Імкнуся туды, дзе ёсць жыццё. Галіна Зыранава пра любоў да літаратуры, прыроды і сябе

Поддержи

«Самае галоўнае, што пра мяне трэба ведаць – я люблю жыццё ў найвышэйшай ступені,» – расказвае Галіна. Жанчына з 13-ці гадоў перасоўваецца ў інвалідным вазку і як ніхто іншы ведае кошт шчасця. Мы пагаварылі з Галінай пра самае важнае: прызначэнне, творчасць і любоў.

Бачыць і спасцігаць

– Я прывыкла расказваць пра сябе ў трох пунктах: пісьменнік, настаўнік беларускай мовы, фатограф. Гэта мае асноўныя іпастасі. А вось што тычыцца ўнутранага зместу, дык я чалавек, які вельмі любіць жыццё. Разумею, што на свеце такіх многа, але калі адняць гэтае пачуццё, то ад мяне не застанецца нічога, – расказвае Галіна. – Я ёсць увасабленне любові да жыцця, бо заўсёды за развіццё творчасці і дзейнасці, звязанай са стваральнасцю. Вось гэтае імкненне падтрымліваць усё жывое, знаходзіць яго, бачыць, канцэтравацца на ім – знаходзіць водгук ува мне. Я за любыя пачынанні, таму што імкнуся туды, дзе ёсць жыццё.

Жанчына кажа, что ёй важна кожнай клетачкай адчуваць свет вакол. І зараз такі перыяд, что пасля свету прыроды яна пачала адкрываць свет чалавека – а гэта для Галіны вялікае шчасце:

– Першыя пабегі гэтай любові да жыцця ўзніклі пасля аўтамабільнай аварыі, у якую я трапіла ў 1996-ым годзе. Тады мне было 13 гадоў. Здаецца, што ўсё гэта адбылося не проста так: перад гэтым хацела сысці з жыцця, фактычна жыла з гэтай думкай у галаве. Але калі зламалася, першае, што прыйшло: «я гатовая на ўсё, хай будзе што заўгодна, але я проста хачу жыць». Трымаючыся за гэта, доўгія гады ішла наперад, паступова развівалася ў нейкіх накірунках. «Не забірайце жыццё» – такога кшталту былі тады жаданні. Апошнія пяць гадоў паказальныя ў гэтым плане, бо мая любоў да жыцця выйшла на іншы ўзровень: я адчувала яе ў травінках, былінках, дрэвах і кветках. Мне пачала падабацца прырода, я стала адчуваць асалоду ад узаемадзеяння з ёй. Пабачыла красу! Цяпер я ў стане, калі мне не толькі не хочацца развітвацца з жыццём, але неабходна максімальна бачыць яго, спасцігаць.


Я адпусціла страх, што ў мяне могуць адабраць існаванне, і стала адкрывацца насустрач гэтаму пачуццю – любові да ўсяго вакол. І яно стала нечым персаналізаваным.

Цяпер гэта норма жыцця

– Калі я пачала жыць, развівацца і напаўняцца, са мной сталі адбывацца чароўныя рэчы. Напрыклад, пасля 25-ці гадоў сядзення ў калясцы і ўспрыняцця цела як нечага, што жыве само па сабе, я пачала нешта адчуваць. Гэта рух. І ён здзяйсняецца без фізіятэрапіі, нейкіх стымулятараў. Я разу-
мею, што нехта можа сказаць, быццам так не бывае і я вар’ятка, але надзея мяне ніколі не пакідала: і адбываецца тое, што адбываецца. Гэтыя змены вельмі павольныя і, напэўна, бачныя толькі мне, але яны ёсць, – дзеліцца Галіна.

– Адно з таго, што мне дапамагае – гэта заняткі ёгай. Канешне, у той ступені, наколькі я магу ёй займацца. Баланс, спакой – тое, што мне зараз патрэбна. На занятках я быццам нічога не аддаю і не забіраю, усё рухаецца сваім чынам. Таксама ў маё жыццё з часам пачалі прыходзіць жанчыны, кожная з каторых адлюстроўвае нейкі бок мяне, нешта каштоўнае і важнае. Гэта радасна, таму што заўсёды трэба камунікаваць, адкрывацца. Яшчэ я стала ствараць тое, што атрымліваецца ў мяне лепш: пісаць тэксты не на нейкую дадзеную тэму, а ад душы. Гэтыя творы пра ўнутраны стан, пра тое, што я пражываю недзе там глыбока. Сапраўдны цуд – атрымліваць грошы за тое, што я люблю і магу рабіць з максімальнай аддачай, – расказвае жанчына. Галіна ўпэўнена, што гэтыя цуды пачалі прыходзіць у яе жыццё пасля таго, як запусціўся працэс унутранай трансфармацыі. Трэба было «дарасці» да адчування каштоўнасці свайго існавання.

