«Дзе «каза» скача, там ніхто не плача»

Поддержи

«Жадаем вам зорнага неба на Каляды, інею на дрэвах, снегу і мяцеліцы!» Менавіта з такімі пажаданнямі да сваіх блізкіх, суседзяў і знаёмых звярталіся нашы продкі ў час Каляд. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах – багатую квецень у садах, снег і мяцеліца – будуць добра раіцца пчолы.

Да Калядаў рыхтаваліся, іх чакалі, весела святкавалі. Увечары перад старым Новым годам каляднікі пераапраналіся ў «казу», «мядзведзя», «жорава» і іншых жывёл і птушак, абыходзілі хаты і выконвалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў, жадалі ім дабра і заможнасці, плёну ў працы і дабрабыту ў хаце, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць.

Раскажу, як мы, вясковая дзятва, вадзілі «казу» ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы майго дзяцінства Карніцы, што на Глушчыне.

Рыхтавалі «казу» да скокаў загадзя. Па хатах шукалі новы аўчынны кажух і апраналі на спецыяльна зробленую дугу. Упрыгожвалі пафарбаванай у розны колер асінавай стужкай, якую ў той час плялі сем’ямі ў кожнай хаце і з якой у пасялковым прамкамбінаце «КІМ» выраблялі «спатру» – асінавае палатно. Падбіралася некалькі моцных, але нізкарослых хлопцаў, якім даручалася вадзіць «казу». Трэба сказаць, што скакаць унутры кажуха, трымаючы  адной рукой дугу, а другой званіць невялікім званочкам – нялёгка. «Козлік» праз дзве-тры хаты быў «у мыле».

У гурце каляднікаў было каля дзесяці чалавек і кожны меў свае абавязкі. Пачыналі вадзіць «казу» з пачатку вёскі, з першай хаты. Адзін з каляднікаў заходзіў у хату, віншаваў усіх са святам, жадаў дабрабыту гаспадару і яго сям’і, а затым пытаў дазволу «козачцы» паскакаць. Калі яго атрымлівалі, дык першай у хату пускалі «казу», якая пачынала скакаць, а хлопцы спявалі:

Мы не самі ішлі,

Нас Гасподзь прыслаў

З Ісусам Хрыстом, святым Ражаством.

Прачыстая Маць вялела гуляць

Па ўсяму двару, па гаспадару,

А ў тым двары

жылі слаўных тры стральцы.

Яны меліся казу ўбіці,

Шкуру злупіці, кажух пашыці.

Наша козачка спужалася,

Як легла спаці, не магла ўстаці,

Просіць што даці:

Паўпуда аўса, наверх каўбаса,

Два кускі сала, каб каза ўстала.

Калі песня заканчвалася, «козачка» станавілася на каленцы. Гаспадар, каб падняць яе, адорваў усіх патроху, што ў яго было – грошы, хлеб, сала, каўбасы… У кожнай хаце стараліся сустрэць «казу» як найлепш. Была прыкмета: калі у хаце «каза» скача, дык у ёй усё добра. Калі ж «казу» не пускалі, нешта здарылася.

На вуліцы гарадоў і вёсак зноў вярнуліся каляднікі. Гэта добры знак адраджэння некалі страчаных каранёў духоўнасці і нацыянальных звычаяў, традыцый жыцця і побыту нашых продкаў. Будзем жа ладзіць Каляды, будзем жа ладзіць сабе гэта свята –
карнавал, у час якога можна пазбавіцца штодзённых клопатаў і абавязкаў, адчуць сябе дзіцём і трошкі падурэць. Бо кожны чалавек у душы дзіця, якому хочацца верыць у казкі і ў тое, што наперадзе – радасць і шчасце.

Валерый Васілеўскi, г. п. Глуск

Ад шчырае душы віншуем чытачоў газеты «Вместе!» з Раством Хрыстовым! Жадаем, каб здароўе не давала збояў. Каб настрой заўсёды быў на вышыні. Дома хай будуць цяпло і дабрабыт. А яшчэ – бадзёрасці, сілы, надзеі, цярпення, мары і яе ажыццяўлення, радасці, энергіі, натхнення, захаплення ад кожнага дня! Хай спраўдзяцца Вашы жаданні, захаваецца ўсё добрае, што ёсць у Вашым жыцці, і прымножацца імгненні радасці і аптымізму.

Валерый і Валянціна Васілеўскія,

г. п. Глуск

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.