«Галоўная каштоўнасць Беларускага таварыства інвалідаў – гэта адказнасць» – упэўнены старшыня Віцебскай абласной арганізацыі «БелТІ» Міхаіл Каралюн

Поддержи

Калі паспрабаваць прадставіць сваё жыццё, то наўрад ці можна здагадацца, што нас чакае далей. Лёс нярэдка паварочваецца нечаканым бокам. Міхаіл Ягоравіч Каралюн, які ўжо 18 гадоў узначальвае Віцебскую абласную арганізацыю “БелТІ”, сваім прыкладам паказвае, што ўсе змены, добрыя ці дрэнныя, можна вытрымаць і павярнуць на карысць.

“1955 год – хворая гісторыя”

Дзяцінства ў Міхаіла Ягоравіча было не вельмі шчаслівым. Нарадзіўся ён у 1954 годзе ў гарадскім пасёлку Макдагачы Амурскай вобласці Расіі. Яго маці з Магілёўшчыны, але ў Сібір паехала па працы – на будоўлю чыгункі.

– З бацькам у маці не атрымалася сям’я, – распавядае Міхаіл Ягоравіч. – Нават у маім пашпарце, у графе “бацька” стаіць прочырк. Каб узгадаваць сына, маці, Ганне Мікалаеўне, давялося працаваць на чыгунцы так далёка ад радзімы – у 40 км ад Кітайскай мяжы. Мы вярнуліся ў Магілёў, калі мне трэба было ісці ў першы клас, бо там, дзе жылі, школы не было. Я дакладна не ведаю, але мне здаецца, што маці спадзявалася вярнуцца да майго бацькі, каб наладзіць сямейнае жыццё. Але не атрымалася. Мы зноў пакінулі радзіму, у трэці клас я паўшоў у школу ў сяле Шарагеш, што ў Кемераўскай вобласці.

Але жыццё зноў вярнула сям’ю назад, у Беларусь. Як кажа сам Міхаіл Ягоравіч, нягледзячы на добрыя грошы, якія маці зарабляла ў Сібіры, яна вырашыла вярнуцца дадому. Пасля заканчэння Міхаілам сямігодкі, яны прыехалі на радзіму, але не на Магілёўшчыну, а ў вёску Лётцы Віцебскай вобласці. Тут хлопчык хадзіў у звычайную школу і амаль не думаў пра тое, што мае інваліднасць, бо, як мяркуе ён сам, яму пашчасціла больш, чым астатнім.

– 1955 год са свайго дзяцінства я азначыў як хворую гісторыю, бо тады была страшная эпідэмія поліяміеліту, – разказвае суразмоўца. – Я трапіў у лік тых, хто захварэў. Мой першы ўспамін з дзяцінства – гэта калі ў 6 год мяне і дзяцей, якія папакутавалі ад гэтай хваробы, прывезлі ў санаторый у Еўпаторыю. Я ўбачыў, што здарылася з дзецьмі… Мая кульгавая нага – гэта дробязь у параўнанні з тымі, хто быў у інвалідным вазку. Урачы тады сказалі маці, што трэба дзякаваць Богу, што я, можна сказаць, лёгка адкараскаўся.

“Жыццё склалася так, як і павінна было”

Да 36 гадоў Міхаіл Рыгоравіч не афармляў групу інваліднасці, больш за тое, стараўся дыстанцыравацца ад гэтай тэмы, бо ў маладога чалавека жыццё кіпела і часу думаць пра кульгавую нагу проста не было. У мужчыны дзве вышэйшыя адукацыі, што характарызуе яго, як вельмі мэтанакіраванага чалавека. Сам Міхаіл Ягоравіч прызнаецца, што заўседы любіў вучыцца.

– Спачатку скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя С.М. Кірава, які зараз носіць імя П.М. Машэрава, – дзеліцца Міхаіл Ягоравіч. – У студэнцкія гады быў кіраўніком абласнога штаба студатрадаў абкама, уступіў у партыю камуністаў. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у сярэдняй школе ў Лётцах і ў васьмігадовай у Княжыцах – настаўнікам працы, чарчэння і музыкі, бо іграў на баяне. Потым мне прапанавалі перайсці ў абласны народны аддзел адукацыі пры Віцебскім абкаме. Я згадзіўся. І паралельна вучыўся ва ўніверсітэце марксізму-ленінізму. Да 1990-га года працаваў інструктарам у абкаме. Але з-за маёй прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да адного з супрацоўнікоў, яму прапанавалі звольніцца.

Міхаіл Ягоравіч вырашыў сысці з працы дзеля сваіх прынцыпаў. Ён пайшоў нарэшце афармляць інваліднасць, каб было на нешта жыць. У 1992-м годзе пазнаёміўся са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў.

– Калі я сустрэўся са старшынёй абласной арганізацыі, ён амаль прапанаваў мне вылучацца ад Беларускага таварыства інвалідаў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, – узгадвае мужчына. – Па сямейных абставінах я адмовіўся, нягледячы на тое, што большасць абрала мяне як кандыдата. Шкадую ці не… цяжкае пытанне. Хутчэй за ўсё не, бо жыццё склалася так, як і павінна было. Пасля гэтага моманту і амаль да 2004 года маё членства ў БелТІ было пасіўным і абмяжоўвалася толькі платай членскіх узносаў.

