«Горад ветлівы, калі асяродак безбар’ерны». Уражанні турыста ад паездкі ў нарвежскі Осла

Не так даўно аўтару «Вместе!» выпала магчымасць наведаць сталіцу цудоўнай і казачнай паўночнай краіны, вядомай сваімі маляўнічымі фіёрдамі і заможным жыццём. Нарвегія – лепшая краіна свету ў рэйтынгу па ўзроўні эканомікі, адукацыі, медыцыны, асабістай бяспекі. Але як там справы з безбар’ерным асяроддзем і яго прыстасаванасцю да людзей з інваліднасцю? Усё пабачыў на свае вочы і ўражаннямі дзялюся з вамі.
Прыбыццё
Першае, куды трапляе вандроўнік у Осла, – гэта аэрапорт. Казаць шмат слоў пра безбар’ернае асяроддзе паветранай гавані зусім не выпадае. Гэта сама па сабе зразумелая з’ява: пад’ёмнікі, шырокія дзверы, сістэма навігацыі і знакаў, дапамога персаналу – усё гэта апрыёры мае месца ў інфраструктуры аэрапорта.
Але ад аэрапорта Гардэрмуэн да нарвежскай сталіцы 35 кіламетраў. Мы прыехалі вялікай групай, таму дабіраліся на таксі.
Для нас замовілі мікрааўтобус. Калі таксі прыехала і мы пачалі грузіць багаж, я адразу здзівіўся – у машыне ўсталяваны пад’ёмнік для вазкоў! Гэта самае звычайнае таксі, не сацыяльнае, якое трэба замаўляць загадзя і з папярэджаннем аб пераездзе з вазком, простае таксі, якое прыязджае па замове. Інфармацыйны знак у салоне паведаміў аб тым, што машына можа перавозіць, у тым ліку, два інвалідныя вазкі. І гэта не рэдкасць! Нам шмат давялося карыстацца паслугамі таксі, і яны ўсе мелі пад’ёмнікі.
Гатэль
Пасля прыбыцця вандроўнікі адразу накіроўваюцца ў гатэль. Жылі мы ў самым звычайным сеткавым гатэлі ў цэнтры горада. Калі б чалавек з асаблівымі патрэбамі завітаў туды, то ў яго не ўзнікла б ніякіх праблем, каб трапіць у сярэдзіну гасцініцы. Апроч пандуса для вазкоў, на ўваходзе ўсталяваны адмысловы пад’ёмнік: калі чалавек не мае здольнасці пераадолець прыступкі, то яму варта проста стаць на пляцовачку, націснуць кнопку – і ён адразу трапіць у хол гатэля.
На жаль, я не даў рады трапіць у адмысловыя нумары для людзей з інваліднасцю, але асяроддзе агульных зон сапраўды безбар’ернае, і безбар’ернае ва ўсім!
Шырокія прасторы для перасоўвання, вялікія і спадзістыя пандусы с парэнчамі, пад’ёмнікі нават на невысокія прыступкі, зручная і адаптаваная пад вазок зона харчавання , вялікія ліфты і абсталяваныя прыбіральні – усё гэта ў гасцінічным асяродку.
І людзі гэтым карыстаюцца! За некалькі дзён побыту ў нашым гатэлі сустрэў некалькі людзей на вазках, якія камфортна пачуваліся ў віры гатэльнага жыцця.
Горад
Выйдзем у горад. Як там з бар’ерамі? Іх проста няма. Першае, на што звяртаецца ўвага, – адсутнасць высокіх непераадольных бардзюраў. Калі ў іншых месцах яны зусім невысокія, то на пешаходных пераходах іх наогул няма. Плаўны спуск з тратуара да дарогі, адмысловая плітка, якая пакладзена па ходзе руху.
Зручна тут і людзям з парушэннямі зроку. Кожны пешаходны пераход абсталяваны гукавым святлафорам, тактыльнай пліткай… Дарэчы аб плітцы. Адмысловая тактыльная плітка маецца не толькі на пераходах, але і на прыступках, у тым ліку ў сярэдзіне будынкаў. Але дзеля справядлівасці адзначым, што ў асяроддзі нашай сталіцы такая плітка больш прадстаўленая і пакладзеная ўздоўж усяго тратуару.
Калі зайсці ў якую грамадскую ўстанову, ці краму – праблем з адаптаваным асяроддзем там таксама няма. Некрутыя, зручныя пандусы ў папулярных турыстычных, і не толькі, месцах.
Заходзім у сувенірную краму, прасторную, дзе паміж паліцамі могуць размінуцца некалькі вазочнікаў, і бачым там – пад’ёмнік да тавараў на невялічкім подыуме. Ва ўсіх грамадскіх месцах маюцца спецыяльныя туалеты – усё даступна і зручна.
Парковачныя месцы – праблема любога буйнога горада. Осла не выключэнне. Але для людзей з інваліднасцю прадугледжаныя вольныя месцы – каля адміністрацыйных будынкаў, храмаў, музеяў.
І гэтыя месцы сапраўды вольныя. Але гэта ўжо хутчэй пытанне культуры і выхаванасці гараджан.
Калі гуляў па горадзе, на свае вочы бачыў, як людзі з інваліднасцю перасоўваюцца па вуліцах, карыстаюцца ўсім і не адчуваюць сябе абмежаванымі. Бо асяроддзе да іх – сапраўды ветлівае.
Павел БУЛАТЫ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.