Дзе мяжа з той самай «нармальнасцю»? Як прайшоў год у мамы, якой суд пастанавіў вярнуць дзіця

Поддержи

Нарэшце. Прэцэдэнт, пра які казалі юрысты з Офіса па правах людзей з інваліднасцю, адбыўся: Суд Брэсцкай вобласці вынес рашэнне, што сына, якога год таму адабралі ў Вольгі Корзун, інваліда з ментальным парушэннем, трэба вярнуць маці. І, падавалася б, трэба радавацца. А нешта зусім не радасна, бо наўрад ці гэта можа змяніць стаўленне да яе і забраць увесь той боль, які яна цярпела праз па сутнасці няправільна пастаўлены дыягназ. Ды яшчэ і органы апекі вяртаць сына Вользе не спяшаюцца…

Некарэктна выстаўлены дыягназ, які адабраў у Вольгі сына

У мінулым красавіку прадстаўнікі Столінскага райвыканкама пасля смерці маці Вольгі забралі сына, а пасля перадалі яго ў прыёмную сям’ю. Такое рашэнне яны тлумачылі тым, што працуюць на апярэджванне небяспек, якія тэарэтычна маглі б здарыцца, бо Вольга мае ментальнае парушэнне. Але, як стала вядома толькі зараз, у Вольгі стаяў некарэктны дыягназ.
Увесь гэты час Арсеній жыве ў прыёмнай сям’і, Вольга выйшла замуж, пасля перажыла гібель мужа, паралельна апраўляючыся пасля смерці маці. На сваю пенсію па інваліднасці выжыць ёй было складана, таму яна пастаянна падпрацоўвала. Так, у летне-асенні перыяд яна выязджала ў суседнія раёны на сезонныя працы. А з нядаўняга часу Вольга зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік, цяпер гандлюе побытавымі таварамі на рынку.

Апошняе судовае пасяджэнне ў Брэсце прыняло рашэнне накіраваць Вольгу на праходжанне псіхіятрычнай экспертызы ў Мінску. Эксперты зрабілі выснову, што Вольга Корзун «пакутуе на псіхічныя расстройствы ў форме лёгкай разумовай адсталасці, пра што сведчыць яе адсталасць у разумовым развіцці з дзяцінства, няздольнасць да навучання па праграме агульнаадукацыйнай школы, нізкі інтэлектуальны ўзровень і запас агульнаадукацыйных ведаў, слабая здольнасць да аналізу, абагульнення і абстрагавання, прымітыўнасць суджэнняў». Да гэтага Вольга яшчэ паспела з’ездзіць на экспертызу ў Маскву, дзе таксама атрымала такі ж вынік, як і ў Мінску.

Даказаць, што «нармальная»

Вольга не проста паехала сама на экспертызу ў Мінск, яна паехала яшчэ ў Маскву. Думаю, яна паехала туды не столькі па паперу, дзе будзе сказана, што яна можа выхоўваць дзіця, колькі даказаць – не сабе (думаю, пра свае здольнасці яна добра ведае), а іншым – што яна «нармальная». Яна зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік, гандлюе на рынку побытавымі таварамі. Яна прыехала са Столінскага раёна ў Брэст на пасяджэнне і дабыла да канца. Ёй, інваліду 2-й групы, прыйшлося браць таксі да вакзала, каб паспець на апошні аўтобус, які давязе яе дадому. Зноўку, каб даказаць, што яна такая ж, як і ўсе

/

431 артыкул грамадзянска-працэсуальнага Кодэкса кажа пра тое, што вызначэнне суда апеляцыйнай інстанцыі ўступае ў законную сілу з моманту яго вынясення.

/

Аднак прадстаўнікі Столінскага райвыканкама ў судзе выказалі нязгоду з экспертызай. У якасці аргумента яны прыводзілі той факт, што мясцовы псіхіятр назірае Вольгу на працягу ўсяго жыцця, таму яму лепш бачны яе стан. Прадстаўнікі казалі, што існуюць рызыкі для жыцця Арсенія. А тавары, якімі гандлюе Вольга, назвалі «не сацыяльна значнымі»… А Вольга так старалася стацца нармальнай!

