Этна, агра і эка
Якім бывае адпачынак у Беларусі?
У апошні дзень лютага ў Мінску адбыўся круглы стол «Крэатыўная эканоміка, турызм і рэгіянальнае развіццё: лепшыя практыкі». Ён стаў падсумаваннем праекта «Турыстычная дэстынацыя “Зэльвенскі дыяруш”: умацаванне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятываў і адраджэнне спадчыны».
Беларускія вёскі – прыгожыя! Так лічыць Пітэр Слоўн, другі сакратар Пасольства ЗША ў Беларусі, якое і фінансавала праект. Дык калі ўжо абазнаныя замежнікі захапляюцца беларускай глыбінкай, можа, і нам, беларусам, варта прыгледзецца лепей да мясцінаў, дзе жывем? Лета яшчэ далёка, але ж пра адпачынак, як і пра сані да зімы, варта клапаціцца загадзя.
Па-зэльвенску…

Валерыя Кліцунова, старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі «Адпачынак у вёсцы», што здзяйсняла праект, распавяла пра яго асноўныя этапы. Аб адным з мерапрыемстваў, «Зялёнай гулянцы» («Organic party») у аграсядзібе «Верас», нашая газета пісала ўвосень, але былі і іншыя.
Увогуле Зэльвеншчына – рэгіён своеасаблівы. Зэльвенскі раён – самы маленькі ў Гродзенскай вобласці, але мае вялікі турыстычны патэнцыял: тут ёсць нямала помнікаў гісторыі і архітэктуры (самы вядомы з іх – 600-гадовая царква-крэпасць у Сынкавічах), 8 аграсядзібаў. У раёне няма буйных прамысловых прадпрыемстваў (з-за гэтага і працоўных месцаў меней, чым у іншых рэгіёнах) – затое ёсць чыстае, незабруджанае паветра і мясцовыя жыхары, якія могуць і гатовыя працаваць у сферы агратурызму. Пра гэта расказалі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Наталля Гаспадарык і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Казыра.
Усе цікавыя мясціны і падзеі ў рэгіёне аб’яднаныя ў маршрут «Зэльвенскі дыяруш». Акрамя ўжо згаданай «Зялёнай гулянкі» ў аграсядзібе «Верас» ладзіўся прэс-тур «Свежына ў Міхася»: гаспадары Ірына і Міхаіл Макеі па ўсіх правілах калолі і разбіралі кабанчыка. У планах «верасаўцаў» – фестываль «Седые непоседы» для людзей сталага ўзросту, які мусіць адбыцца ўвосень.
Сёлета на Зэльвенскім вадасховішчы ладзіліся спаборніцтвы па аматарскім вуджэнні рыбы «Зэльвенскі лёд – 2018». Штогод у Зэльве з усё большым размахам праходзіць Ганненскі кірмаш: некалі купляць коней сюды прыязджалі з усёй Еўропы. У асобных вёсках ладзяцца свае фэсты: свята малака, свята калодзежа… У кожнага – нешта адметнае, і тым цікавей прыехаць на Зэльвеншчыну турыстам.
Па-добраму здзіўляюць вучні мясцовай Князеўскай школы. Некалькі гадоў таму ў рамках акцыі «Па душы нам жыць у вёсцы» школьнікі пачалі распытваць вяскоўцаў пра старадаўнія звычаі, абрады, паданні. Потым з’явілася ідэя сабраць рэцэпты адметных мясцовых страваў – вынікам стала кніжачка «Крамяніцкі вузельчык» (рэцэпты былі запісаныя ў Крамяніцкім сельскім Савеце).

А каб выпадкова нічога на прапусціць, госці могуць скарыстацца адмысловым «Пашпартам турыста». У яго ўвайшлі найбольш цікавыя аб’екты маршрута «Зэльвенскі дыяруш». У пашпарце робяцца адзнакі аб наведванні той ці іншай сядзібы, і чым болей мясцінаў наведаў вандроўнік, тым большая зніжка чакае яго ў наступныя разы.
Па-валожынску…
Яшчэ адзін рэгіён, дзе паспяхова развіваецца агратурызм, – Валожыншчына. Гаспадар аграсядзібы «Засценак “Скрыплеў”» і старшыня спажывецкага кааператыва «Валожынскія гасцінцы» Васіль Грынь прапануе наведнікам сваёй сядзібы пракаціцца на веласіпедах, сплавіцца на байдарках, наведаць звязаныя з Першай сусветнай вайной мясціны. І ўжо некалькі разоў ладзіў у сваёй сядзібе кулінарны фэст «Капыцікі», таксама звязаны са свежаваннем парсюка (як бачна, гэтая тэма карыстаецца папулярнасцю і ў гаспадароў, і ў наведнікаў аграсядзібаў).

