Гісторыя адной хваробы
Гэта гісторыя пачалася амаль шэсць гадоў таму. Трое знаёмцаў вырашылі папрацаваць ахоўнікамі ў адной будаўнічай фірме. Уладкаваліся. Графік суткі праз двое ўсіх задавальняў. Ды і грошы па тым часе паабяцалі неблагія – крыху больш за 500 даляраў.
На абгароджанай пляцоўцы па вуліцы Адоеўскага, дзе капалі катлаван пад узвядзенне шматпавярховага дома, стаяў экскаватар, пагрузчык ды некалькі аўтамабіляў МАЗ. Акрамя тэхнікі і бытоўкі, дзе пераапраналіся рабочыя, ахоўваць болей не было чаго. Але час ішоў, будоўля пашыралася і расла, павялічвалася і колькасць рабочых. З надыходам першых восеньскіх маразоў хлопцы-ахоўнікі застагналі ад холаду: металічная бытоўка, якая прагравалася ўдзень, ноччу ахалодвала і ўсё болей нагадвала маразільную камеру.
Грыша ратаваўся тым, што па начах паліў касцёр, бы ў дзяцінстве смажыў на агні сала, узгадваў шчаслівыя моманты жыцця і свайго дзяцінства. Колькі разоў улетку ён сядзеў разам са сваім бацькам ля такога ж вогнішча на беразе Прыпяці: варылі юшку, спявалі песні, распавядалі паляўнічыя і рыбацкія гісторыі. Успаміны вярталі яго назад у далёкае мінулае, дзе жыццё здавалася прыгожым і радасным.
Прывучыў ён грэцца ля вогнішча і Анатоля. Аднаго Валеру ўсё гэта не задавальняла. Па-першае, касцёр ў цэнтры Мінску на яго думку перашкаджаў людзям, па-другое, пах дыму яму зусім не падабаўся. Калі б гэта было на прыродзе, ці на беразе ракі – тады іншая справа. А так гэта больш нагадвала часы паганства, што вярнуліся з далёкага мінулага ў гарадскую рэчаіснасць.
Бытоўка, дзе захоўваліся рэчы вартаўнікоў, смярдзела задымленым адзеннем. Карацей, трэба было нешта рабіць і вырашаць пытанне з абагрэвам.
Звярнуліся да майстра. Распавялі аб сваёй праблеме. Ён выслухаў мужчын і паабяцаў паспрыяць. У хуткім часе ў вагончыку з’явілася газавая печка. Усе засталіся задаволенымі, але радасць была нядоўгай: печка давала цяпло, але спальвала ўвесь кісларод. Дыхаць не было чым. Смурод ад задымленага адзення пераплёўся з пахам нагрэтага метала і прымесяў прапану. Усе, хто наведваўся ў вагончык, амаль аднагалосна паўтаралі: «Хлопцы, чым вы тут дыхаеце?»
Віталь Жураў – дырэктар фірмы-забудоўшчыка жылога комплексу «Самацветы» сам прыязджаў і кантраляваў працу ахоўнікаў. Скардзіўся ён і на тое, што яму дастаўся складаны праект. Падземныя гаражы, што павінны размясціцца пад домам, цягнуць па сабекошту, як палова аднапакаёвай кватэры. А затраты на іх намнога вышэй! Адзін катлаван чаго варты! А колькі глебы трэба вывезці за межы горада. І ўсё, магчыма, было б добра, калі б неўзабаве не падскочыў даляр. Грошы, якія былі сабраныя ў людзей на будаўніцтва жылля, абясцэніліся амаль на 50 працэнтаў! Узняліся ў кошце і будматэрыялы. Але ў нашай краіне ніхто не застрахаваны ад рызыкі. Айчынная эканоміка цалкам залежыць ад расейскай. Куды павернуцца кошты на нафту, туды пахіснецца і эканоміка. Як ні круці, а большая палова працаздольных беларусаў жыве адным днём. А паспрабуй гэтым адным днём пракарміць сваю сям’ю і забяспечыць сваю старасць, калі першую палову дня жывеш напалову, а другую выжываеш.
Валера, Грыша і Анатоль таксама забілі трывогу: іх заробак з 500 даляраў амаль за суткі паменшаў удвая. А тут яшчэ папаўзлі чуткі, што над імі хутка з’явіцца яшчэ адна галава – начальнік аховы. Чуткі аказаліся не безпадстаўнымі. Любяць у нашай краіне на такія пасады прызначаць ваенных адстаўнікоў і міліцыянераў. Здароў’е дазваляе. А чаму б і не працаваць, калі ўся праца заключаецца ў састаўленні працоўнага графіку ды нечаканых начных праверак сваіх падначаленых. Карацей, новы начальнік аховы Макрушын вырашыў павялічыць колькасць вартаўнікоў аб’екта з трох да шасці, а заробкі пры гэтым павелічэнні паменшалі яшчэ ўдвая. Першым звольніўся Валера. Яго напарнікі крыху памучыліся і таксама прынялі рашэнне звальняцца.
Праз некалькі месяцаў пасля звальнення здороў’е ў Рыгора раптоўна пагоршылася. Ён пайшоў на абследаванне. Ўрачы канстатавалі ў яго чацвёртую стадыю рака лёгкіх. Медыцына была бяссільная. У чалавека пайшлі метастазы. Цяжка было глядзець, як мужчына з вышэйшай адукацыяй і партшколай за плячыма худнее і сохне на вачах. Восенню Рыгора Разановіча пахавалі.
