Кантроль за паводзінамі пацыента, іерархічная структура працэсу прыняцця рашэння . Ці ёсць плён ад такога падыходу да людзей з псіхічнымі парушэннямі

На міжнароднай канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай рэабілітацыі людзей з псіхічнымі парушэннямі, я запытала ў спікераў з ЗША і Фінляндыі, ці адбіраюць у іх дзяцей, калі ў маці ёсць інваліднасць па псіхічных захворваннях. Адзін з прадстаўнікоў здзіўлена сказаў, што на гэта ёсць сацыяльныя службы, якія дапамагаюць выхоўваць дзіця. А адбіраць – гэта прамое парушэнне Канвенцыі аб правах інвалідаў.
Падыход да псіхічных парушэнняў у нашай краіне
З гэтага моманту стала зразумела, што ў нашых краінах абсалютна розныя падыходы да функцыянавання і жыцця людзей з асаблівасцямі, хоць і ратыфікавана адпаведная Канвенцыя. У нас прынята, што «нармальна» – гэта каб чалавек рэалізаваўся ў працы, сям’і і грамадскім жыцці. Але для людзей, якія маюць псіхічныя парушэнні, «нармальна» – гэта быць шчаслівым у грамадстве з тым дыягназам, які ён мае.
/
У еўрапейскіх краінах і ЗША галоўным інструментам для дасягнення шчасця такіх людзей ужо даўно стала супольнасць. У нас жа пануе традыцыйны падыход: медыкаментознае лекаванне і адасабленне людзей ад соцыуму. Таму такія асобы ў сваёй большасці – гэта пацыенты псіханеўралагічных інтэрнатаў, пацыенты РНПЦ і проста неабароненыя людзі, якія не могуць знайсці сабе працу і самастойна выхоўваць дзіця.
/
Кожны 18 чалавек у свеце жыве з псіхічным расстройствам. Прытым штогод колькасць людзей толькі павялічваецца. На канферэнцыі прагучала, што «важны не дыягназ, а якасць жыцця. Хваробы часта невылечныя, але чалавек пры гэтым мае права жыць шчасліва». Ці не даказаў сваю неэфектыўнасць строгі падыход да псіхічных расстройстваў? Строгі падыход мусіць дадавацца да комплекснага, дзе будуць і іншыя фактары, якія дапамагалі б чалавеку аднавіцца.
Клубны дом у ЗША
Кінга Енджэйчак, намеснік дырэктара па развіцці партнёрства Клубнага дома ў Нью-Ёрку, на канферэнцыі казала наступнае: «Некалі мы размаўлялі пра частковае аднаўленне чалавека з псіхічнымі асаблівасцямі, зараз мы вядзем гаворку пра поўнае аднаўленне такіх людзей».
У ЗША гэтаму садзейнічае далёка не бальнічнае лекаванне. Там паспяхова дапамагаюць людзям з псіхічнымі захворваннямі дзякуючы супольнасці, у якую па сваім жаданні ўваходзіць чалавек і атрымлівае комплексную дапамогу. Такая супольнасць называецца «Клубны дом» – мадэль з апорай на навуковыя факты. Гэта і жыллёвая падтрымка, і адукацыйная, і дапамога ў працаўладкаванні людзей з псіхічнымі асаблівасцямі.
Яна была распрацавана ў ЗША ў 40-я гады мінулага стагоддзя і стала настолькі паспяховай, што паступова стала выкарыстоўвацца ва ўсіх краінах свету. А з нядаўняга часу з Клубным домам стала супрацоўнічаць сусветная арганізацыя аховы здароўя. На сёння ў свеце працуюць каля 300 клубных дамоў, у тым ліку і ў Беларусі. Але збольшага пра адладжаную працу можна казаць ў краінах Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Заходняй Еўропы.
Ва Усходняй Еўропе, па меркаванні эксперта, не хапае падтрымкі з боку сацыяльнай службы. «Гэта тыя краіны, у якіх дамінуе медыцынскі падыход, а дзяржаве складана выбудоўваць іншыя падыходы. Да таго ж цяжка атрымаць фінансаванне на такія мадэлі».
Рэабілітацыя ў Фінляндыі
Эска Ханінен, радца па сацыяльнай палітыцы і палітыцы ў галіне аховы псіхічнага здароўя ў Фінляндыі, даследуе працу Клубнага дома ўжо два гады. Азначэнне клубнага дома ён акрэсліў у некалькіх словах: «Клубны дом – гэта змена прыярытэтаў: ад гаспіталізацыі да працы ў супольнасці».
