Дзве сястры вырашылі пакінуць горад і засталіся на вёсцы на Сенненшчыне: гісторыя двух лёсаў

Поддержи

Лёс чалавека, яго сям’і – гэта калейдаскоп жыццёвых гісторый. Хачу расказаць пра людзей сталага веку, якім прыйшлося нарадзіцца ў цяжкія пасляваенныя гады, – маіх маці Раісу Зуеву і цётку Валянціну Барышаву (Мінчанка). Іх бацька, мой дзед, усё жыццё быў інвалідам, а ў маці, маёй бабулі, быў няпросты жаночы лёс…

Бацькі

Дзве дзяўчынкі ў сям’і Мінчанкаў нарадзіліся ў пачатку 50-х на Мсціслаўшчыне Магілёўскай вобласці. Выхоўвалі сясцёр бацькі – Ніна Сцяпанаўна (у дзявоцтве Андросенка) і Лявон Яўціхавіч.

Круцільшчыцы камсамолкі Раіса і Валянціна Мінчанкі, Орша, 1973 г.

Ніна Сцяпанаўна марыла стаць настаўніцай, скончыла педагагічныя курсы, аднак засталася на вёсцы даглядаць хворую маці Александрыю. Напачатку вайны дзяўчыне споўнілася 18. У Ніны была сястра Дзіна і браты Ляксей і Пеця. Яна расказвала, як сям’я разам з аднавяскоўцамі хаваліся ў балоце, а накрываліся покрыўкамі. Іх, маладых дзяўчат з вёскі, адправілі ў Нямеччыну. Ніне ўдалося збегчы. Пасля вайны жанчына рупілася даяркай. З мужам Лявонам пазнаёмілася на кірмашы ў Шамаве. Менавіта ў танцы зарадзілася іх каханне. Пабраліся шлюбам у 1948 годзе. Жаніх на тры гады за нявесту маладзейшы. Муж Лявон Яўціхавіч працаваў цесляром. Да ўсяго, мужчына з дзяцінства быў інвалідам. Аднойчы маці Варвара Афанасьеўна (1905 г. н.), узяла свайго пяцігадовага сына на вяселле. Там хлопчык заснуў, а госці пазакідалі яго верхнім адзеннем, не заўважыўшы, што той спіць. Пакуль госці танчылі, хлопчыка прадула скразняком. Захварэў на мінінгіт, і хвароба дала ўскладанне на вушы. Малы страціў слых, а разам з ім і магчымасць размаўляць. Усё жыццё мой дзед быў глуханямым. Пазней ён наведваў спецыялізаваную школу, вучыўся ў рамесніцкім вучылішчы. Людзі прыязджалі здалёк, замаўлялі зрабіць кошыкі, граблі; рабіў калёсы, санкі, вазіў на кірмаш. У яго былі залатыя рукі. “Асаблівасць” не перашкаджала паўнавартасна жыць, быць добрым гаспадаром і бацькам. Сёстры часта ўспамінаюць, як трымаў дома дысцыпліну. Яго матуля, бабуля Варвара дажыла да 84 гадоў, выгадавала ўнукаў сваіх чатырох дзяцей – Рэмы, Галі, Любы і Лявона.

Маладая сям’я Мінчанкаў, Кубань, 1957 г.

Быў перыяд, калі сям’я вымушана была пераехаць на Кубань. Адбыўся няшчасны выпадак: трохгадовы брацік Раі і Валі Міша разам з бабуляй-суседкай Адаркай, на хаце ў якой тады жыла маладая сям’я, загінулі пад коламі грузавіка. Яны пайшлі за каровай у канец вёскі. Машына разварочвалася, шафёр іх не заўважыў. Ніна Сцяпанаўна не магла прыйсці ў сябе і, каб перажыць гора, было вырашына паехаць да залоўкі ў Краснадарскі край. Раіса і Валянціна да чацвёртага класа вучыліся ў станіцы Каладжынская Лабінскага раёна. У рэшце рэшт, спякотны Краснадарскі клімат не падышоў Ніне Сцяпанаўне, і ўрачы параілі пераехаць у больш лагодныя ўмовы. Бацькі вярнуліся на радзіму. У 1960-м нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Мішам. Дарэчы, да маці дзеці звярталіся выключна на “вы”. Так было прынята ў сям’і.

