«Хачу, каб мая дачка ганарылася сваім бацькам». Расказваем пра капітана беларускай зборной на летніх гульнях сурдлімпійцаў у Уфе Аляксандра Чарняка
Аляксандр Чарняк нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Лагады, што ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Для бацькоў стала поўнай нечаканасцю, калі дактары выявілі ў хлопчыка парушэнне слыху. Аднак дыягназ не стаў перашкодай для лёсу маладога чалавека, які зараз жыве ў сталіцы, з’яўляецца чэмпіёнам Дэфлімпійскіх гульняў, шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху, майстрам спорту міжнароднага класа. Як атрымалася пабудуваць паспяховую спартыўную кар’еру і аб чым марыць Аляксандр, – чытайце ў нашым матэрыяле.
“Чую дзесьці на 50 працэнтаў”
Па словах Аляксандра, немагчыма дакладна сказаць, што паўплывала на яго слых. Хутчэй за ўсё спадчыннасць, бо ў іх родзе ёсць сваякі з парушэннем слыху.
– Мяне аддалі ў гродзенскі сад для дзяцей з парушэннем слыху. Аднак я доўга там не прабыў. Вельмі сумаваў па бацьках і роднай хаце, – расказвае Аляксандр. – Дадому з Гродна трапляў только на выхадныя. Я чуў дзесьці на 50 працэнтаў, добра размаўляў, таму маці пайшла да дырэктара Пазнякоўскай школы ў нашай вёсцы (школа была закрыта 15 гадоў таму. – Заўв. аўт.) і прасіла, каб мяне залічылі ў звычайны клас да здаровых дзяцей. Дарэчы, ва ўсёй установе было ўсяго 43 вучні.
Кіраўніцтва сельскай школы пайшло насустрач, бо хлопец нядрэнна вучыўся і ладзіў з дзецьмі. Дзясяты і адзінаццаты клас Саша скончыў ужо у Ражанкаўскай сярэдняй школе – гэта прыкладна ў 10 кіламетрах ад роднай вескі.
Як кажа сам Аляксандр, у яго ніколі не ўзнікала праблем з наладжваннем кантакту з людзьмі. Ён носіць непрыкметны слыхавы апарат, таму адразу і не заўважыць, што ёсць парушэнне слыху. Хаця і былі выпадкі, калі некаторыя не разумелі яго гамонкі, лічылі, што перад імі іншаземец.
– Пасля заканчэння школы я паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт інфарматыкі і матэматыкі. Скончыў яго і атрымаў спецыяльнасць “праграміст”.
“Выкладчык пачаў “уцягваць” у спорт”
У прафесійны спорт Аляксандр Чарняк прыйшоў у 22 гады, не маючы за плячыма ніякай сур’ёзнай лёгкаатлетычнай падрыхтоўкі.
– Я ніколі б не падумаў, што маё жыццё можа так скласціся, – усміхаецца Аляксандр. – Ва ўніверсітэце на занятках па спартыўнаму арыентаванню мяне заўважыў выкладчык Эдвард Ародзь. Калі праўда, не ведаю, чаму менавіта мяне. Спачатку я адлыньваў ад трэніровак, больш часу адводзіў вучобе. Але ўсё ж такі нейкая цяга да спорту была, хаця ніякія спартыўныя секцыі і гурткі я дагэтуль не наведваў. Пераломным момантам стала першае сур’ёзнае спаборніцтва.
Паказваючы добрыя вынікі на трэніроўках па спартыўнаму арыентаванню, Аляксандр вырашыў паўдзельнічаць у гарадскіх спаборніцтвах. І паспяхова.
– Я добра памятаю той дзень, – распавядае хлопец. – Гэта была дыстанцыя на 400 метраў, у якой я заняў 3-е месца. Пасля гэтага да мяне пачалі падыходзіць трэнеры па лёгкай атлетыцы і клікаць да сябе.
Аляксандр пачаў трэніравацца ў вядомай гродзенскай сямейнай пары – Іванны і Уладзіміра Храмавых, у якіх займаўся 4 гады. На жаль, трэнеры Прынёмання пайшлі з жыцця. Пасля гэтай трагедыі, у 2016 годдзе, Аляксандр вырашае пераехаць у Мінск, каб там знайсці блізкага па духу трэнера.