Традыцыйнае лекаванне – гэта бальнічны кантэкст: кантроль за паводзінамі пацыента, іерархічная структура працэсу прыняцця рашэння. «Канцэпцыя Клубнага дома з’яўляецца больш інклюзіўнай, чым вышэйназванае. Тут праяўляецца больш інтарэсу да асобы з псіхічнымі асаблівасцямі, існуюць і партнёрскія сувязі паміж пацыентам і доктарам. Тут і жыллёвая падтрымка, бо ўсе такія асобы маюць цяжкасці з жыллём. Яны вымушаны жыць дома ў сваіх бацькоў. Па логіцы, клубныя дамы мусяць супрацоўнічаць з клінікамі. З клінік мусяць выдаваць накіраванні на праходжанне аднаўлення ў Клубным доме», – кажа Эска Ханінен.
Міністэрства аховы здароўя і мясцовыя муніпаліцэты фінансуюць клубныя дамы ў Фінляндыі. Праграма клубных дамоў рэкамендавана да шырокага выкарыстання.
Клубныя дамы ў Фінляндыі эфектыўны не толькі па дапамозе, але і па ўкладзеных у іх дзяржаўных рэсурсах. У прыватнасці, на кожны еўра, які быў інвеставаны ў клубны дом, эканоміць ад 5 да 6 еўра. Штогадовы кошт двух бальнічных ложкаў дазваляе фінансаваць штогадова два клубныя дамы колькасцю да 30 чалавек і аказваць ім усе неабходныя паслугі. Эска Ханінен перакананы, што прыводзіць аргумент абмежаваных рэсурсаў, калі гаворка ідзе аб дзяржаўнай палітыцы, непераканаўча. Рэсурсы могуць быць проста няправільна размеркаваныя: 70-80 % рэсурсаў выкарыстоўваюцца ў бальніцах і толькі каля 20% – у супольнасцях.
На сёння ў Фінляндыі каля 3,5 тысяч людзей жыве ва ўстановах, якія ў Беларусі называюцца псіхнанеўралагічнымі інтэрнатамі. Праўда, так было далёка не заўсёды. У 80-я гады Фінляндыя і Ірландыя сталі краінамі, у якой колькасць такіх ложкаў была самай высокай у свеце: каля 20 тысяч у стацыянарных лячэбніцах і 5 у рэгіянальных. На сёння псіхіятрычныя ложкі знаходзяцца ў бальніцах агульнага тыпу. Для параўнання, у Беларусі ў псіханеўралагічных інтэрнатах жыве каля 16 тысяч чалавек.
Клубны дом у Беларусі
Клубны дом у Мінску існуе восем гадоў. Яго партнёрамі выступілі РНПЦ псіхічнага здароўя, ТЦСОН Фрунзенскага раёна, Клубны дом у Мюнхене «Ластаўчына гняздо». Усяго ў клубным доме 174 членаў, 50 унікальных наведвальнікаў у месяц, 4 валанцёры. Такія дамы ёсць у Брэсце, Віцебску, Гродне. Хутка будзе і ў Лідзе.
Вольга Рыбчынская, член праўлення грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў», былы дырэктар клубнага дома ў Мінску, звярнула ўвагу на тое, што выздараўленне і аднаўленне хворага – не адно і тое ж. І часта выздараўленне немагчымае, але аднаўленне магчымае заўжды, толькі ў бальніцах яго правесці немагчыма:
/
«Аднаўленне – гэта не проста пазбаўленне ад сімптомаў. Гэта той шлях, калі чалавек жыве нармальным жыццём, дзе ён знаходзіць шчасце. Калі выздараўленне немагчымае, людзі звычайна адчайваюцца. Але аднаўленне прадугледжвае наступнае: «Нягледзячы на тое, што захворванне не лечыцца, я магу знайсці свой шлях, дзе магу быць шчаслівым». Атрымліваецца, у Беларусі аднаўленнем займаюцца ініцыятывы самадапамогі.
/
Максім некалі прыйшоў у Клубны дом па падтрымку. Зараз ён, як і раней, прымае прэпараты, але цяпер ён ужо сам аказвае падтрымку іншым. Ён кажа, што тыя, хто прыходзіць у Клубны дом, адчуваюць перадышку. Гэта, па яго словах, нетыпова для нашага грамадства: «У бальніцы не працуюць з чалавекам, якому трэба аднаўляцца, пачынаць усё з нуля – вучыцца і працаваць. Тыдзень, праведзены ў бальніцы, і самота развіваюць бязволле яшчэ больш. Пасля яе чалавек вучыцца кантактаваць зноў».
