Калі чалавек сам творца свайго лёсу: Дзмітрый з ДЦП вучыцца на праграміста і працуе ў раённай газеце
Нарадзіўся Дзмітрый Войтаў у невялікім аграгарадку Радомля Чавускага раёна. Пры нараджэнні хлопцу паставілі дыягназ – дзіцячы цэрэбральны параліч. У хлопца 2-я група інваліднасці. Раней яму было цяжка перасоўвацца нават па хаце. Але пасля аперацый і рэабілітацыі сітуацыя палепшылася. Зараз Дзмітрый, хоць і з палачкай, але рухаецца самастойна.
Шматлікія шпіталізацыі пачаліся, калі Дзіму споўнілася 8 гадоў. У хлопца выявілі дысплазію тазасцегнавых суставаў.
– Была верагоднасць таго, што я не буду хадзіць, – узгадвае хлопец. – Мне зрабілі аперацыю ў Магілёве, але пасля яе пачаліся ўскладненні. Дзесьці ў 13 гадоў я паехаў у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ў Мінск. Там урачы дапамаглі, самаадчуванне палепшылася. Асноўную частку рэабілітацыі я праходзіў у Магілёве, але ў 2019 годзе праз дапамогу спонсараў атрымалася з’ездзіць у рэабілітацыйны цэнтр у Анапу.
Дзмітрый наведваў звычайную сярэднюю школу ў Радомлі. У класе было 6 вучняў.
– Ніхто не звяртаў увагі на тое, што я кульгаю, – працягвае ён размову. – Школу я наведваў увесь час, акрамя дзён, калі ляжаў у гіпсе. Тады настаўнікі прыходзілі да мяне дадому. Але большую частку вучобы быў у школе разам з вучнямі. Мы і зараз сябруем.
“Засталося абараніць дыплом”
Вучыўся Дзіма выдатна. Таму пасля 11 класаў вырашыў і далей прадоўжыць навучанне, каб атрымаць спецыяльнасць.
– Марыў стаць ці юрыстам, ці праграмістам, – гаворыць ён. – Надумаўся паступаць у Магілёў. Але на час вучобы трэба было заставацца і жыць там. Ды нечакана гэтая праблема вырашылася сама па сабе. Якраз на той час у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова-тэхнічным каледжы на дыстанцыйнае навучанне набіралі эксперыментальную групу з людзей з інваліднасцю. Мне патэлефанавалі адтуль і прапанавалі далучыцца да гэтай групы. Я згадзіўся. Застаўся дома і вучуся дыстанцыйна. Ужо перайшоў на другую ступень навучання па прафесіі “Аператар ЭВМ”. Засталося абараніць дыпломную працу, і я атрымаю сярэдне-спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Спецыяліст па праграмнаму забеспячэнню інфармацыйных тэхналогій”.
Падрабязней пра эскперыментальную групу ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова-тэхнічным каледжы расказала выкладчык інфармацыйных тэхналогій каледжа, куратар адной з такіх груп Вікторыя Маркава:
– Першую такую групу мы набіралі ў 2019 годзе. Былі залічаны 8 вучняў з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Усе яны праходзілі навучанне дома з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій. Гэта быў удалы вопыт, таму групы набіраюцца і зараз. На першай ступені навучэнцы за год атрымліваюць прафесію “Аператар ЭВМ 5 разраду”. Далей ёсць магчымасць паступіць на другі ўзровень і стаць тэхнікам-праграмістам. На першай ступені ўвесь вучэбны працэс – дыстанцыйны, на другой – трэба прыязджаць на выніковыя экзамены. Гэта бюджэтная форма навучання, таму пасля заканчэння каледжа – абавязковае размеркаванне. Мы дапамагаем такім выпускнікам з працаўладкаваннем. Узрост тых, хто хоча атрымаць прафесію ў нас, не абмежаваны. Напрыклад, разам з Дзімам у групе навучаецца мужчына, якому больш за 50 гадоў. З 2019 года ў нас налічваецца ўжо 4 групы для людзей з інваліднасцю, апошняя з якіх набіралася не толькі з жыхароў Магілёўскай вобласці, але і з усёй рэспублікі. У наступным годзе таксама будзе праходзіць набор.
“Іскра”
Пасля заканчэння каледжа Дзмітрый плануе атрымаць вышэйшую адукацыю, але яму трэба адпрацаваць размеркаванне. На гэты кошт хлопец не хвалюецца, бо ўжо знайшоў месца.
– У 2020 годзе да мяне прыехалі журналісты з раённай газеты “Іскра”, каб напісаць матэрыял да Міжнароднага дня інвалідаў, – успамінае Дзіма. – Тады карэспандэнт і ўбачыла, што я добра валодаю рознымі праграмамі тыпу PhotoShop, InDesign, Illustrator. Расказала пра гэта галоўнаму рэдактару. І мне прапанавалі пазаштатную працу ў рэдакцыі. Асноўным маім абавязкам было рыхтаваць тэматычныя мастацкія ілюстрацыі да святаў.
– Калі мы шукалі героя для матэрыялу, мы і падумаць не маглі, што Дзіма будзе нашым супрацоўнікам, – расказвае галоўны рэдактар газеты “Іскра” Наталля Шкрэдава. – Адразу ён працаваў пазаштатна, але затым звярнуўся з просьбай прайсці практыку. На той час была свабоднай вакансія рэдактара інтэрнэт-рэсурсу, таму я і прапанавала яму заключыць працоўную дамову. Мы пасадзейнічалі, каб хлопец атрымаў пакой у інтэрнаце на першым паверсе, і цяпер ён жыве ў Чавусах. Дзіма хутка вучыцца ўсяму, вельмі інцыятыўны і таленавіты. І, зразумела, чакаем яго размеркавання да нас, у рэдакцыю.
Як кажа сам хлопец, пераезд у райцэнтр яго не напужаў, наадварот, ён ацаніў самастойнае жыццё. У інтэрнаце яму ўсё да спадобы, але малады чалавек марыць пабудаваць і жыць ва ўласным доме.
– Мяне ўсё задавольвае, – прызнаецца Дзмітрый. – Працую з 8:00 раніцы да 16:00 гадзін. Грошай аднаму хапае. Пасля працы ў рэдакцыі працягваю займацца PhotoShop, мне гэта імпануе больш за ўсё. У 2020 годзе нават заняў першае месца на конкурсе WorldSkills Belarus у намінацыі InclusiveSkills (міжнародны некамерцыйны рух, мэтай якога з’яўляецца павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі ва ўсім свеце. – Заўв.аўт.) і выйграў планшэт. Таксама малюю на заказ блогерам атрыбутыку для іх відэа. У будучым мару працаваць на якую-небудзь буйную кампанію і жыць у ціхім гарадку, як нашы Чавусы.
Дарыя Галоўчыц
Фота chausynews.by
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.