«Каб была жывая мама, пакуль жывая я». Гісторыя вясковага жыцця Наташы з ДЦП

Поддержи

Вёска Мацылёўшчына. Глыбінка ў Нясвіжскім раёне. Адна з тых вёсак, якая ажывае толькі летам, калі прыязджаюць дачнікі. Стала ў вёсцы жыве з дзясятак сем’яў. Адна з іх – сям’я Рыштоўскіх: маці Рэня, сёстры Ала, Наташа і Алена, якая прыязджае на выхадныя. Старэйшая, Ала, некалькі гадоў таму вярнулася з Мінска ў родную хату, каб даглядаць сястру з ДЦП і маці, якая ўжо ледзь перасоўваецца.

Сёстры

У вясковай хаце прахалодна. На ложку, у гасцявым пакоі, мяне чакае Наташа і яе маці, баба Рэня. Баба Рэня ўжо амаль нічога не чуе, таму проста з цікавасцю назірае за намі і час ад часу гучна выкрыквае: «Вы ж толькі шмат не фатаграфуйце мяне!»

Наташай жанчыну называць неяк няёмка. У свае 50 гадоў яна выглядае як падлетак: худая, маленькая, блакітнавокая, з тонкім голасам і гладкай і светлай скурай. Сярэдняя сястра, Алена, жыве і працуе ў Мінску, але пры першай мажлівасці прыязджае дапамагчы па гаспадарцы. Чатыры гады таму маму і сястру прыехала даглядаць Ала.

Баба Рэня

– Маме зараз споўнілася ўжо 85 гадоў, і яна ўжо нічога не можа рабіць самастойна, – распавядае жанчына. – Я разумела, што ёй самой патрэбны ўжо догляд, не тое, што Наташы… Як пайшла на пенсію, так і пераехала сюды. Выйсця няма. Сястры да пенсіі яшчэ трэба дапрацаваць. Першы час было вельмі складана, бо ўсё жыццё – праца з людзьмі. А пасля ўсё неяк наладзілася.


Бацька жанчын памёр восем гадоў таму. Ала кажа, што тады было вельмі цяжка: «Некаторы час проста апускаліся рукі. Мы ж не ўмелі ні касіць, ні пахаць… Нам суседзі і абкошвалі, і дапамагалі даглядаць участак». Прыходзіў і дапамагаў сям’і нават сляпы сусед, які падоўгу размаўляў з Наташай, што ўсё жыццё сядзела дома.

Наташа

– А гэта – Марэсьеў! – выгукнула мне баба Рэня, калі прадстаўляла Наташу. Яна так і называе дачку, бо пэўна параўнала яе з савецкім лётчыкам, які застаўся без ног, але працягнуў барацьбу на фронце.

Спадарыня Ала

Наташа нарадзілася з ДЦП, праўда, бацькі, якія працавалі ў калгасе, заўважылі, што з дзяўчынай нешта не тое толькі тады, калі ёй споўнілася тры гады: яна ўсё яшчэ не хадзіла.
– Калі ёй споўнілася 18 гадоў, мы павезлі яе ў Слуцк на абследаванне, – узгадвае Ала. – Там сказалі, каб праз год везлі туды зноўку.

/

А тата сказаў: «Калі яна не пайшла да 18, то яна ўжо і не пойдзе». Тады Наташы далі групу па інваліднасці.

/

Наташа

Некалі ў вёсцы была пачатковая школа. Наташын бацька яе туды насіў на плячах. Мясцовы настаўнік паставіў сабе за мэту навучыць дзяўчынку чытаць і пісаць. Праўда, нагрузкі давалі пра сябе ведаць: Наташы станавілася горш, таму правучылася ў школе яна толькі год. Але дзякуючы гэтаму яна можа чытаць кнігі.

– Іголку ў рукі мы ёй не даем, – распавядае Ала. – У яе яшчэ і эпілепсія, таму гэта небяспечна.

Нічога не прасіць

Высілкамі сям’і Наташа заўжды была дагледжана. Ала кажа, што з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наташы давалі да навагодняга свята матэрыяльную дапамогу. Таксама даюць памперсы. Калі Наташа атрымлівае пенсію, адразу складае спіс прадуктаў, якія Ала набывае ў аўталаўцы. «Сям’я ў нас добрая, аднасяльчане дапамагаюць, – дзеліцца Ала. – У нас ёсць сацыяльны работнік: лекі прывозіць і дапамагае па гаспадарцы. Калі нешта трэба, то звяртаемся да суседзяў».

Наташа гаворыць са мной стрымана, павольна, меладычным голасам. Прытым на амаль літаратурнай беларускай мове. Кажа, што некалі вельмі любіла чытаць і сядзець на вуліцы. «Зараз, праўда, ужо паслабела, хочацца ляжаць, бо вельмі баляць ногі».

Гляджу – у пакоі стаіць вазок. Яго гадоў сорак таму падарылі Наташы сябры сям’і. Раней Наташа сама сядала на яго і перасоўвалася па пакоі, а па хаце – на каленях. Праўда, зараз самастойна перасоўвацца асабліва ўжо не можа. «На каленках перасоўвацца – лепш за ўсё, – узгадвае Наташа. – Устану, вазьмуся за вазок адной рукой, другой – за стол, пасля намагаюся сесці на каленкі». Зараз, калі Наташы трэба некуды дайсці, то сёстры бяруць яе пад мышкі і вядуць перад сабой. Кажуць, што Наташа вельмі лёгкая.
Пытаю ў Наташы, ці не было ёй сумна ўсе 50 гадоў сядзець у хаце…

– Не, я такі чалавек, што магу да ўсяго прывыкнуць, – усміхаецца Наташа і ўзгадвае дзяцінства. –  Дзеткі гуляюць – і я з імі гуляю на дыванку. Дзетак на ложак – і я з імі на ложак. Я ад іх не адставала.

Сям’я заняла прынцыповую для сябе пазіцыю: нічога не патрабаваць у дзяржавы для Наташы. Праўда, калі ёй было тры гады, то вылучылі пуцёўку ў Друскінінкай, а пасля – у санаторый у Смілавічах.

– Мы ўсе працавалі, былі занятыя, – кажа Ала. – Нечага дабівацца і нешта патрабаваць – няпростая справа, калі шчыра. Мы ніколі ні на што і нікуды не скардзіліся, бо ведаем, што бывае і горш. Наташа ж размаўляе, у яе добрая памяць. Па вёсцы не ходзіць, але ўсіх ведае. Да таго ж, яна ведае, дзе ў хаце нешта ляжыць ці стаіць. Калі быў жывы наш тата, ён сам вырашаў усе праблемы. Мы ж дагэтуль нічога не просім у калгасе.

Ала, Наташа, баба Рэня, Алена

На развітанне Наташа пасля доўгага маўчання сказала: «Аднаго прашу ў Бога: каб была жывая мама, пакуль жывая я». Але ж ужо не зусім зразумела, хто каго даглядае, ды і сёстры не могуць нацешыцца Наташай, яна ўсё адно дадае: «Мама ёсць мама». Часам дружная сям’я, прырода і аднавяскоўцы, якім не ўсё адно, могуць зрабіць жыццё чалавека з інваліднасцю ў глыбінцы поўным. А большага – і не трэба.

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version