Якія віды заняткаў найбольш эфектыўны ў Клубным доме? Максім катэгарычна не згодзен з пастаноўкай гэтага пытання. У Клубным доме гаворка ідзе пра ўнутраны стан чалавека: «Калі чалавек адчувае сябе здольным працаваць, то мы ўсяляк садзейнічаем яго працаўладкаванню. Клубны дом – гэта пра суб’ектыўнае, а не пра аб’ектыўнае. Першае, з чым сутыкнуўся чалавек, гэта адносіны да яго як да дарослага».
Што ж, каб не быць галаслоўнымі, давайце прааналізуем вынікі працы Клубнага дома Мінску. Найперш, гэта адсутнасць перыядычнай гаспіталізацыі пацыентаў. Бо звычайна, асабліва ўвосень, яны ідуць і кладуцца ў бальніцы. Калі пацыенты пачынаюць наведваць Клубны дом, гэтая патрэба ў іх знікае. Па статыстыцы, з дапамогай Клубнага дома 32% яго членаў знайшлі сабе працу. А таксама, важна, што ў членаў клуба палепшыліся стасункі са сваякамі. Клубны дом праводзіць цыкл сустрэч і псіхалагічную дапамогу, як членам клуба, так і іх родным.
Праўда, ёсць і праблемы ў функцыянаванні Клубных дамоў у Беларусі. Вольга Рыбчынская назвала наступныя: адсутнасць супрацоўніцтва і агульнага паразумення ў галіне псіхічнага здароўя паміж медыцынскімі і сацыяльнымі ўстановамі, недахоп фінансавання. Дзяржаўны заказ актуальны толькі ў Брэсцкай вобласці. Не хапае добрай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Сіндзі, якая перамагла хваробу
Напэўна, адзін з фактараў, які мала ў нас улічваецца, гэта тое, што чалавек, які аднойчы перажыў і перамог хваробу, можа дапамагаць іншым з ёй справіцца.
Сіндзі Хамерсма – жанчына з Нідэрланадаў, якая некалі перажыла дэпрэсію. На канферэнцыі яна засведчыла пра сваё жыццё і хваробу: «Я з маленькай вёсачкі каля Амстэрдама, расла ў цудоўнай сям’і. Аднак аднойчы пачаліся панічныя атакі: я не магла спаць, я не магла спраўляцца з бытавымі справамі. Не магла паверыць: як у мяне магла быць дэпрэсія? Мой псіхатэрапеўт прапанавала мне прайсці тэрапію, прапіць лекі. Праз год мне стала лепш. Тады я зацяжарыла. Праз шэсць месяцаў пасля нараджэння дачкі зноўку пачалася дэпрэсія. Падчас лекавання памёр мой бацька – і я стварыла сваю рэальнасць, дзе няма болю. У выніку мяне супраць волі змясцілі ў псіхіятрычную лячэбніцу. Урачы сказалі, што ў мяне біпалярнае расстройства. Мяне адправілі дадому, у і мяне быў новы дыягназ – дэпрэсія. З якім мне ўжыцца было вельмі цяжка. Такое адчуванне, што маю асобу падмянілі, маю асобу сцёрлі. Мне спатрэбілася шмат часу на тое, каб зразумець, што я – гэта не мой дыягназ. Мне прапанавалі стаць членам Клубнага дома. Я прымушала сябе быць там кожны дзень, прымушала сябе рабіць працу, якая мела сэнс. Менавіта такая рэгулярнасць дапамагла мне адчуваць сябе ўсё лепш і лепш. Я стала працаваць над праграмай Клубнага дома. Праз год я атрымала кантракт. Я стала адчуваць сябе лепш, зноў стала марыць. Я стала дапамагаць людзям у працэсе выздараўлення. Мой слабы бок стаў моцным. Я ніколі не думала, што такое магчыма».
Эпілог
Клубны дом – эфектыўная мадэль для нашай краіны і з пункту гледжання рэабілітацыі і аднаўлення пацыентаў, і з пункту гледжання эканомікі. Гэта дакладна больш выгодна, чым утрымліваць досыць вялікую колькасць псіханеўралагічных інтэрнатаў.
Але ў нас і далей застаюцца ўстановы закрытага тыпу, дзе людзі пазбаўлены дзеяздольнасці. Ці змогуць яны калі-небудзь рэалізавацца і быць хоць нечым карысным грамадству? Пытанне рытарычнае.
Вікторыя Чаплева
Фота аўтара і budzma.by
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.