Пасля вяртання з Кубані ( у цэнтры – бабуля Александрыя), в. Малая Рубанаўка, 60-я гг.

Пасляваенная вёска

Малая радзіма сясцёр – вёсачка Малая Рубанаўка знаходзіцца не так далёка ад Малой Багацькаўкі, дзе нарадзіўся Максім Гарэцкі. Хадзілі ў Шамаўскую школу за восем кіламетраў. Зімою, ступаючы ў сляды старэйшых дзяцей, пратоптвалі шлях да яе. Сёстры ўспамінаюць, як гурбы намяталі па самыя дахі, што можна было будаваць хады. Вясною, у час моцнага разводдзя, пасля заняткаў маглі заначаваць у аднакласніц.

Вяселле Валянціны, в. Бортнікі, 1975 год. (Раіса другая злева з мужам-гарманістам).

Жылі на вёсцы цяжка. Спачатку мясціліся ў сваякоў. Пазней Лявон Яўціхавіч сам пабудаваў дом. Дзяўчаты дапамагалі бацькам па гаспадарцы, хадзілі ірваць лён, жалі ў полі жыта, шчыравалі на сенакосе. Харчаваліся бедна: збіралі на полі падмерзлую бульбу, маці пякла з яе аладкі. Любімай стравай быў кулеш з мукі. Хата абагравалася грубкай, для ацяплення на балоце дабывалі торф. Стрыечная сястра па бацьку Ніны Сцяпанаўны, Маруся, на той час жыла ў Ленінградзе (пасля смерці першай жонкі бацька Сцяпан адправіў 13-гадовую дачку на свой хлеб, бо на вёсцы быў голад. Дзяўчынку ўзялі да сябе дзве сястры-немкі, якія працавалі ў шпіталі. Маруся таксама стала медсястрой. Перажыла блакаду Ленінграда). Цётку наведалі аднойчы і пляменніцы Рая і Валя. Да гэтай пары жанчыны ўспамінаюць, як яны разам з дваюраднай сястрой Галяй, ленінградкай, хадзілі на балет. А пасля маці, Ніна Сцяпанаўна, прывезла з Ленінграда ў вёску першы тэлевізар. Гэта было дзіва для мясцовых жыхароў.

Уверсе злева – Раіса, цётка Люба і Валянціна, злева – брацік Міша з дваюраднымі сястрычкамі, 1965 г.

Першыя выпрабаванні

“Я старэйшая, – расказвае Раіса. – Пасля дзясятага класа год сядзела дома. А ў наступнае лета паехала ў Горкі. Тады для тых, хто едзе працаваць, неабходны быў дазвол кіраўніка калгаса. Старшыня ні за што не хацеў, каб пакідала вёску. Памятаю, бацька дамовіўся з вартаўніком канторы, і той уночы паставіў пячатку і падрабіў подпіс кіраўніка. Удалося выехаць. Працавала на лямпавым заводзе. У 1969-м не было аўтобуснага маршруту да нашай вёскі. І я з Горак за пяць га-дзін даходзіла да сваёй Рубанаўкі. Маёй маме не было чаго мне ў дарогу даць. Бедна жылі, пра грошы і размовы не было, – узгадвае Раіса. – Адзін год быў добры ўраджай бульбы. Называўся гатунак “Тэмп”. У мой чамаданчык памясцілася мо бульбін дзесяць, такая яна вялікая была. Пакуль ішла – цяжка станавілася, па адной па дарозе выкідвала”, – усміхаецца жанчына. Праз год і сястра Валянціна падалася ў горад. Паступіла ў аршанскае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 45 тэкстыльшчыкаў. Паклікала з сабой Раю. Стараліся кожны тыдзень прыязджаць дадому. “Бацька хоць і быў глуханямым, але на кані з лучынаю за 25 кіламетраў пад’язджаў за намі на станцыю Цёмны Лес. Мы ўважліва прыслухоўваліся, каб не было ля нас ваўкоў. Не ведаем, як толькі бацька вяртаўся адзін, ён жа нічога не чуў”, – расказваюць дочкі Лявона Яўціхавіча.

Вяселле Валянціны, в. Бортнікі, 1975 год. (Раіса другая злева з мужам-гарманістам).

