Жыццё ўсляпую: Насця ў 6 гадоў цалкам страціла зрок, а сёння яна працуе педагогам, піша карціны і падарожнічае

За дапамогай зроку чалавек атрымлівае больш за 80% інфармацыі з навакольнага свету. А як жывуць тыя, для каго візуальны орган пачуццяў не даступны? Сёння мы раскажам гісторыю дваццацісямігадовай аршанкі Анастасіі Бярговінай, якая страціла зрок у дзяцінстве, але не страціла сябе.
– Нарадзілася я ў Оршы, гэта мой родны і любімы горад, – пачынае расказ Анастасія. – Праблемы з вачыма пачаліся дзесьці ў тры гады. Зараз цяжка казаць, што менавіта справакавала хуткую страту зроку. Памятаю, што я захварэла на ветраную воспу, а потым пачаліся частыя рэйды па дактарах.
– Для мяне было галоўным укласці ў памяць дачкі як мага больш візуальнай інфармацыі – падхоплівае размову Вольга, маці Насці. – Калі пасля вятранкі на вачах з’явіўся кан’юктывіт, мы пайшлі да афтальмолага ў Оршы, але лячэнне не давала вынікаў. Далей адправілі ў Віцебск, потым ў Мінск. Паставілі дыягназ – увеіт (запаленне пігментаванай унутранай абалонкі вока. – Заў. аўт.). Нас папярэджвалі ўрачы, што зрок будзе хутка пагаршацца, і гэты працэс неабарачальны, таму мы навучылі дачку чытаць і пісаць ужо ў тры гады, а бліжэй да чатырох яна магла самастойна чытаць казкі. Да апошняга куплялі ёй кніжкі з вялікімі літарамі, яркімі малюнкамі, каб яна запамінала колеры, каб потым ёй было лягчэй. Поўнасцю зрок Насця страціла ў 6 гадоў.
«Не давала адчуваць сябе бездапаможнай»
У першы клас Анастасія пайшла ў спецыялізаваную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку ў Шклове. Дадому прыязджала толькі на выходные.
– Я ніколі не адчувала сябе не такой, як іншыя, – працягвае суразмоўніца. – Я была старастай класа, хадзіла на розныя гурткі. Гэта было звычайнае жыццё, як і ў астатніх школьнікаў. Дома, у Оршы, у мяне таксама былі сябры, з якімі мы хадзілі гуляць ці сустрачаліся дома. Я лічу, што ў гэтым велізарная заслуга маёй мамы, якая з дзяцінства не давала мне адчуваць сябе бездапаможнай ці нядужай. Да мяне ставіліся як да любога іншага дзіцяці.
Пасля 11 класаў перад дзяўчынай стала пытанне атрымання вышэйшай адукацыі. Насця марыла стаць юрыстам, але ў яе так і не атрымалася прайсці медыцынскую камісію. Наступны варыянт – універсітэт культуры і мастацтваў.
– Цэнтралізаванае тэставанне я не здавала, замест гэтага былі вусныя экзамены, – успамінае дзяўчына. – Я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у Мінску на менеджэра міжнародных культурных сувязяў. Вучоба давалася даволі лёгка, акрамя некаторых прадметаў па тыпе інфармацыйных тэхналогій. Калі ў праграме ідзе PhotoShop, зразумела, што я не змагу апрацоўваць фота. Пападаліся прынцыповыя выкладчыкі, якія былі не задаволены тым, што я ў іх вучуся, але я ўсё роўна добра скончыла ўніверсітэт.
Вучылася Анастасія на бюджэтнай форме адукацыі, таму пасля універсітэта яе чакала размеркаванне. На чатыры гады дзяўчына вярнулася ў Оршу.
– Гэта быў найлепшы варыянт размеркавання, – распавядае дзяўчына. – Я вельмі ўдзячна, што для мяне знайшлося месца ў звычайнай арганізацыі. Чатыры гады я адпрацавала ў Аршанскім раённым метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай дзейнасці сакратаром-рэферэнтам. Я набірала на камп’ютары тэксты метадычных дапаможнікаў для дамоў культуры, а таксама разам з калегамі прыймала ўдзел у арганізацыі розных мерапрыемстваў. Мне ўжо здавалася, што так будзе заўсёды. Але лёс павярнуўся ў іншы бок.
«Была сувязным звяном паміж відушчымі і сляпымі»
Калі Насця вярнулася ў родны горад, стала жыць асобна ад бацькоў на здымнай кватэры.
