Гісторыі, расказаныя звычайнымі людзьмі

Поддержи

Убачыць, пачуць, натхніцца, зрабіць і скончыць. Менавіта гэтыя дзеянні – аснова творчага руху для ўдзельнікаў адукацыйнага сацыяльнага праекта «Медыямайстэрня «Эгалітэ». Пяць насычаных месяцаў плённай вучобы і працы ў сферы медыя: лекцыі і майстар-класы прафесіяналаў па практычнай відэажурналістыцы, філммэйкінгу, фатаграфіі. Знаёмства з таленавітымі журналістамі і арганізатарамі медыйных культурніцкіх праектаў. Абмен вопытам, пошук герояў, праца ў камандзе… Напрыканцы адбылася публічная прэзентацыя фота- і відэапрац пілотнага праекта. Паглядзім, што атрымалася!

Зразумела, прафесійнымі журналістамі могуць стаць не ўсе, для гэтага як мінімум трэба скончыць інстытут. Затое амаль што кожны можа стаць грамадзянскім журналістам. Калі ў чалавека ёсць актыўная грамадзянская пазіцыя, калі ёсць праблемы, якія яго хвалююць, ёсць зацікаўленасць у іх вырашэнні, то неабходна мова. Але мова гэта не заўсёды толькі словы, мова – гэта візуальныя сродкі, відэа і фатаграфія. Праз іх чалавек можа звярнуць увагу на нейкае пытанне і наладзіць дыялог з грамадствам.

На працягу пяці месяцаў творчага жыцця побач з удзельнікамі праекта ўражвалі, вучылі, натхнялі сапраўдныя прафесіяналы. Рэжысёр, сцэнарыст, заснавальнік Мінскай кінашколы-студыі і дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно Андрэй Палупанаў. Беларускі фатограф, фотакарэспандэнт і выкладчык курса па фатаграфіі Андрэй Лянкевіч. Трэнер беларускай медыяшколы па аператарскай працы, відэажурналістыцы і мантажу Зміцер Карэнка.

Пашанцавала ўдзельнікам пазнаёміцца з таленавітым рэжысёрам-дакументалістам Галінай Адамовіч, стваральнікам інфаграфікі для партала Tut.by Вадзімам Шмыгавым, а таксама электронным музыкам, даследчыкам рытмаў, які займаецца гукавым мастацтвам, Паўлам Няхаевым.

– Акцэнт мы робім на працу і сумеснае дзеянне людзей як з інваліднасцю, так і без яе. Мы імкнемся знайсці агульныя спрыяльныя ўмовы для ўсіх, – распавядае каардынатар праекта Агнія Асановіч. – Галоўная з мэтаў – паказаць аднаго чалавека ў праэкце, а праз яго расказаць аб праблемах цэлай супольнасці. Фота- і відэапрацы рабіліся, каб размяшчацца ў інтэрнэце, каб стаць бліжэй да аўдыторыі, мець магчымасць камунікацыі.

Фатаграфія

Як прызнаюцца ўдзельнікі праекта: «Змянілі сваё стаўленне да фатаграфіі і да постаці фатографа. Каб зрабіць фота чалавека, неабходна адчуць яго, правесці з ім час, прасачыць героя ў розных праявах і абставінах. І не проста паказаць праз фотаздымак, што ён, напрыклад, добры выкладчык ці клапатлівы дзядуля. А расказаць гісторыю чалавека. І гэта асаблівасць працы».

– Менш размаўлялі пра фатаграфію, больш пра тое, як жыць. А фатаграфія – гэта нагода для сустрэчы, каб пачаць сур’ёзную размову, каб навучыцца пэўным стасункам, – гаворыць Андрэй Лянкевіч.

Слова некаторым удзельнікам праекта.

Аляксей: Мой герой – Сяргей Аляксандравіч Копцеў. Трэнер па лёгкай атлетыцы, выхаваў трох алімпійскіх чэмпіёнаў. Ён зусім немедыйная асоба, але адкрыты для зносін з кожным чалавекам. Я паспрабаваў паказаць яго жыццё ў розных відах дзейнасці.