“Я не ведаў, што магу прымаць удзел у спаборніцтвах сярод людзей з парушэннем слыху”
У сталіцы Аляксандр трапіў да заслужанага трэнера Беларусі Вячаслава Іскакава, у якого займаўся каля 6 гадоў. Зараз яго трэніруе заслужаны майстар спорту Наталля Духнова.
– Да 2012 года я нават не ведаў, што магу прымаць удзел у спаборніцтвах сярод людзей з парушэннем слыху, – тлумачыць лёгкаатлет. – Я ўжо прызвычаіўся жыць сярод звычайных людзей. Калі ж мяне дапусцілі да інваспорту, я пачаў працаваць у гэтым напрамку.
Не сакрэт, што для кожнага спартсмена самае важнае спаборніцтва – алімпіяда. Дарэчы, Аляксандр Чарняк з’яўляецца пераможцам Дэфлімпійскіх гульняў у 2017 годзе на дыстанцыі 800 метраў і сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 1500 метраў. А яшчэ і сусветным рэкардсменам на зімнім манежы ў 2023 годзе і рэкардсменам Еўропы на стадыёне летам 2022 года на дыстанцыі 800 метраў. Але, як прызнаецца лёгкаатлет, самым значным этапам для яго як спартсмена стаў чэмпіянат Еўропы ў 2015 годзе.
– Мая каронная дыстанцыя – 800 метраў, а на 1500 я бегаў горш, – прызнаецца малады чалавек. – Калі ехаў на чэмпіянат, не чакаў ад сябе высокіх вынікаў. Аднак вельмі хацеў паказаць свету, на што я здольны. І атрымаў перамогу! Гэта была фантастыка!
“Хочацца спаборнічаць з лепшымі”
У бягучым годзе на Летніх гульнях сурдлімпійцаў, якія праходзілі ў Уфе, Аляксандр у асабістых забегах на 800 і 1500 метраў заваяваў два залатыя медалі, апярэдзіўшы кенійскага спартсмена, які быў чэмпіёнам мінулых Дэфлімпійскіх гульняў у Бразіліі.
– З 2019 года ў мяне быў толькі адзін міжнародны старт: спачатку адмянялі спаборніцтвы з-за каранавірусу, затым – з-за санкцый, – кажа беларус. – Вядома, хочацца спаборнічаць з лепшымі спартсменамі з усяго свету. Але добра, што сёлета выпала магчымасць сустрэцца на стартах з расіянамі і кенійцамі. Лічу іх годнымі супернікамі.
Аляксандр Чарняк не толькі паспяхова праявіў себя на асабістых забегах. Ён быў яшчэ абраны капітанам беларускай зборнай.
– Было прыемна, што мне даверылі ўзначаліць каманду, – кажа ён. – Са свайго боку я стараўся быць прыкладам для іншых. Былі моманты, калі патрэбна было пагутарыць з тымі, хто ў сябе не да канца верыў, каб заматываваць перад стартам. Спадзяюся, што з гэтай задачай я справіўся. Дарэчы, жэставай мовай я не валодаю ў ідэале, бо ніколі не вучыўся гэтаму. Аднак, дзякуючы нашай зборнай, гутарку падтрымаць магу.
Жыццё пасля Летніх гульняў у Аляксандра не змянілася. Два разы на дзень – трэніроўка. А дома – жонка, дачка і сабачка коргі.
– Дачцэ нядаўна споўніўся годзік. Гэта наша радасць, – усміхаецца шчаслівы бацька. – З жонкай пазнаёміліся праз агульных знаёмых. І вось ужо разам 5 гадоў. Яна і дачка не маюць парушэнняў слыху, а мяне любяць такім, які я ёсць.
Сам Аляксандр лічыць сябе шчаслівым, але ніколі не перастае марыць.
– У меня дзве галоўныя мары. Першая – вельмі хачу, каб беларускіх спартсменаў дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў. Другая – каб мая дачка ганарылася сваім бацькам і мела ўсё самае лепшае, – падводзіць вынік дэфлімпіец.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва Аляксандра Чарняка
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.