Інклюзія на практыцы: як гэта?
Дасягненні мясцовых ініцыятыў абмеркавалі ў БелАДДІіМІ
24 красавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Рау прайшла сустрэча па абмене вопытам «Шлях да поспеху». 14 мясцовых ініцыятыў па розных напрамках і 11 рабочых груп арганізацыі прадставілі свой вопыт і падвялі вынікі працы.
Мерапрыемства праводзілася ў рамках праекта «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю» пры фінансавай падтрымцы агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID і сабрала больш за 150 прадстаўнікоў ГА «БелАДДІіМІ», дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый.
«Наш праект, які рэалізуецца ўжо 4 гады ў Беларусі, стаў адным з самых паспяховых у дзейнасці нашай арганізацыі, якой у наступным годзе спаўняецца 25 гадоў. 25 гадоў мы ідзем да поспеху, у тым ліку і ў дзейнасці рэгіянальных арганізацый, якія шмат чаго дасягнулі за гэты тэрмін. Мы выканалі 14 ініцыятыў, з дапамогай якіх цяпер створаны працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, падтрыманы сем’і, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей. Усё, што мы робім – дзеля нашых дзяцей», – звярнулася да прысутных старшыня ГА «БелАДДІіМІ» Алена Цітова.
На працягу 6 гадоў праект актыўна падтрымлівае Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID. На добрыя справы выдаткавана больш за паўмільёна долараў. Прыемна адзначыць тое многае, што зроблена за гэтыя гады. У выніку сумесных намаганняў праекта, дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і бацькоў інклюзіўная адукацыя можа стаць нацыянальным прыярытэтам. Таму што мэта праекта – не толькі падтрымаць самыя ўразлівыя групы дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю, але і падзяліцца са спецыялістамі-прафесіяналамі перадавымі методыкамі працы з гэтымі групамі. «Для БелАДДІіМІ не лішняй ёсць падтрымка ў няўхільным арганізацыйным развіцці, імкненні рабіць лепш, больш і якасней у справе інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў грамадства, – рэзюмавала намеснік кіраўніка офіса Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID Ларыса Камарова.

Да праграмы падпісалася больш за 500 людзей з інваліднасцю. Дарэчы, усе жадаючыя змаглі азнаёміцца з прадукцыяй ўдзельнікаў-прадпрыемстваў у холе ўстановы, а таксама набыць тавары, якія прыйшліся да спадобы: кераміку, карціны, паштоўкі і іншае.
Аб дасягненнях праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю» распавяла менеджар праекта Ірына Купчанка: «Для БелАДДІіМІ гэта першы вопыт рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. І, вядома ж, усё залежыць толькі ад нас, ад нашай з вамі актыўнасці. Трэба быць матываванымі і выкарыстоўваць патэнцыял калег».
Свой старт праект атрымаў у 2014 го-дзе. Ён складаецца з двух этапаў: 2014 – 2016 гг. і 2016 – красавік 2018 г. Адным з асноўных кампанентаў можна назваць адукацыйныя мерапрыемствы па прынцыпе «роўны – роўнаму». Першапачаткова планавалася, што інтэграваная група падрыхтаваных валанцёраў (у якую будуць уваходзіць як людзі з інваліднасцю, так і маладыя людзі з выдатнымі магчымасцямі здароўя) ва ўзросце 16-25 гадоў правядуць цыкл лекцый сярод сваіх аднагодкаў па праблеме стыгматызацыі людзей з інваліднасцю ў чатырох рэгіёнах Беларусі. Аднак гэта толькі частка вялікай праграмы, эфектыўны спосаб распаўсюджвання інфармацыі аб людзях з асаблівымі патрэбамі. На справе ж спецыялісты зрабілі велізарную колькасць мерапрыемстваў: адукацыйныя трэнінгі, творчыя выставы, канцэрты, фестывалі.