– Да гэтага этапу быў такі доўгі і пакутлівы шлях, які ўсё ж скончыўся прыняццем сябе. І вось гэтую любоў да сябе і сустрэчу са сваёй асабістасцю мне падаравала кніжка Луізы Хэй «Стать счастливым за 21 день». Я заўсёды лічыла, что такія кніжкі – нейкая хлусня. Але гэта працуе! Напэўна, калі я трапляю на нейкую кнігу, то ўнутрана да яе гатова. Я сустрэлася з творам Луізы Хэй у момант, калі была максімальна падрыхтавана. І тое, што адкрылася падчас працы над сабой за гэтыя дні, – я выкарыстала чатыры паўагульныя сшыткі, робячы практыкаванні, працуючы над тэмамі і момантамі, якія раней не заўважала. Я дастукалася да сябе і змагла зрабіць тое, што не атрымлівалася шмат гадоў – паглядзець у люстэрка і сказаць: «я люблю цябе!». І цяпер для мяне гэта норма жыцця.

Проста чытанне гэтай кніжкі нікому карысці не прынясе, бяздумнае паўтарэнне афірмацый таксама. Але калі ты прапускаеш гэта глыбока праз сябе, яно працуе. Такім было паслядоўнае развіццё маіх стасункаў з сабой.

«Гэтаму спрыяла хатняя атмасфера…»

На пытанне пра тое, чаму 13-гадовая дзяўчынка думала пра смерць, Галіна адказвае, што гэтаму спрыяла хатняя атмасфера:

– У мяне былі складаныя стасункі з мамай. Яна ў мяне імпульсіўная і гарачая жанчына, таму ўсялякія правіны караліся. Я чула вельмі многа лаянкі і прыніжэнняў, а ў падлеткавым узросце гэта адбывалася і дома, і пры аднакласніках. Гэта мела накапляльны эфект. Зусім не той выпадак, калі я жыла ўся ў шакаладзе, а потым мне раптам стала нудотна і я вырашыла, што хачу памерці. Крыўды доўга збіраліся, а калі ў падлеткавым узросце пачалося фарміраванне чалавека і захацелася новага жыцця, павагі да сваіх інтарэсаў, дык гэта стала яшчэ больш кранальным. Асабліва, калі адбывалася на вачах іншых людзей, а чужымі ўспрымалася як проста такі метад выхавання. Прытым, я была выдатніцай ў школе, хадзіла ў музыкалку, танчыла, спявала, дэкламавала…

І аднойчы ў мяне ўжо назбіралася столькі болю, што я праўда хацела памерці. Гэта было не столькі пра тое, каб скончыць сваё існаванне, колькі каб спыніўся гэты гвалт. Каб мяне заўважылі, пашкадавалі, ўрэшце рэшт, зразумелі, што я жывая, усё адчуваю і хачу быць прынятай, любімай.

Але пасля аварыі сітуацыя не змянілася. Спачатку быў перыяд жалобнасці, шкадавання, але ён хутка скончыўся, далей пачаліся складаныя будні. Першыя пяць гадоў я проста ляжала і практычна была залежная ад усяго. Падаць шклянку вады, дапамагчы перавярнуцца – бацькі засталіся тыя самыя, я апынулася ў яшчэ больш уразлівым становішчы. Мяне пашкадавалі, але на гэтым усё.

Пра адзіноту і выйсце з цяжкага становішча

– Мне падаецца, што апора заўсёды ёсць: гэта ты і адзінота. Ніхто іншы не дапаможа выбрацца з балота. Калі ў нейкі цяжкі момант побач з табой хтосьці іншы, той, хто падтрымлівае, ты апіраешся на яго. Праз некага ты, вядома, выберашся, але пасля трэба крочыць самастойна, – дзеліцца Галіна. – Калі ты знаходзішся ў дэпрэсіўным стане і не разумееш, што з гэтым рабіць, не трэба шукаць апору ў сабе – лепш хватацца за некага. За таго, у кім адчуваеш падтрымку і моц. І на нейкі час гэта працуе. Але пасля наступае перыяд, калі трэба шукаць нешта ў сябе. Гэта таксама тычыцца і работы з псіхолагам, у кім мы часта бачым аўтарытэт, перанімаем меркаванні. Трэба шукаць выйсце самастойна. І гэта лепш за ўсё рабіць у адзіноце. А пасля ўжо выходзіць да людзей і будаваць здоровую камунікацыю, не шукаць пастаянна падтрымку ў іншых, разлічваць на сябе.