Суддзя пытала, як Корзун будзе вадзіць дзіця ў школу, што будзе рабіць, калі дзіця захварэе… На такія пытанні Вольга адказвала: «Усё буду рабіць з дапамогай органаў апекі». Што, у прынцыпе, досыць лагічна. Лагічна, што лепш дапамагчы роднай сям’і дзіцяці, чым аддаць у чужую…
Брэсцкі абласны суд адмяніў вынік Столінскага суда, які вынес рашэнне аб адабранні дзіцяці
без пазбаўлення бацькоўскіх праў.

Што пасля?

Алег Граблеўскі кажа пра тое, што перамогу святкаваць яшчэ рана: пасля суда прайшоў ужо тыдзень, а дзіця Вользе так і не вярнулі. «На днях я патэлефанаваў у Столінскі райвыканкам і запытаў пра тое, калі можна пад’ехаць па дзіця. У аддзеле па адукацыі мне адказалі, што пасля таго, як яны атрымаюць пісьмовае рашэнне суда. Корзун жа на гэта пытанне адказалі: «Мы будзем вырашаць, ці вяртаць, будзе яшчэ праверка сацыяльна-бытавых умоў», – распавядае Алег.

Корзун з Граблеўскім падалі скаргу ў Столінскі райвыканкам, адзначыўшы, што цяперашнія дзеянні аддзела па адукацыі яны ўспрымаюць як крымінальна-каральныя, бо 431 артыкул грамадзянска-працэсуальнага Кодэкса кажа пра тое, што вызначэнне суда апеляцыйнай інстанцыі ўступае ў законную сілу з моманту яго вынясення. Чаму нават пасля рашэння суда яна мусіць даказваць некаму, што яна нармальная?

Жаданне, каб хаця б сын успрымаўся “нармальна”

Атрымліваецца, што некарэктна пастаўлены дыягназ Корзун з самага пачатку ледзь не перакрэсліў яе жыццё. Пасля яго выстаўлення можна зрабіць выснову, што «нізкі інтэлектуальны ўзровень» не дазваляе выхоўваць дзіця… Атрымліваецца, яшчэ стагоддзе таму бедныя сяляне ў вёсках, якіх было больш за палову тагачаснага насельніцтва, не мелі права выхоўваць дзяцей, бо мелі «нізкі інтэлектуальны ўзровень»?

/

Нават той факт, што адразу пасля смерці маці, не аправіўшыся ад гора, Вольга стала дзейнічаць: напісала з просьбай дапамогі ў газету, стала пісаць скаргі, хадзіць і ездзіць па судах, паехала на сезонныя працы… Хіба гэта кажа пра несамастойнасць яе як асобы, на якую ўвесь час указваюць органы апекі?

/

Памятаю, як летам на судзе ў Століне яе цётка распавядала, што Вольга для сына і дзяцей цёткі стварыла нават маленькую бібліятэчку, дзе паставіла дзіцячыя кнігі. Памятаю, сама Вольга на судзе намагалася патлумачыць  той факт, чаму яна не вадзіла сына ў свой час да дактароў. Яна, падбіраючы словы, казала, што не хоча, каб медыцынская картка некалі паўплывала на яго жыццё так, як паўплывала на яе жыццё: інтэрнат, «слабоумие», інваліднасць і адабранне дзіцяці. Ці пачулі яе? Напэўна, пачуў той, хто хацеў.

Зрэшты, трэба часцей узгадваць, што ў нашай краіне ратыфікавана Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю. Таму вельмі хочацца верыць, што ў бліжэйшыя дні органы апекі вернуць Арсенія маці, як і вырашыў суд. Зараз будзе нялёгкі перыяд як для яе, так і для яго. Бо ён ужо іншы. І яна таксама іншая. І вельмі хочацца верыць, што органы апекі тут дапамогуць зноў паяднацца маці з сынам, а не наадварот.

 

Вікторыя Булатая
Фота з асабістага архіва Вольгі Корзун

 

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version