Адным з самых паспяховых кампаній па праву можна лічыць медыйны праект «Тач Даун», у рамках якога створана чатыры тэлевізійныя ролікі, тры выгляды бігбордаў і нават уласны сайт. Канешне, ініцыятыва вельмі неадназначная. Як, зрэшты, і рэакцыя грамадскасці. Першапачаткова планавалася, што бігборды «паселяцца» на вуліцах Мінска і некаторых абласных гарадоў усяго на год, але размешчаны яны ўжо чатыры гады. А значыць, галоўная мэта – прыцягненне ўвагі – ажыццёўлена. Гэта пацвярджае і тое, што права на выкарыстанне бігбордаў аддалі ў Польшчу.
Ну і куды ж без тэатра: арганізаваны чатыры пастаноўкі, якія наведалі больш за 1000 чалавек. «Вы разумееце, што адбыўся эфект, якога ніхто не чакаў. Перш за ўсё – масіўнае інфармаванне, усплёск тэмы ў грамадстве і адпаведныя вынікі: павялічылася колькасць адукацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю ў інклюзіўным фармаце», – падкрэсліла Ірына.
Вядома ж, шмат хто памятае інклюзіўны паказ на Belarus Fashion Week у мінулым годзе. Дзеці з інваліднасцю ўпершыню выступілі нароўні з прафесійнымі мадэлямі. У гэтым годзе частка выручаных ад мерапрыемства сродкаў сышла на дабрачыннасць. Таксама хлопцы і дзяўчаты з АПФР цяпер займаюцца ў тэатры моды «Kids Podium», спартыўным цэнтры Максіма Мірнага. А ў адмысловым праекце «Супер-пупер дзеці» свае таленты ўжо прадэманстравалі 40 вакалістаў, сярод якіх удзельнікі з АПФР. Праведзена восем трэнінгаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 70 чалавек. Гэтай вясной пяць хлопчыкаў і дзяўчынак з арганізацыі наведалі Дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Зубраня». У мінулым годзе там упершыню адкрыліся змены для спецыяльнай катэгорыі дзяцей.
На жаль, вынікі былі лакалізаваны ў асноўным у Мінску. Медыйная кампанія таксама. Але БелАДДІіМІ – гэта не толькі Мінск. Арганізацыя ахоплівае 43 рэгіёны Беларусі. Зараз у яе ўваходзяць каля 3000 чалавек. Што ж тычыцца мясцовых ініцыятыў, то тут вынікі ўражваюць не менш. У Ваўкавыску, да прыкладу, закупілі музычнае абсталяванне і мікрафоны для інклюзіўнай тэатральнай студыі. Моладзь ставіць спектаклі, выязджае па ўсім рэгіёне. Ахоп гледачоў за мінулы год – больш за 700 чалавек.
У Мазыры да нядаўняга часу першасная арганізацыя БелАДДІіМІ была на мяжы закрыцця, але дзякуючы прыходу новага лідара адбыліся якасныя змены. Адкрыўся інклюзіўны сямейны клуб «Асаблівае сэрца», мэта якога – аб’яднаць сяброў арганізацыі і ўсіх жадаючых для зносін і творчасці. Арганізацыя набыла 11 новых чальцоў. Удзельнікі з задавальненнем праводзяць сумесныя майстар-класы па кулінарыі, творча праводзяць час.

Прарывам года смела можна назваць ініцыятыву «Экалогія для ўсіх» з Пухавічаў. Інклюзіўная каманда трэнераў, у якую ўвайшлі хлопцы і дзяўчаты з АПФР, навучылася праводзіць экалагічныя трэнінгі, што з поспехам ажыццявіла ва ўсіх школах Мар’інай Горкі. У агульнай складанасці на трэнінгах папрысутнічалі 900 вучняў. Акрамя таго, праводзіліся розныя квэсты, гарадскія акцыі, у якія ўцягнута і мясцовая супольнасць. Нельга не адзначыць асаблівую ролю ў праекце старшыні БелАДДІіМІ Пухавіцкага раёна Людмілы Рычковай. Сельскія саветы праявілі актыўнасць і папрасілі, каб яна ахапіла для правядзення трэнінгаў і некаторыя вёскі. Таму што праблема сартавання смецця зараз вельмі актуальная, а патрэба ў інфармаванасці высокая.
Узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады найлепшым чынам арганізавалі ў Смаргоні. На базе спартыўнай школы актывісты збудавалі інклюзіўныя спартыўныя клубы, а таксама тэатральную і фотастудыю ў Доме культуры. Працы дванаццаці вучняў ужо ўдзельнічалі ў міжнародных выставах. Дарэчы, фотазона мерапрыемства таксама прадстаўлена дасягненнямі студыі.

Жыткавічы зрабілі ўпор на мадэль незалежнага пражывання. Ініцыятыва з аднайменнай назвай дапамагла маладым людзям з інваліднасцю сфармаваць навыкі незалежнай жыццядзейнасці. Цяпер хлопцы і дзяўчаты самастойна могуць схадзіць у цырульню ці банк. Чакаецца, што ініцыятыва набудзе статус дзяржаўнага сацыяльнага заказу.
Валожынская першасная арганізацыя прадставіла ініцыятыву «Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці». Старшыня першаснай арганізацыі БелАДДІіМІ Ларыса Шчарбачэвіч не па чутках ведае, што такое даступная прафесія для чалавека з інваліднасцю. «У нас толькі падрыхтоўчы этап цягнуўся паўгода. Супрацоўнікі асацыяцыі разам з Тэрытарыяльным цэнтрам будавалі цяпліцы, навучалі групы інвалідаў вырошчванню грыбоў вешанак. Гэтая прафесія цалкам даступная для нашых маладых людзей, тым больш што і адпаведнае абсталяванне закуплена», – падзялілася Ларыса Уладзіміраўна.
У Гомелі на базе Тэрытарыяльнага цэнтра адкрылі майстэрні сувенірнай прадукцыі: маладыя людзі вараць мыла, шыюць фартухі, сумкі, робяць ганчарныя вырабы з гліны і выплаўляюць свечкі. У Барані таксама не сядзяць без справы – ініцыятыва «Формула поспеху» забяспечыла закупку швейнага абсталявання для ўнітарнага прадпрыемства «Бараньскія арабескі». Лунінецкае паліграфічнае прадпрыемства «Мая перспектыва» значна пашырыла комплекс паслуг, працаўладкаваны два чалавекі з інваліднасцю.
20 хлопцаў і дзяўчат, якія наведваюць Столінскі ТЦСАН, навучаны навыкам ганчарнай вытворчасці ў рамках ініцыятывы «Выток». У гэтым дапамагло ўнітарнае прадпрыемства «Дарога ў жыццё».
У цэлым, акрамя ініцыятыў, рэалізаваных першаснымі арганізацыямі, БелАДДІіМІ з’яўляецца заснавальнікам 4 унітарных прадпрыемстваў – гэта камерцыйныя структуры, на якіх працаўладкаваны людзі з інваліднасцю. Напрыклад, «АртІдэя» закупіла абсталяванне для паліграфіі. Прыцягнутыя эксперты ў галіне маркетынгу. Яны распрацавалі планы для развіцця прадпрыемстваў. Па выніках, агульны даход значна вырас, з’явіліся новыя кліенты, павялічана колькасць працаўладкаваных людзей з інваліднасцю, а таксама колькасць працоўных месцаў. Цяпер іх тры.
Абмен досведам быў бы незавершаным без насычанай праграмы арганізатараў сустрэчы. Пяць майстар-класаў паспяховых тэматычных практык – кожны ўдзельнік абраў секцыю па душы і патрэбах. Госці мерапрыемства даведаліся аб маладзёжным лідарстве і працы па дзяржаўным сацзаказе, уцягванні мясцовых супольнасцяў і новых магчымасцях у працы.
Сустрэча завяршылася цырымоніяй узнагароджання лепшых мясцовых ініцыятыў і памятным фота. Вядома, шлях да поспеху ў кожнага з удзельнікаў свой, аднак ісці да яго пад эгідай БелАДДІіМІ ўдвая прыемней.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.