Анатоль адчуў сябе кепска на пачатку вясны. Кашаль і макроты не давалі яму спакою ні днём, ні ноччу. Навучаны горкім вопытам свайго столінскага земляка, ён вырашыў абследавацца. Хутка з паліклінікі па месцы жыхарства яму патэлефанавалі і папрасілі зрабіць флюараграфію паўторна. Урач, гледзячы на рэнтгенаўскі здымак Анатоля, параіў яму звярнуццца да спецыялістаў у туберкулёзны дыспансар, што знаходзіцца па вуліцы Бехцерава. Адтуль урачы накіравалі пацыента да ўрача-анколага ў першую анкалагічную бальніцу Мінска. Зрабілі кампутарную тамаграфію, пасля біяпсію…
Урач Вольга Мікалаеўна Чарнышова падышла да хворага з паразуменнем і прапанавала тэрмінова класціся на аперацыю. Яна растлумачыла, што рак у лёгкіх распаўсюджваецца хутчэй, чым у іншых органах чалавека, што кожная гадзіна ваганняў можа прывесці да трагедыі. Анатоль паслухаў параду і пагадзіўся на аперацыю. Яму выразалі правае лёгкае, дзе была выяўлена злаякасная пухліна. Цяпер ён з’яўляецца інвалідам другой групы. Прызвычаіўся дыхаць на палову лёгкіх, жыць на палову мінімальнага заробку, але тварыць на поўніцу. Як вядома, дараванне і талент даюцца ад нараджэння не кожнаму чалавеку. Бог забірае адно, але ўзнагароджвае другім: больш высокім, маральным, духоўным.
Знаёмцеся, сёння госць нашай газеты – паэт, празаік і бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Кудласевіч. Гэта разам з ім я ахоўваў той будаўнічы аб’ект. Гэта разам з ім я дыхаў тым смуродам ад газавай печкі, гэта разам з ім мы праводзілі ў апошні шлях свайго сябра і земляка Рыгора Разановіча.
– Анатоль, за апошнія два гады ў цябе з’явілася даволі шмат прыхільнікаў твайго таленту. Ты запісваеш свае бардаўскія песні, размяшчаеш іх на розных сайтах у інтэрнэтным сеціве. Адкуль бярэцца час і такая прага да жыцця?
– Усё даволі проста. Калі апынаешся на мяжы паміж жыццём і смерцю, пачынаеш па-іншаму глядзець на свет, з’яўляецца разуменне таго, што табе ад нараджэння дадзена больш, чым ты паспеў зрабіць.Узнікае неабходнасць самарэалізавацца.
Першая мая кніжка паэзіі «Плакун трава» пабачыла свет у 1993 годзе. З таго часу прайшло больш за дваццаць год, але я не скажу, што доўга не пісаў – шукаў жыццёвыя тэмы, сюжэты, смакаваў кожнае літаратурнае слова.
У мінулым годзе ў выдавецтве «Галіяфы» пабачыла свет мая кніга прозы «Трынаццаць дзён», а выдавецтва «Мастацкая літаратура» асчаслівіла мяне кнігай прозы «Пераход». Шмат гадоў рукапіс пыліўся ў архівах, кнігу ставілі ў план, пасля здымалі. Тлумачэнне было адно: у выдавецтва няма грошай. Але я не скаржуся. Кніга не страціла сваёй жыццёвасці, бо напісана шчыра і праўдзіва. А праўда, як жывая вада, заўсёды знойдзе сваё месца.
– Наколькі я ведаю, гэты год таксама быў выбітным для тваёй творчасці?
– Так, сапраўды. Сёлета ў выдавецтве «Альтаспера», што знаходзіцца далёка за межамі нашай краіны, а дакладней у Таронта, выйшлі адразу дзве маіх кнігі: «Перапіска з мільянерамі» і «Тройчы Адзіны».
– Распавядзі дакладней, як можна было выдаць кніжку за акіянам, і дзе ўзяць інваліду другой групы такія вялікія грошы? Адкуль узяліся жыццёвыя сілы і творчы патэнцыял?
– А грошы тут увогуле ні пры чым. Мяне выдалі ў Канадзе бясплатна. Гэта ў нашай краіне ўсё ацэньваецца далярам ці рублём. Як заўсёды, я пачаў выкладваць свае творы ў сеціва. Мяне заўважыў пісьменнік і кнігавыдавец Барыс Крыгер і прапанаваў выдаць мае працы ў Канадзе. Дарэчы, там яны і прадаюцца, але прадаюцца праз царкву і нашых эмігрантаў. Кніга «Перапіска з мільянерамі» сёлета была перавыдадзена і ў Германіі. Там яе кошт складае 68 еўра. На мяне праз інтэрнэт выйшлі людзі і прапанавалі яе перавыдаць. Я пагадзіўся і падпісаў дамову. Мой аўтарскі ганарар – 12 працэнтаў ад кошту кожнага прададзенага экземпляра. Вядома, для чытачоў нашай краіны набыць маю кнігу – недасягальная мара. Але я ўсёй сваёй творчасцю хачу паказаць, што кожны творчы чалавек пры жаданні можа сябе рэалізаваць. Рэалізаваць, калі не на Радзіме, то хаця б за яе межамі. А наконт сілы? Дык гэта трэба запытацца ў Бога. Ён дае кожнаму чалавеку столькі, колькі яму адмерана.
Валеры ПАЗНЯКЕВІЧ
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.