Калі жаданні супадаюць з магчымасцямі

Поддержи

Знайсці сваё месца ў жыцці – ці не да гэтага імкнецца кожны з нас, выбіраючы спецыяльнасць, прафесію, занятак па душы. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі вызначыцца з такім выбарам намнога складаней: ім перашкаджаюць не толькі фізічныя, а ў першую чаргу псіхалагічныя бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца ў грамадстве. Але, як кажуць, для нежадання існуе шмат прычын, а для жадання – мноства магчымасцей. Яркае пацверджанне апошняму – дзейнасць вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Дзяржынскі камбінат надомнай працы” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Пра надзённыя клопаты і блізкія перспектывы, а таксама пра ўмовы, якія стварае згаданае таварыства для сваіх членаў, каб тыя маглі рэалізаваць сябе ў розных сферах, расказвае дырэктар камбіната Станіслаў Сцяпанавіч Кайко.

Пра мінулае, далёкае і не вельмі…

Пачаць, напэўна, варта з таго, што летам 2011-га камбінат надомнай працы (у мінулым больш вядомы як прамкамбінат) адзначыў юбілей: 85-годдзе з дня заснавання.

Вытокі яго гісторыі – у канцы XIX стагоддзя. Менавіта тады ў Койданаве яўрэем Ліўшыцам быў заснаваны лесапільны завод, побач з якім пабудавалі млын. У 1907-м лесазавод згарэў, але з цягам часу зноў адбудаваўся. Пасля рэвалюцыі прадпрыемства нацыяналізавалі. А ў 1926-м уся прамысловасць раёна аб’ядналася ў “Койдсельпрамтрэст”, у склад якога ўвайшоў і лесазавод. У тым жа годзе пачаў дзейнічаць і прамкамбінат, які ў 1989-м стаў называцца камбінатам надомнай працы для інвалідаў.

Як кажуць, многа вады сплыло з той пары, і ўсякае здаралася за 85 гадоў. Але асабліва памятны для камбіната пачатак 2008-га, калі прадпрыемства літаральна патанула ў даўгах і праблемах. У 2008-м годзе аб’ём выпушчанай прадукцыі склаў усяго 160 мільёнаў рублёў. Да таго ж запазычанасць за электраэнергію дасягала 40 мільёнаў, а штрафы – звыш 120 мільёнаў рублёў. Існавала толькі швейная вытворчасць, а дрэваапрацоўкі не было наогул. Арандатараў налічвалася толькі 14.

Менавіта ў такі складаны час камбінат узначаліў С. С. Кайко. І праз год, дзякуючы эфектыўнаму кіраўніцтву, гэта не вельмі радасная карціна кардынальна змянілася. Мяркуйце самі. У 2009-м аб’ём вытворчасці вырас да 359 мільёнаў рублёў, а яшчэ праз год – да 728 мільёнаў. Колькасць арандатараў дасягнула 40, а пасля і 58 чалавек. Разлічыліся з даўгамі і штрафамі, прынялі на працу 35 чалавек (з іх – 6 інвалідаў), а ў 2010-м работнікамі камбіната сталі яшчэ 28 дзяржынцаў, з якіх чацвёра – людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Павялічыліся аб’ёмы швейнай вытворчасці, пачалі працаваць піларама і сталярны цэх, быў выкананы шэраг рамонтных і будаўнічых работ – сведчыць непрадузятая статыстыка.

Так у гісторыі аднаго са старэйшых у раёне прадпрыемстваў пачалася новая старонка.

 

…І сённяшні дзень

“Нават у самім Дзяржынску зараз мала хто ведае, што камбінат надомнай працы – паспяховая вытворчасць, дзе сярэдні заробак – не меншы, чым на іншых прадпрыемствах райцэнтра”, – адзначае Станіслаў Кайко. І калі параўноўваць сённяшні дзень з сітуацыяй трохгадовай даўнасці, то без красамоўнай статыстыкі зноў не абысціся. А яна гаворыць, што аб’ёмы вытворчасці за гэты час выраслі са 160 да 930 мільёнаў рублёў; колькасць арандатараў павялічылася з 14 да 64 чалавек; на працу ўладкаваліся 13 інвалідаў, а сума выручаных сродкаў склала 1621 мільён рублёў (тры гады назад – 440 мільёнаў).

Сёння каля 52% ад агульнай колькасці работнікаў – інваліды. Прыносіць карысць грамадству, радавацца вынікам сваёй працы – для іх гэтыя, на першы погляд, пафасныя словы маюць асаблівае значэнне.

Рытуальныя прыналежнасці, спецадзенне, пасцельная бялізна – швейная прадукцыя камбіната, што выконваецца пад заказ, самая разнастайная. Таксама заўсёды запатрабаваныя паслугі дрэваапрацоўчага цэха, дзе распілоўваюць лес. А ў будучым плануецца адкрыць цэх па вытворчасці садовай пліткі. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, агульныя для ўсёй краіны, тут не палохаюцца праблем, а імкнуцца іх вырашаць.

Не забываюцца на камбінаце і пра шэфскія сувязі, якія не адзін год звязваюць “надомнікаў” з сярэдняй школай №2 г. Дзяржынска. Калі трэба, дапамагаюць збіраць металалом, забяспечваюць пасцельнай бялізнай, не забываюцца пра падарункі для школьнікаў, а тыя, у сваю чаргу, радуюць працаўнікоў камбіната святочнымі канцэртамі.

І ўсё ж кадравая праблема – адна з самых актуальных. На прадпрыемстве, у асноўным, працуюць людзі паважанага ўзросту (сярод іх нямала тых, хто прысвяціў камбінату не адно дзесяцігоддзе). А, як вядома, без пераемнасці пакаленняў не бывае новых поспехаў і здзяйсненняў. Тамара Бондарава, Юлія Лебедзева, Валерый Бурковіч, Тамара Круцько, Ігар Фурс – імёны гэтых спецыялістаў, прадстаўнікоў як старэйшай, так і маладой “фармацыі”, гучаць з вуснаў дырэктара камбіната. “Хочацца, каб людзі, асабліва з абмежаванымі магчымасцямі, болей ведалі пра наша прадпрыемства, пра тое, што мы маем патрэбу ў новых кадрах і ў сваю чаргу можам забяспечыць жадаючых годнай працай”, – зазначыў Станіслаў Сцяпанавіч.

Ірына ДРАБЫШЭЎСКАЯ

 

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Инвалид информационной войны

2012-02-10 23:50:08

Жыве Беларусь. Жыве родная матчына мова.

Дмитрий

2012-02-10 17:16:01

Дзякуй за беларускую мову.

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.