– Жыць асобна мне падабалася, я заўсёды імкнулася да самастойнасці, плюс я працавала і фінансава не залежала ад бацькоў, – расказвае суразмоўца. – Адным вечарам да мяне зайшла сяброўка, якая прачытала мне тэкст пра сляпую дзяўчыну з Беларусі, аб якой напісалі на адным з сайтаў. І кажа мне: “Давай ім напішам, каб яны да цябе прыехалі”. Я адразу адмаўлялася, але потым падумала: “Чаму не?” Пасля таго, як яны пра мяне напісалі, мне стала паступаць шмат прапаноў вакансій.
Анастасія заўсёды была дзяўчынай не з нясмелага дзясятка, таму амаль што адразу сабрала рэчы і адправілася ў сталіцу насустрач новаму вопыту.
– Калі да мяне прыязджалі журналісты, – працягвае Насця, – яны заўважылі блакнот, у якім я некалі рабіла эскізы малюнкаў. Каб разумець, што я малюю, пад ліст трэба падкласці паралон, тады ад вострага канца карандаша застаюцца тактыльныя лініі. Карэспандэнт сфатаграфаваў гэты блакнот і выклаў здымак з ім на сайт. Так мяне паклікалі ў беларускі праект для сляпых мастакоў, прапанавалі працаваць адміністратарам, але па факце я была сувязным звяном паміж відушчымі і сляпымі людзьмі. Паралельна з гэтым я малявала і праводзіла заняткі ў дзяцей.
Мастацтва цесна павязана з колерамі, якія невідушчым людзям недаступныя. Цікавімся: як малююць тыя, хто не бачыць?
– Мне прасцей, чым тым, хто нарадзіўся сляпым, – тлумачыць Анастасія. – З дзяцінства я памятаю, якога колеру неба, трава, гэта значыць, я разумею простыя колеру. Праблемы пачынаюцца там, дзе мне кажуць: гэта аліўкавы. Я думаю: “Добра, а гэта бліжэй да якого колеру?” Але для невідушчых з нараджэння колер – паняцце абстрактнае. Для таго, каб тлумачыць колеры невідушчым, часта педагогі карыстаюцца аналогіяй з пачуццямі. Напрыклад, чырвоны – гарачы, цёплы, а блакітны – халодны.
– У асноўным я пішу карціны ў стылі абстракцыанізму, бо я разумею, што ў рэалізме ўступлю відушчым мастакам, – жартуе дзяўчына. – Некаторыя з карцін спецыяльна прашываю ніткамі, каб яны былі тактыльнымі для мяне, у першую чаргу. Яшчэ вельмі люблю Гары Потэра, пераслухала гэтыя кніжкі шмат разоў, некалі прысвячу свае работы гэтаму чарадзейнаму персанажу. Часцей за ўсё малюю рознымі тэкстурамі, каб адчуваць, што на палатне.
«Іншыя органы пачуццяў не ўзмацняюцца, а мы проста пачынаем імі карыстацца на 100%»
Карціны Анастасіі Бярговінай з задавальненнем набываюць людзі з-за мяжы, але зараз існуюць праблемы з пераводам грашовых сродкаў. Таму маляўніцтва ўжо не прыносіць тых грошай, як раней. Зараз дзяўчына працуе ў Мінскім каледжы электронікі і паралельна з гэтым вядзе спатканні ў цемры.
– Мая пасада ў каледжы гучыць “педагог дадатковай адукацыі”, – кажа суразмоўца. – Калі простымі словамі, я працую з слабавідушчымі і невідучшымі вучнямі. Дарэчы, зносіны паміж сляпымі і глухімі – гэта вялікая праблема. Калі я пачула, што ў таксі працуюць вадзіцелі з парушэннем слыху, мяне гэта збянтэжыла. Часцей за ўсё па горадзе я езджу на таксі і заўсёды тэлефаную вадзіцелю, каб ён выйшаў і правёў мяне да машыны. А што рабіць, калі я яго не бачу, а ён мяне не чуе? Зараз у каледжы мы с калегамі працуем над праектам, які будзе дапамагаць кантактаваць сляпым і глухім. Але падрабязнасці пазней.
Адзін з самых распаўсюджаных пытанняў людзям з парушэннем зроку: ці ўзмацняюцца другія органы пачуццяў? Запыталі ў Анастасіі.
– Стэрэатып, зразумела! – адразу спыняе Насця. – На маёй другой працы, у “Нябачным свеце”, да нас на спатканні ў цемры прыходзяць відушчыя людзі, якія на сабе адчуваюць, што адбываецца, калі “адпадае” галоўная крыніца інфармацыі – зрок. Вось, напрыклад, перад чалавекам ляжыць ежа. Ён адразу бачыць яе, таму і пах адыходзіць на іншы план. А вось калі не бачыш, а можаш скарыстацца толькі нюхам, тады другая справа. Гэта значыць, іншыя органы пачуццяў не ўзмацняюцца, а мы проста пачынаем імі карыстацца на 100%. Я нават магу пазнаць людзей па гуку крокаў, па іх асабістаму паху.
