на падыходзе да прадпрыемства для людзей з парушэннем зроку працуюць гукавыя светлафоры, ёсць спецыяльныя абазначэнні на тратуары. Для тых, хто зусім не бачыць – гучыць адпаведная музыка. Нас сустрэла Юлія Ардынава, намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях.

Юлія Ардынава

– У нас працуе шмат людзей з інваліднасцю, па большай частцы невідушчыя і са слабым зрокам, але ёсць і з іншымі катэгорыямі інваліднасці, – пачынае размову Юлія. – Працоўныя месцы і вытворчыя цэхі цалкам адаптаваны для тых, хто не бачыць. На лесвіцах ляжаць дарожкі для арыентавання, на поручнях – тактыльныя абазначэнні паверхаў, побач з кожным памяшканнем – іх назва шрыфтам Брайля. Трэба разумець, што калі працуеш з людзьмі з інваліднасцю, значная роля адводзіцца іх рэабілітацыі – як працоўнай, так і сацыяльнай.


Рэабілітацыя

Мы прыехалі ў апошні чацвер месяца, калі на “Элекце” праводзяць “Дзень рэабілітацыйных мерапрыемстваў”. У гэты дзень людзі з інваліднасцю могуць замест працы прайсці тую рэабілітацыю, якая ім патрэбна. Напрыклад, бытавую, дзе спецыялісты дапамогуць разабрацца са спецыяльнымі праграмамі для невідушчых у тэлефоне ці камп’ютары, навучыцца хадзіць з белай палкай ці карыстацца ціфлатэхнічнымі сродкамі.

Уладзімір Кабылкін

– На такі рэабілітацыйны дзень мы запрашаем усіх жадаючых, асабліва тых, у каго 1-я група інваліднасці, – расказвае Уладзімір Кабылкін, начальнік аддзела рэабілітацыі, таксама невідушчы. – Тых, хто праходзіць рэабілітацыю ў гэты дзень, вызваляюць ад працы. У нас ёсць інструктары-метадысты па розных напрамках – па спорце і культуры, па інфармацыйных тэхналогіях, па шахматах. Сёння першая гадзіна дня прысвечана працы за камп’ютарам на прыкладзе Windows 10, другая – карыстанню смартфонам з галасавым вывадам функцый. Для нас важна, каб людзі з парушэннем зроку маглі без праблем знайсці любую інфармацыю ў інтэрнэце ці аплаціць паслугі онлайн. Далей ідзе спартыўная рэабілітацыя, дзе разам з інструктарамі людзі займаюцца адаптыўнымі відамі спорту, напрыклад, шоудаунам (настольны теніс для невідушчых), праводзім заняткі па арыентаванню на мясцовасці. З некаторымі праходзім на вуліцы неабходны маршрут, каб ім лягчэй было рухацца па горадзе.

У астатнія дні на базе “Электа” працуюць тыя ж інструктары, што і ў апошні чацвер месяца. Таму няма праблемы ў тым, каб наведаць гурткі ці задаць пытанне па рэабілітацыі. Таксама кожны дзень працуе урач-тэрапеўт у медыцынскім кабінеце, дзе спецыяліст можа правесці неабходныя медыцынскія працэдуры. Каму па праграме рэабілітацыі прызначаны масаж, можа атрымаць яго ў вопытнага спецыяліста Анатоля Кірыковіча, які ўжо 17 гадоў працуе на прадпрыемстве. Ён таксама невідушчы.

Анатоль Кірыковіч

Культура і спорт

Асаблівае месца на віцебскім прадпрыемстве надаюць спорту і культуры. Тут існуюць чатыры музычныя калектывы, якія маюць статус “народны”. Гэта народны ансамбль народнай песні “Кросны”, народная вакальная група “Хорус”, народны драматычны калектыў “Вандроўнікі” і народны хор народнай песні “Славіца”.

Сярод спартыўных дасягненняў працаўнікам “Электа” таксама ёсць чым ганарыцца: каманды не раз займалі прызавыя месцы на спаборніцтвах. Інструктарам па культуры і спорту працуе Юрый Ардынаў, які ў 2018 годзе быў названы лепшым гульцом па міні-футболе сярод невідушчых на кубку Еўропы ў Кракаве.

– Мне здаецца, у нас ёсць амаль усё, што патрэбна людзям з парушэннем зроку, каб займацца спортам, – разважае Юрый. – У асноўным, да мяне прыходзяць нашыя працаўнікі, але іншы раз спартыўныя гурткі наведваюць і ветэраны. У спартыўнай зале ёсць спецыялізаваныя сталы для шахмат і шашак, настольнага тэніса з неабходным інвентаром. Таксама ёсць спецыяльныя мячы са званочкам для міні-футбола і галбола. Нядаўна адрамантавалі актавую залу прадпрыемства. Цяпер там займацца творчасцю – адно задавальненне. Кіраўніцтва прадпрыемтсва закупіла новую музычную апаратуру. Таленавітых людзей у нас шмат, таму рэпетыцыі праводзім амаль кожны дзень.