Дар’я: Мой герой – інвалід-калясачнік з дзяцінства. Я хацела распавесці гісторыю накшталт «дзень з жыцця чалавека»: як ён спраўляецца з бытавымі пытаннямі, як бавіць вольны час. Гэта маё ўнутранае ўяўленне, як я бачу гэтага чалавека. Для мяне важна, каб праз фатаграфію можна было разглядзець у постаці нешта патаемнае, незвычайнае. Тое, што прыцягвае ўвагу, убачыць лёгка, і гэта ёсць у кожнага чалавека. А яшчэ акцэнт на сацыяльны бок. Напрыклад, пра некаторыя рэчы мы дакладна не падазраем: высокія паліцы ў магазінах, недаступныя для калясачнікаў, ці вузкія праёмы дзвярэй.

Адрыян: Раней я лічыў, што галоўныя каштоўнасці кадра – эстэтычныя: калі гэта прыгожа, калі вабіць і запамінаецца. На майстар-класе я зразумеў, як цікава і па-рознаму можна расказаць унікальныя гісторыі з дапамогай фотаапарата. Бо фатаграфія можа стаць аповедам ці аўтабіяграфіяй чалавека. Я доўга шукаў героя, бо трэба было выбраць тэму сацыяльную. І вырашыў звярнуцца да самага блізкага для мяне – маёй сям’і. Даволі незвычайнай: сям’я шматдзетная, у бацькоў нас 9. Бацька ў мяне святар Свята-Елісавецінскага манастыра. Атрымалася, што пранікнуць у свет чалавека нават блізкага цяжка. Я паспрабаваў.

Сандра: Кожны з нас хоць раз у жыцці апынаўся на шляху цяжкасцей. На шляху, дзе вера і мэтанакіраванасць пакажа вынік. Кожны з нас хоць раз у жыцці сядзеў у кабінеце доктара і чакаў адказ. Мой фотапраект пра бальніцу. За час знаходжання ў адной прасторы з людзьмі вы абменьваецеся поглядамі, пачуццямі, думкамі. Я зразумела, што людзі баяцца адзіноты, прыемна, калі на іх не шкадуюсь час, цікавяцца іх здароўем.

На фотаздымку дзяўчына, ёй 32. Яна упала з 3-га паверху. У яе ёсць маленькая дачка. Дзяўчына сама зрабіла гэты выбар, сама вырашыла, што падзенне зменіць нешта ў яе жыцці. Яна сказала мне, што калі можна было б вярнуць час, то яна не зрабіла б так, знайшла б іншы шлях вырашэння праблемы. Так, не трэба прытрымлівацца таго выбару, які можа зусім зніштожыць вашае жыццё. З гэтай дзяўчынай мы маем сувязь і зараз. Я дзялюся з ёй сваімі перажываннямі, як я змагалася, бо ў мяне таксама траўма. Ведаеце, час праходзіць, нейкі этап жыцця мае лагічнае завяршэнне. Хачу, каб яно было заўсёды шчаслівае.

Відэа

Дакументальныя кароткаметражныя гісторыі. І, канечне, зноў пра чалавека, зноў з сацыяльнай вартасцю. Трэба мець добрую вытрымку, ацаніце самі: выбар тэмы, пошук героя, праца над пытаннямі для інтэрв’ю. Галоўнае, раздзяліць з чалавекам частку яго жыцця. Перадаць вобраз праз голас, рухі, прастору. А колькі працы з відэа: раскадроўка, мантаж, агучанне…

На жаль, няма магчымасці распавесці пра кожнага ўдзельніка і яго праект. І не трэба распавядаць, гэта трэба глядзець. Пазнаёміцца з відэа- і фотапраектамі студэнтаў Медыямайстэрні можна тут: http://stampsy.com/mediamasterskaia-egalite

Медыямайстэрня «Эгалітэ» – інклюзіўная трэнінгавая праграма па грамадзянскай журналістыцы і сацыяльным філммэйкінгу. На праграму запрашаюцца выкладчыкі, якія працуюць у індустрыі медыя для падрыхтоўкі грамадзянскіх журналістаў сярод звычайнай моладзі і моладзі з меншымі магчымасцямі (людзей з інваліднасцю).

Навучанне ў школе Медыямайстэрні бясплатнае і накіравана на даследаванне і візуалізацыю сацыяльна важных тэмаў.

Ганна ЯКІМОВІЧ

Фота прадастаўлена Медыямайстэрняй «Эгалітэ»

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.