Сёстры ў студэнцкія гады займаліся лыжамі. Ездзілі ў Віцебск на спаборніцтвы па бегу. Раіса была сакратаром камсамольскай арганізацыі. За лепшыя вынікі ў вучобе ёй далі пуцёўку ў санаторый. Майстар вытворчага навучання раіла паступаць далей. Аднак дзяўчына ўявіла, што прыйдзецца здаваць гісторыю КПСС, і вырашыла нікуды не паступаць. “Я пабаялася, што не здам”, – успамінае жанчына.

Сям’я Мінчанкаў на ўборцы льну, 60-я гг.

Пасля заканчэння ў 1972-м навучальнай установы “на выдатна”, сёстры Мінчанкі працавалі ў прадзільным цэху ільнокамбіната круцільшчыцамі. Вось як тады пра іх пісала аршанская газета: “У другім прадзільным цэху высокіх паказчыкаў дабіваюцца круцільшчыцы камсамолкі сёстры Раіса і Валянціна Мінчанкі , яны давялі выкананне норм да 120–125 працэнтаў пры бездакорнай якасці”. Шмат добрых слоў захоўваюць пажаўцелыя ад часу публікацыі, якія дагэтуль грэюць сэрцы маім гераіням.

Лявон Яўціхавіч у маладосці, канец 40-х гг.

Замужжа

“У Оршы мы пасябравалі з дзяўчынай з Сенненшчыны. Сталі часта прыязджаць ў Літусава, хадзіць на танцы. Моладзі было шмат, танцавалі пад гармонік, а раніцай ішлі на чыгуначную станцыю “Смальяны”, якая знаходзілася за дзесяць кіламетраў у вёсцы Заполле. Так незаўважна для сябе вярнуліся ў знаёмае вясковае жыццё. Першая замуж пайшла я, – распавядае Раіса, – засталася ў Літусаве. А зімой у суседняй вёсцы Бортнікі гулялі вяселле Валянціны. Абодвух нашых з сястрою абраннікаў звалі Мікалаямі. Яны былі заўзятымі сябрамі. У нашых сем’ях нарадзілася па чацвёра дзяцей. Цяпер шмат унукаў і праўнукаў”.

Сёстры Раіса і Валянціна – дзве крывінкі.

“На вёсцы асабліва выбіраць не прыходзілася: асвоілі новыя прафесіі, – гаворыць Раіса. – Я працавала лабарантам на малочнатаварнай ферме і невялікі час рахункаводам у калгаснай канторы. Прыходзілася і кухарам шчыраваць працяглы тэрмін, і вартаўніком мехдвара. Аднак большая частка майго працоўнага стажу ў сферы культуры. Праца бібліятэкарам і загадчыцай клуба падабалася. Была мясцовым дэпутатам, а цяпер, на пенсіі, я старэйшына вёскі”.

Валянціна з бацькам, пачатак 70-х.

Валянціна таксама была актыўным дэпутатам, да таго ж ніколі не саромелася бруднай працы. Спачатку працавала ў мясцовай краме. Але трэба было карміць дзяцей. Пайшла даяркай, і ўсё сваё жыццё працаўніца аддала калгаснай ферме. Жанчыне даводзілася часам даіць па 50 рагуль, ды яшчэ ацёлы прымаць, цягаць цяжкія бідоны, вычышчаць кармушкі! Уявіце, гэтую работу выконвала слабая кабета, якая на той момант засталася маладой удавой з дзецьмі-пагодкамі на руках. Ніколі не падала духам. Годна выхавала дзяцей і засталася верная мужу: так і не пайшла больш замуж. А ў хвіліны смутку развейвае дрэнныя думкі звонкай песняй.

Вяселле Валянціны і Мікалая. Злева першая – Раіса, 1975 г.

Ужо паўвека сёстры Раіса Зуева і Валянціна Барышава жывуць на Сенненшчыне, у вёсках Бортнікі і Літусава. Можа, і цяпер калі-нікалі ды прамільгне ў жанчын думка: ці правільна зрабілі, што вырашылі пакінуць горад і засталіся на вёсцы. Аднак у кожнага свой шлях. Зморшчынкі і рукі, стомленыя ад шматгадовай працы – доказ няпростага лёсу дзвюх сясцёр, дзвюх крывінак.

Сёстры Мінчанкі – Рая і Валя

 

На Кубані. Злева першая – Раіса з бабуляй Варварай Афанасьеўнай і дваюраднай сястрычкай Люсяй, 1959 г.

Запісала Надзея Зуева

Фота аўтара і з сямейнага архіва гераінь

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.