«Для мяне прынцыпова, каб у карціне быў характар». Беларускі мастак з інваліднасцю здзіўляе сваёй творчасцю

Поддержи

У канцы красавіка ў бібліятэцы імя Льва Талстога ў Мінску (вул. Маскоўская, 18) распачалася выстава жывапісу Віталя Зайцава “З чыстых крыніц натхнення”. На працягу двух месяцаў кожны жадаючы зможа прыйсці ў выставачную залу і разглядзець творы беларускага мастака з інваліднасцю. Арганізатары выставы: клуб-студыя “Палітра радасці” Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў і бібліятэка імя Л. Талстога.

– Віталь – гэта новая фарба “Палітры радасці”, – пачала адкрыццё выставы Ганна Гадзірава, кіраўніца клуба-студыі. – Чаму выставу назвалі “З чыстых крыніц натхнення”? Таму, што творчасць мастака бярэ свае карані з нашай спадчыны. У сваіх работах Віталь выкарыстоўвае сімвалы беларускага мастацтва – кветкі і птушкі. Карціны яго вельмі далікатныя, бачна, што мастак адказна ставіцца да сваёй творчасці. Птушка ў мастацтве – гэта яшчэ і сімвал свабоды, што вельмі важна для нас, людзей з інваліднасцю. Здаецца, фізічна мы абмежаваны, але ў творчасці нашыя думкі могуць ляцець куды хочаш.

У чытальнай зале шмат людзей, кожны з якіх выказвае сваю думку: нехта захапляецца талентам мастака, а нехта здзіўляецца, як філігранна перадае прыгажосць кветак мастак. Сам ён трошкі саромеецца публікі, бо не прывык хваліцца сваімі творамі. Мы пагутарылі з Віталем аб яго творчасці, аб тым, адкуль ён чэрпае натхненне.

“Ну чаму ж ты не сказаў раней?”

Віталю Зайцаву 40 гадоў. Нарадзіўся ён на сёмым месяцы цяжарнасці. Адразу ўрачы не бачылі ніякіх адхіленняў ад нормы. Але ў 4 месяцы ў Віталя здарыўся першы прыступ эпілепсіі.

– Спадзявайся на лепшае, але радуйся таму, што маеш зараз, – пачынае размову мастак. – У меня інваліднасць 2-й групы, але ўжо амаль што 10 гадоў няма прыступаў хваробы. Дзяцінства я не вельмі люблю ўспамінаць. Тады яшчэ не было эфектыўных лекаў ад эпілепсіі. Зараз жа, дзякуй богу, ёсць медыкаменты, якія добра дапамагаюць. Акрамя таблетак, мяне ратавалі мая любімая матуля і сям’я. Кожны дзень кажу “дзякуй” Богу за падтрымку ў выглядзе родных мне людзей.

Нарадзіўся мастак у Мінску, тут жа і вучыўся. Школу ён успамінае без задавальнення, бо гэта быў, са слоў Віталя, эмацыйна цяжкі для яго перыяд.

– Маё захворванне мяне заціскала, я шмат прапускаў заняткаў, – дзеліцца Віталь. – Большасць аднакласнікаў адносіліся з паразуменнем, як і настаўнікі. Яшчэ ў мяне ёсць старэйшы брат, які вучыўся са мной у адной школе, таму я заўсёды адчуваў яго падтрымку. Ён прыходзіў да мяне і проста так, на перапынку, і тады, калі патрэбна была медыцынская дапамога. З аднакласнікамі я зараз ужо не маю зносін. Я нават не пайшоў на выпускны вечар, бо і я, і ўсе хваляваліся, што можа адбыцца прыступ.

Да 11 класа пра талент Віталя ведалі толькі родныя і сваякі. А калі выпадкова даведаліся настаўнікі, яны з сумам паўтаралі: “Ну чаму ж ты не сказаў раней?”