Кіраўніцтва прадпрыемства падтрымлівае ідэі таленавітых працаўнікоў. Напрыклад, нядаўна адбылася прэзентацыя праекта “Фундамент творчасці”. Аўтарам і арганізатарам яго была Юлія Ардынава.

– “Фундамент творчасці” – гэта амаль 30 работ, зробленых рукамі супрацоўнікаў з інваліднасцю, – тлумачыць Юлія. – Раней я была кіраўніком гуртка па валенні з воўны, таму гэта ідэя прыйшла да мяне падчас працы. Я падумала, што было б класна, каб кожны чалавек, хто прыходзіць да мяне, мог зрабіць нешта сваё і дадаць да агульнай абстракцыі. І маментальна зразумела, што хачу аб’яднаць мастацтвам усіх – і з парушэннем зроку, і з ДЦП, і з ментальнымі захворваннямі і іншых. Калі я прыйшла да дырэктара прадпрыемства, Аляксандра Уладзіміравіча Пілатава, з гэтай ідэяй, ён адразу падтрымаў мяне і вырашыў фінансавае пытанне на правядзенне гэтага праекта. Я вельмі ўдзячна яму. Вынікі праекта пацвердзілі, што гэта было зроблена не дарма.

Вытворчасць

Унітарнае прадпрыемства “Элект” грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” – вядучы вытворца электраўстановачных вырабаў разнастайнага асартыменту. Тут вырабляюць разеткі, выключальнікі, вілкі штэпсельныя, мантажныя скрынкі, бытавыя, прамысловыя і садова-паркавыя свяцільні, вокны ПВХ, робяць новыя формы для ліцця і рамантуюць старыя.

– У мяне такі прынцып: “Калі ты пераступіў парог прадпрыемства, трэба працаваць, як усе”, – упэўнены намеснік дырэктара па вытворчасці Сяргей Воднеў. – Я не падзяляю нікога на здаровых і інвалідаў. Для мяне ўсе, у першую чаргу, людзі і супрацоўнікі. У нас дастаткова буйное прадпрыемства. Ёсць яшчэ вялікі філіял у Оршы. Людзі працуюць на ўчастках ліцця, нарыхтоўчым з уласнай гальванатэхнікай (штампоўка, нарэзка і інш.), зборачным, па вырабе вокнаў ПВХ, інструментальным (формы для ліцця і штампы), механічным, энергетычным, сантэхнічным. Самы вялікі цэх – зборачны, ён падзелены на ўчасткі. У гэтым цэху працуюць амаль 100 чалавек.

Сяргей Воднеў

Асноўны рынак збыту – Беларусь і Расія, але прадпрыемства працуе і з краінамі бліжняга замежжа, напрыклад, Казахстанам, Арменіяй, Кіргізіяй. Раней пастаўкі рабіліся і ў Румынію, Літву, Латвію.

– На маёй памяці не было такого, каб мы працавалі ва ўрон, – кажа суразмоўнік. – Большая частка нашай прадукцыі на дадзены момант пастаўляецца ў Расію, бо там ёсць беларускія гандлёвыя дамы – у Краснадары, Санкт-Пецярбургу, Самары і інш. Працоўных нам хапае, зараз свабодных вакансій няма. Не магу сказаць, што дзверы “ломяць”, каб працаваць тут, але і недахопу ў кадрах няма. У мінулым годзе ў Оршы адкрылі новы цэх – набралі 14 чалавек. Для людзей з інваліднасцю працаваць у адаптаваных пад іх патрэбы ўмовах – вялікі плюс, таму здаецца, мы даволі прывабныя працадаўцы, – усміхаецца Сяргей.

Марына Шарэц (злева)

У зборачным цэху да нашай размовы далучылася Марына Шарэц, майстар зборачнай вытворчасці.

– Людзей шчыруе шмат, таму цэлы дзень на нагах, – гаворыць Марына. – Рабочыя тут з рознымі групамі інваліднасці. Працуюць у адпаведнасці з заключэннем МРЭК. У асноўным, па 7 гадзін. Але тыя, у каго ёсць агульныя захворанні, могуць быць на рабочым месцы і па 6, і па 4 гадзіны. Побач з імі і людзі з парушэннем апорна-рухальнага апарата, якія рухаюцца пры дапамозе палачкі. Але большая частка, вядома ж, з парушэннем зроку. А яшчэ ёсць тры маладыя спецыялісты.

Усе супрацоўнікі цэха вельмі ўважліва і сканцэнтравана выконваюць аперацыі. Паглядзеўшы на вытворчы працэс, цікавімся ў Юліі Ардынавай: як гэта, калі на прадпрыемстве працуюць амаль што ўсе людзі з інваліднасцю?

– Скажу шчыра, бываюць розныя выпадкі, – прызнаецца яна. – Мы робім усё магчымае, каб забяспечыць камфортныя ўмовы працы і аказаць якасную рэабілітацыю. Як паказвае практыка, перад тымі, хто хоча развівацца, – адчыняюцца ўсе дзверы. “Элект” – гэта не проста прадпрыемства, гэта цэлая “краіна” са сваімі правіламі і асаблівасцямі.

 

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version