«Ёсць гісторыя, як дзеля мяне затрымалі самалёт»
Акрамя асноўнай працоўнай дзейнасці, дзяўчына захапляецца вакалам, дзеля якога кожныя два тыдні ездзіць у Оршу.
– У школьныя гады я спявала ў ансамблі, але падчас універа гэта адыйшло на другі план, – успамінае Анастасія. – У 2017 годзе я вырашыла прыняць удзел у Міжнарожным фестывалі творчасці інвалідаў, які штогод праходзіць у Віцебску. Са мной тады папрасілі пазаймацца Аляксандра Міхайлавіча Аляксеенку. Працаваць са сляпымі цяжка. Паспрабуй патлумачыць, як правільна адкрыць рот. Але мы хутка знайшлі агульную мову. І вось я ўжо больш як паўгода жыву ў Мінску, але працягваю ездзіць на заняткі да яго.
У Оршу Насця можа ездзіць і сама, бо на чыгуначным вакзале ёсць фунцыя суправаджэння невідушчых людзей – рэчавы інфарматар. Нават ёсць платформы з гукам, па якому дзяўчына і можа арыентавацца, куда ісці. Але гэта дробязь у параўнанні з падарожжам у іншую краіну.
– У мяне ёсць гісторыя, як дзеля мяне затрымалі самалёт, – усміхаецца дзяўчына. – Я паляцела адна ў Баку – мой дэбют. Звычайна я вельмі адказная, а тут чамусьці пераблытала час вылету. Калі прыехала ў аэрапорт, то зразумела, што засталося да ўзлёту самалета ўсяго 40 хвілін. Гэта быў адзіны раз у жыцці, калі я парыравала тым, што я інвалід, – смяецца яна. – Але пашчасціла – мяне пусцілі на борт, нават і чамадан узялі, але рэйс затрымаўся на 15 хвілін.
Калі відушчы чалавек прылятае ў іншыю краіну, часцей за ўсё ён ідзе нешта ўбачыць. А што робіць той, хто ўбачыць не можа? Анастасія адказвае.
– Для мяне кожная краіна нават пахне па-рознаму, – дзеліцца яна. – Я турыст-авантурыст, калі праўда. Не люблю хадзіць па знакамітых месцах. Я лепей паеду куды-небудзь на ўскраіну, дзе пачую асаблівасць мясцовага каларыту праз размовы з людзьмі. Калі я вырашыла адна ляцець у Баку, мама тэлефанавала і плакала ў тэлефон. Але я была адна толькі ў аэрапарце, а потым далучыліся мае сябры.
«Калі не я, то хто?»
Калі пыталі ў Анастасіі пра тое, як яна жыве самастойна, заўсёды казала, што зараз гэта магчыма. У тэлефон і камп’ютар убудаваныя праграмы, якія агучваюць усе званкі ды смс.
– У мяне звычайны тэлефон, але з дапамогай “агучкі” я заўсёды на сувязі, ніякіх праблем, – упэўнена Насця. – Калі хаджу па вуліцы, зразумела, карыстаюся палкай. Дзесьці на асфальце ёсць абазначэнні, а дзесьці няма. Калі снегапад, дык я і ўвогуле магу ў сумёт упасці. Ёсць моманты, калі і не ведаеш, што рабіць. Быў выпадак. Выклікала таксі. Кажу: “Буду з палкай, я сляпая”. На што ён мне: “Ну я пад’ехаў, машына карычневая”. Адказваю: “Не, гэта не дапаможа”.
Некалькі месяцаў назад з Оршы ў Мінск пераехалі мама і малодшая сястра Насці, таму зараз дзяўчыне і прасцей, і весялей.
– Я магу сама сабе прыгатаваць ежу, але як прыемна, што зараз пасля працы можна паехаць да мамы на суп, – усміхацца дзяўчына. – Яны з сястрой заўсёды дапамагаюць: калі прадукты прывязуць, калі ў краму разам сходзім. Таксама падкажуць, які колер манікюру выбраць. Выглядаць хачу хораша, а калі жывеш адна, ніхто ранкам не падкажа: роўна падмалявала векі ці не. Я не з тых, хто саромеецца свайго стану. Заўсёды адстойваю сваю пазіцыю. Вельмі хачу вандраваць, развівацца прафесійна. Пра сям’ю пакуль не думаю, але дакладна ведаю, што мой муж павінен быць відушчым, таму што я рэалістка. Але гэта на потым. Зараз у мяне жыццё толькі пачынаецца, і я ўдзячна ўсім, хто складае яго, – падкрэслівае Анастасія.
Дарыя Галоўчыц
Фота з архіва Анастасіі Бярговінай
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.