– У мяне ніхто не пытаўся, што мне падабаецца, – распавядае Віталь. – Здаецца, настаўнікі нават пакрыўдзіліся на мяне за тое, што я ўдзельнічаў у розных пазашкольных конкурсах. У школе адбылася толькі адна мая выстава. Я напісаў алоўкам партрэтныя гравюры беларускіх пісьменнікаў. Як зараз памятаю, усе былі зачараваныя гэтымі творамі. Мне было прыемна.

“Трэба перадаць кожны залом на лісціку і адпаведны колер ценю”

Але не ўсе школьныя ўспаміны ў Віталя негатыўныя. У вучэбнай установе працавала выкладчыкам жанчына, Любоў Вішнеўская, якая падштурхнула Віталя заняцца творчасцю сур’ёзна.

– Я ўдзячны лёсу, што ўсё атрымалася так, што сустрэў Любоў Андрэеўну, – распавядае ён. – Яна падказала, што з маімі здольнасцямі да малявання можна паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт народных мастацкіх рамёстваў. Я так і зрабіў, але па спецыяльнасці так і не працаваў. А вось з творчасцю не раставаўся ніколі.

Схільнасцю да малявання Віталь падобен да свайго прадзеда. Па словах мастака, прадзед шмат рабіў рэчаў для хатняга ўжытку і нават самастойна пабудаваў млын. Сам жа Віталь любіць праводзіць час у вёсцы, побач з прыродай.

– Натхненне з’яўляецца тады, калі я бачу прыгожыя кветкі перад сабой, а таксама, калі грае класічная музыка, – дзеліцца мастак. – Я заўсёды імкнуўся напісаць карціну як мага больш рэалістычнай, перадаць кожны залом на лісціку і адпаведны колер ценю. Для меня ёсць важны паказчык: калі мне самому спадабаецца так, што хочацца насалоджвацца кожным мазком пэндзлем.

На базе Свята-Елісавецінскага манастыра ёсць майстэрня, якую ўжо 6 гадоў наведвае Віталь. Там ён можа пісаць і карціны, і абразы.

– Калі б не вера, то што было б? Нічога, – упэўнены суразмоўца. – Я чалавек рэлігіёзны, таму гэтая тэма мне асабліва блізкая. Майстэрня – гэта тое месца, дзе я магу раскрыць сябе ў мастацтве, а таксама палепшыць сваё адчуванне дзякуючы веры. Там я знайшоў сяброў, якія мяне слухаюць і чуюць. Гэта дзіўныя людзі, у якіх жыве любоў да ўсяго жывога. Спакой і вера дапамаглі мне зразумець, што я ніколі не буду адзін. А яшчэ, дарэчы, адзін мой абраз я падараваў царкве ў вёсцы, дзе жыла мая бабуля – у Пятровічах.

Акрамя развіцця творчага патэнцыялу і пляцоўкі для малявання, іконапісная майстэрня дапамагла двум сэрцам знайсці адзін аднаго. Год назад Віталь ажаніўся на дзяўчыне, з якой пазнаёміўся ў майстэрні.

– Я адразу яе заўважыў, але адносіны пачаліся потым, – сарамліва ўсміхаецца Віталь. – А год назад мы поўнасцю ўсвядомілі, што не можам больш адзін без аднаго – і пайшлі ў ЗАГС. Нават бацькі не ведалі. Зараз жывем разам і будуем сямейнае шчасце.

Віталь Зайцаў – дзіўны і таленавіты мастак. Яго жывапіс нікога не можа пакінуць абыякавым, бо бачна, што праз мастацтва мужчына перадае глыбіню сваёй душы.

– Калі мне кажуць, што мае творы прыгожыя, мне вельмі прыемна, – працягвае ён. – Але мне хочацца, каб мае карціны яшчэ і прадаваліся, бо я павінен забяспечваць сям’ю. Я адказна стаўлюся да заказаў. Мне важна паразмаўляць з заказчыкам, каб дакладна перадаць усе тонкасці жадаемай карціны. Для мяне прынцыпова, каб у карціне быў характар.

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара і з архіва Віталя Зайцава

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.