Галоўнае — захаваць мемарыяльнасць
Менш чым праз год, 19 чэрвеня 2014 года, споўніцца 90 гадоў з нараджэння аднаго з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя — Васіля Быкава. У гэты дзень пад Мінскам, у дачным пасёлку «Ждановічы», павінен адкрыцца музей Васіля Уладзіміравіча. Пра тое, як па задумцы навукоўцаў будзе ўшанавана памяць пра слыннага творцу, распавядае дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч:
— Працягваецца праца па стварэнні канцэпцыі будучай экспазіцыі, якая размесціцца на дачы пісьменніка. Дача Васіля Уладзіміравіча ўяўляе сабой прыгожую, невялічкую і вельмі сціплую сядзібу, засаджаную бярозамі. Відаць па ўсім, гэтыя дрэвы раслі тут яшчэ да таго, як сям’я Быкавых засялілася сюды ў 1985 годзе. Вядома, што гаспадар і сам пасадзіў некалькі дрэў.
Пакуль вядуцца падрыхтоўчыя работы па праектаванні аднаўлення і ўладкавання пад музейную экспазіцыю будынка, які павінен адпавядаць усім патрабаванням музейнай установы.
Што да будучай экспазіцыі, то дача максімальна захавае сваю мемарыяльнасць. На першым паверсе некранутым застанецца гасцявы пакой з камінам і вялікім сталом, дзе звычайна збіраліся сябры пісьменніка. Маленькая кухня будзе абсталявана для патрэб музея, праўда, яна для нас вельмі каштоўная тым, што яе сцены размаляваны рукой Васіля Уладзіміравіча. Малюнкі абавязкова будуць захаваныя. Для наведвальнікаў дзверы гэтага пакоя будуць адчынены. На першым паверсе знаходзіцца і гараж, у якім, мы спадзяёмся, будзе стаяць «Волга» Васіля Быкава, якую ён вельмі любіў і нао-гул аддаваў ёй шмат часу.
На другім паверсе застанецца кабінет Васіля Уладзіміравіча з мэбляй, якой пісьменнік карыстаўся, а побач, у былым пакоі Ірыны Міхайлаўны, размесціцца літаратурная экспазіцыя, якая непасрэдна будзе распавядаць пра творчасць Васіля Уладзіміравіча.
«Пакоем Ганада», даўняга сябра Васіля Быкава, пісьменніка Ганада Чарказяна, называлі ў сям’і Быкавых мансарду над гаражом — вельмі светлае памяшканне з мноствам вокнаў, уздоўж якіх стаяць і захаваюцца ў будучым складныя драўляныя крэслы. Тут жа будзе працяг літаратурнай экспазіцыі. У гэтым пакоі Васіль Уладзіміравіч у цёплую пару любіў пісаць. Працоўны куточак мансарды будзе таксама захаваны.
Плануецца ўвядзенне ў кантэкст экспазіцыі электронных сродкаў, якія дазволяць у вельмі маленькім памяшканні рознапланава паказаць жыццё і творчасць народнага пісьменніка. Упершыню шырока будуць прадстаўлены шматлікія храналагічныя замалёўкі Васіля Быкава, звязаныя з будаўніцтвам і жыццём на дачы, будзе гучаць голас пісьменніка. Адным словам, мы максімальна пастараемся захаваць тое, што было пры жыцці Васіля Быкава, і ў той жа час стварыць цікавую экспазіцыю.
Раіса МАРЧУК
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.