Аднак Валожынскі раён адметны тым, што тут ужо не першы год рэалізуецца праект «Валожын без бар’ераў» па развіцці даступнага турызму. У круглым стале браў удзел Дзмітрый Наканечны, гаспадар аграсядзібы «За масточкам», што ў вёсцы Замасцяны. Ён распавёў, наколькі даступная для людзей з інваліднасцю яго сядзіба:
– На дадзены момант тэрыторыя прыстасаваная для перасоўвання інвалідаў-калясачнікаў, але даступнае асяроддзе ў поўным сэнсе гэтага слова яшчэ не створанае. Аднак у сядзібе час ад часу адпачываюць калясачнікі, якія прыязджаюць з суправаджаючымі.
Дарэчы, ландшафт на тэрыторыі сядзібы дазваляе самастойна перасоўвацца ў калясцы, у тым ліку пад’язджаць да вады. Узгадаю, як летась у верасні мы адкрывалі пляцоўку для назірання за птушкамі на вадасховішчы Сакаўшчына (паспрыяла, што гэта сапраўды ўнікальны вадаём: ён знаходзіцца на Заходняй Бярэзіне, на шляхах міграцыі птушак). На адкрыццё мы запрасілі старшыню Беларускага таварыства інвалідаў Уладзіміра Патапенка і яго намесніка Сяргея Драздоўскага. Дык Уладзімір Пятровіч, пакуль чакаў пачатку адкрыцця, пад’ехаў да вадасховішча і вудзіў рыбу, седзячы ў калясцы, – і нават нешта злавіў!

Пляцоўку для назірання за птушкамі мы адкрылі ў выніку ініцыятывы «Птушка ў аб’ектыве», што здзяйснялася ў рамках праекта ПРААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Пляцоўка была зробленая з разлікам на тое, каб інваліды-калясачнікі маглі самастойна туды трапіць. Быў, праўда, казус пад час адкрыцця, – чэсна прыгадвае суразмоўца. – На дарожцы да пляцоўкі мы, каб было прыгажэй, насыпалі крыху пяску. Але не ўлічылі, што тонкія колы інвалідных калясак будуць не надта добра па ім рухацца. Потым сітуацыю выправілі: працягнулі драўляны памост далей, і цяпер на пляцоўку можна трапіць без перашкодаў.
Было закуплена неабходнае абсталяванне, каб паназіраць за вадаплаўнымі і каляводнымі птушкамі, а таксама сфатаграфаваць іх. Дарэчы, да бёрдвотчынга – назірання за птушкамі – далучыліся вучні мясцовай школы і наведнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і для пажылых людзей Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Частка абсталявання перададзеная ў гэтыя ўстановы.
Мы ж працягваем размову пра безбар’ернае асяроддзе ў сядзібе.
– Заўважу, што ў нас шмат адрэстаўраваных старых будынкаў – зруб старой хаты з высокім ганкам, напрыклад, – расказвае гаспадар «За масточкам». – На маю думку, рабіць іх цалкам даступнымі для калясачнікаў немэтазгодна: зарыентаваўшыся на поўную даступнасць, мы заб’ем гістарычнасць, бо для гэтага давядзецца будынак зруйнаваць і пабудаваць наноў. Аднак цяпер мы робім залу, якая будзе даступнай цалкам, – як раз насцілаем там падлогу.
Наступным крокам будзе стварэнне пакоя адпачынку, дзе людзі з інваліднасцю таксама змогуць размяшчацца самастойна. У найбліжэйшых планах – стварэнне ўніверсальнай прыбіральні, мы ўжо гэтым займаемся. Пазней у сядзібе з’явіцца і лазня – таксама даступная. Пакуль яшчэ не ведаю, ці будзе там пад’ёмнік на палок, – жартуе Дзмітрый Наканечны, – магчыма, нешта прыдумаем, каб не ўскладняць і абысціся без яго.
Таксама плануем зрабіць плывучую платформу, на якой будзем ладзіць азнаямленчыя прагулкі па вадасховішчы. Інваліды-калясачнікі змогуць самастойна там размясціцца, павудзіць рыбу, а магчыма, будуць і самі веславаць, рухаць платформу.
***
Як бачым, зроблена ўжо нямала, хаця і планаў у Дзмітрыя Наканечнага шмат. Няма сумневу, што з цягам часу яны ўвасобяцца ў жыццё. Мы ж пастараемся трымаць вас у курсе падзеяў, звязаных з безбар’ерным адпачынкам у Беларусі.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.