“Галоўная каштоўнасць БелТІ – адказнасць”

У 50 гадоў Міхаіл Ягоравіч зноў страціў працу. Амаль 15 гадоў ён займаўся прадпрымальніцтвам – прадаваў дзіцячыя тавары. Але на пачатку 2000-х канкурэнцыя ўзрастала, сталі закрывацца рынкі і трэба было месца для продажу тавараў браць у арэнду. Але, каб працягваць, у яго не было ўжо жадання, бо такая праца яму не вельмі падабалася. Па волі лёсу ў той жа час мужчына вырашыў схадзіць на святочны канцэрт, які арганізавала таварыства інвалідаў.

– У той вечар маё жыццё зноў змянілася, – усміхаецца суразмоўца. – Старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў прапанаваў яму ўзначаліць  абласную арганізацыю, бо на той час гэтае месца было вакантным.

Так Міхаіл Ягоравіч Каралюн стаў старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі БелТІ і займае гэтую пасаду па сённяшні дзень. Сам старшыня прызнаецца, што на такой працы лёгка не бывае, але ён робіць усё на карысць людзям. Зараз у вобласці функцыянуюць 19 раённых арганізацый.

– Галоўную каштоўнасць БелТІ можна азначыць адным словам – адказнасць, – упэўнены Міхаіл Ягоравіч. – Мы для гэтага і стварылі таварыства – каб падтрымліваць адзін аднаго.

“Душу – Богу, сэрца – жанчыне, абавязак – Айчыне, гонар нікому”, – любімая цытата Міхаіла Ягоравіча. Ён лічыць, што па такому прынцыпу трэба жыць кожнаму мужчыне. Міхаіл Ягоравіч – вопытны кіраўнік. Але яшчэ ён – творчы чалавек. З юнацтва піша вершы.

– Вершы пісаць я пачаў у юнацтве, а потым доўгі час не вяртаўся да гэтага занятку, – кажа суразмоўца. – Усё змянілася, калі некалькі гадоў таму рызыкнуў паўдзельнічаць у літаратурным конкурсе Міжнароднай прэміі “Філантроп”. Трэба было адправіць 15 сваіх вершаў, – распавядае Міхаіл Ягоравіч. – Я знайшоў у сябе патрэбны мінімум. Не перамог, але атрымаў натхненне. Зараз вершы друкую ў сацыяльных сетках і газеце “Вместе!”, але думаю пра ўласны зборнік.

Асобна Міхаіл Ягоравіч выдзяляе Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў, які штогод у дні Славянскага базара праходзіць у Віцебску. Ён непасрэдна, на правах гаспадара, прымае актыўны ўдзел у яго арганізацыі.

 “Хто яшчэ, калі не бацька?”

Нягледзячы на тое, што Міхаіл Ягоравіч душой і сэрцам хварэе за таварыства, самым галоўным сваім дасягненнем ён лічыць сваю сям’ю. У яго дзве дачкі і тры ўнучкі.

 – З жонкай я пазнаёміўся ў інстытуце, – працягвае ён, – яна вучылася на факультэце пачатковых класаў. Калі пачалі сустракацца, я даведаўся, што ў яе памёр бацька, а праз год яшчэ і маці. Я падставіў ёй сваё мужчынскае плячо. Датаго ж, яна жыла ва ўласным доме, я прыходзіў дапамагаць па гаспадарцы. Вось як прыйшоў, так і застаўся з ёй на ўсё жыццё, – усміхаецца Міхаіл Ягоравіч. – У нас дзве дачкі, таксама выкладчыкі, а яшчэ тры ўнучкі, самай малодшай – годзік.

– Пакуль не памру, гэта будуць мае дзеці, і кропка, – выказвае думку суразмоўца. – Тым больш, у мяне дзяўчаткі. Ну хто яшчэ, калі не бацька, ім дапаможа? Не падумайце, у мяне добры зяць, таленавіты мастак і каваль. Дарэчы, яго першая работа – карэта – стаіць у “Задзвінні”, на залатым кальцы Віцебска. Ён зараз шмат працуе дзеля сям’і, а я заўсёды дапамагу – напрыклад, падвязу ў школу і садочак унучак.

 Справочно. 18 апреля в культурно-историческом комплексе «Золотое кольцо города Витебска «Двина» прошла седьмая отчетно-выборная конференция Витебской областной организации ОО «Белорусское общество инвалидов». Присутствующие – а мероприятие объединило 32 делегата региона – подвели итоги проделанной работы за 2016-2022 годы. В рамках встречи представители «БелОИ» выбрали нового председателя объединения. Им стал Эдуард Аветисян, сменивший Михаила Королюна, занимавшего пост 18 лет

 

Дарыя Галоўчыц

Фота з архіва Міхаіла Каралюна

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.