Ты крочыш за героямі

У Галіны хапае часу і на душэўныя пошукі, і на працу, і на хобі. Сакрэт у тым, что жанчына да ўсяго ставіцца з любоўю – таму і атрымліваецца лёгка і з задавальненнем:

– Я пачала займацца літаратурнай творчасцю ўжо на тым этапе, калі была ў калясцы, у апошнія гады вучобы ў школе. Я рабіла розныя спробы, на рускай і беларускай мовах. Настаўнікі мяне натхнялі не спыняцца і пісаць вершы. Пасля наступіў час студэнцтва. Тады я перайшла на другі курс, а рэабілітацыя дазволіла мне з ляжачай стаць сядзячай. Трапіла на сесію для завочнікаў. І неяк так адбылося, што мне сказалі: «Ты ж можаш вершы, давай, спрабуй». І тады пачаўся актыўны перыяд напісання і друкавання маіх твораў. Пасля гэта згарнулася, бо я скончыла ўніверсітэт і пачала настаўнічаць, з’явілася сям’я. Пазней я вярнулася да паэтычнай творчасці, бо прыйшоў запыт праз знаёмых з часопісаў. Я зноў стала шмат пісаць вершаў, іх друкавалі. І калі іх параўноўваць з маімі студэнцкімі – гэта розныя рэчы па якасці: апошнія такія, што ўжо не сорамна паказаць, – усміхаецца жанчына.

– Зараз я больш пераключылася на рускамоўную прозу. У мяне ўжо ёсць падрыхтаваная да друку кніга, якую я напісала за дзевяць месяцаў. Гэта першая мая кніга ў такім стылі. Тое, што пішу зараз, яно не па канонах, не жанравае. Калі ты ўспрымаеш кнігу як нешта жывое, якое вырастае знутры. Не сочыш за сюжэтам, не намагаешся зрабіць нейкія павароты, а дазваляеш праявіцца таму, што ёсць, і проста крочыш за героямі. Гэта нешта блізкае да дзённіка, плыні свядомасці. Мае кнігі не для логікі, не для ўспрымання праз розум, яны пра ўнутраныя станы і пачуцці.

Можна змяніць працу, партнёра, абставіны, але ў жыцці нічога не мяняецца. Але калі ты перастаеш глядзець і клапаціцца пра вонкавую абалонку, а звяртаеш увагу на сябе, канцэнтруешся на гэтым, максімальна ўкладваеш у сябе, гэта і дае рэзультат.

Упускаць жыццё

– Пасля ўніверсітэта я пэўны час вяла беларускую мову ў школе. Потым здарылася так, што я выгарэла, ўжо нават фізычна не магла працаваць, – кажа Галіна. – Мне заўсёды не падабалася папяровая праца, якая выключае творчасць. І ты мусіш хадзіць па струначцы, быць у межах – мне не хацелася так. Я адмовілася ад працы ў школе, бо маё цела было ў крытычным стане, стала складана. Я пераключылася на фармат працы з дзеткамі індывідуальна. Першыя некалькі гадоў гэта было актыўнае навучанне, да мяне за дзень магло прыходзіць па пяць вучняў. І гэта было цікава, але цяжка. Таму неўзабаве я зразумела, што зноў не вытрымліваю. І пачаўся трэці этап, зусім для мяне нечаканы – анлайн-заняткі. Запыт прыйшоў ад знаёмых – вучань жыў у іншым горадзе, але ёсць скайп і жаданне атрымліваць веды. Так мы пачалі займацца. І я зразумела, што гэта максімальна добры для мяне фармат заняткаў. Камфорт, свабода дзеянняў! Зараз я працую над адным анлайн-праектам, які дапамагае будучым абітурыентам зразумець складаныя тэмы, разабрацца ў розных цяжкіх момантах.

Яшчэ адно захапленне Галіны – фатаграфія. Да гэтага хобі жанчына прыйшла выпадкова, але зараз ужо не ўяўляе жыццё без яго:

– У нас быў дома фотаапарат, звычайная «мыльніца». З яе ўсё і пачалося. Я шукала, што, акрамя пісьменніцтва і настаўніцтва, я ў сабе змяшчаю, якія яшчэ здольнасці магу адшукаць. Проста ўзяла фотаапарат і пачала здымаць кветкі. І стала атрымліваць неверагодны кайф ад таго, что бачу, што адбываецца ў кадры. Калі я гляджу на свет праз аб’ектыў, там нешта нараджаецца, гэта быццам жывапіс. Мне хочацца не проста паглядзець на жыццё кветкі, а перадаць нешта важнае, істотнае. Зараз я ўжо купіла больш якасны фотаапарат і пачала здымаць не толькі кветкі. Зразумела, што мне хочацца бачыць больш, прапускаць гэтае жыццё праз сябе.

 

Аляксандра Камко
Фота з архіва Галіны Зыранавай

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.