Чартапалох у душы

Поддержи

Праверыць можна нервы, склад крыві,

Убачыць мозг і сэрца на рэнтгене.

А на якіх зубцах альбо крывых

Праверыць можна чалавечае сумленне?

Ну хто можа даць правільны і аб’ектыўны адказ на пытанне вядомага паэта-класіка Р. Барадуліна?

Я задумвалася пра гэта яшчэ на зары свайго ўзыходу на жыццёвы алімп. І па сёння, пры яго зыходзе, ніяк не магу знайсці адназначнага адказу. У час сваёй маладосці, калі ўсё здавалася ў ружовых колерах, я тлумачыла гэта так: калі  чалавек добры, сціплы, паважлівы, надзейны ў сваіх паводзінах і ўчынках– значыць, ён сумленны. Адсутнасць жа гэтых якасцяў высвечвае ўнутраную пустату чалавека, адсутнасць самага вялікага багацця ў кожным – сумлення.

Мяркую, што кожны пункт гледжання на тую ці іншую праблему мае права на існаванне. Праблема чалавечага сумлення не выключэнне. Спадзяюся, што не памылюся, сцвярджаючы, што ў пасляваенны перыяд як паміж дарослымі, так і сярод дзяцей існавала ў асноўным чысціня адносін, дабрыня, узаемавыручка. Людзі дзяліліся адзін з адным апошнім кавалкам хлеба, радаваліся сустрэчам, саромеліся дрэнных учынкаў, нават слоў.

Успамінаю, што ў гады свайго дзяцінства, якое прайшло на хутары ў маленькай старэнькай хаце (яе я цяпер часта бачу ў сне), у позні час я бегла дадому са страхам, каб толькі не сустрэць ваўка, які мне мроіўся пад кожным кустом. Выццё ваўкоў я нярэдка чула ў зімовую піліпаўскую пару недалёка ад нашага Сымонавага рова, зарослага кустоўем. Сустрэцца ж з чалавекам у любы час было за вялікую радасць.

А цяпер? Узгадваю сваю размову, якая адбылася некалькі гадоў таму з адной з актыўных удзельніц тагачаснага фальклорнага калектыву «Калінка» нашага сельскага клуба. Аматарка песень, танцаў, гэтая жанчына не прапусціла ні адной рэпетыцыі ні зімой, ні ўлетку, ніводнага выступлення ў канцэрце, хаця адлегласць ад яе месцажыхарства да клуба складала больш за 2 кіламетры, ды і шлях пралягаў каля самага лесу. Мяне здзіўляла яе смеласць, і я папыталася: «Ну як ты не баішся ваўкоў, ходзіш адна позна ўвечары і ноччу?» Смеючыся, жанчына адказвала: «Не звяроў трэба баяцца, а некаторых людзей. Цяпер невядома, у каго якія намеры».

Рэальнасць дадзеных слоў я адчула на сваім горкім вопыце гэтай зімой, калі мяне, інваліда, зверскі збіў на пустой абледзянелай дарозе незнаёмы кіроўца толькі таму, што я не зразумела яго пытанне з дэфектам мовы, – чаго ён ад мяне хоча. Дабіцца прававых нормаў у гэтым канфлікце так і не змагла. Дыягназ: ацёк ад 4 да 6 рабрын, пастаўлены ўрачом-хірургам, – не стаў доказам гэтага канфлікту, паколькі пазваночнік і лёгкія (дзякуй Богу) аказаліся не пашкоджанымі. А самае галоўнае ў гэтым – не было сведак, што з’явілася пераважным аргументам у так званай прэзумпцыі невінаватасці хулігана.

А як агідна слухаць «слэнг» асобных маладых людзей, як сярод мужчын, так і жанчын, у якіх «мацюкі» сыплюцца праз кожнае слова. Не саромеюцца гэтага нават чыноўнікі ў прысутнасці сваіх падначаленых; для іх мат – гэта прывычная з’ява, як неабходнасць, як прыправа да стала, норма зносін. Многія нават не хочуць разумець сваёй разбэшчанасці, адсутнасці самай элементарной культуры, інтэлігентнасці, маральнай чысціні.

Усё гэта наводзіць на думку: чаму ж мы такія? Дрэнна жывём? Ці, наадварот, вялікая сытасць – крыніца вялікай фанабэрыстасці і свінства, дэфіцыту душэўнасці, міласэрнасці, сумлення?

Няўжо гэтыя спрадвечныя нормы чалавечай маралі вымерлі ў душах некаторых людзей і на паверку выстаўляецца толькі адно: грошы і зайздрасць, сквапнасць і зло? Прычым, грошы набываць – не працуючы, зло – ад духоўнай нікчэмнасці. Разумею, што выпрабаванне рублём – самае цяжкае і пакуль не асаблівае ў пераадоленні. На вялікае шчасце, можна канстатаваць і той факт, што рубель перамог, але не ўсіх і кожнага. Адсюль свой кароткі роздум пра эпізадычныя негатывы, якія нярэдка нагадваюць пра сябе ў грамадстве, я не хачу звесці толькі да змрочнага суб’ектывізму. Сярод нас жыве шмат лю-дзей, якія гатовыя ахвяраваць сваім асабістым дзеля іншых, падставіць плячо дапамогі, не разлічваючы на публічны імідж і славу.

Так, напярэдадні Дня інвалідаў я, выступаючы па раённым радыё і ў мясцовай газеце «Бярэзінская панарама», звяртала ўвагу кіраўнікоў усіх рангаў на ўважлівыя  адносіны працоўных калектываў да тых людзей, хто з прычыны хваробы атрымаў статус інваліда. Прызывала наведаць іх, сустрэцца з кожным, дапамагчы ў вырашэнні праблем, зрабіць ім прыемнае, ну хаця б арганізаваць падпіску на самыя танныя газеты «Вместе!», «Бярэзінскую панараму» ці такі неабходны для хворых людзей часопіс «Народный доктор». З прыемнасцю адзначу, што асобныя людзі з Богам у душы, прычым абсалютна мне незнаёмыя, ахвяравалі грошы на гэтую мэту. Гэта Марыя Міхайлаўна Шмарноўская, Лілія Рыгораўна Казырка, Святлана Мікалаеўна Саскавец з Беразіно, Раіса Станіславаўна Любецкая з вёскі Дзмітравічы, Марыя Міхайлаўна Баранава з вёскі Капланцы.

Ніколі не адмаўляе ў арганізацыі салодкага стала амаль для кожнага мерапрыемства дырэктар прыватнага магазіна «Мэта» Надзея Паўлаўна Мельнік; ідзе насустрач просьбам кіраўнік Бярэзінскага цэнтра «Белаграпрамбанка» Ніна Карлаўна Ліннік, дырэктар АКТ «Бярэзінскі» Мікалай Пятровіч Грынкевіч. А прыгожыя вязаныя рэчы, выкананыя рукамі інваліда-калясачніцы 1-й групы Камілавай, з’яўляюцца памятнымі прэзентамі актывістам святочных сустрэч. І Тамара Мікалаеўна Круталевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, загадчыца аддзела маркетынгу ЦБС, ахвяруе сваім здароўем, бяжыць з дапамогай туды, дзе бачыць прысутнасць нямогласці і роспачы. На шчасце, спіс можна працягнуць.

Такіх людзей можна з гонарам узносіць на самы высокі п’едэстал за высакароднасць, прыстойнасць і спагаду, душэўную дабрыню і падтрымку.

Толькі гэтыя складнікі стануць светлымі промнямі штодзённага сонца, не дадуць прарасці моцным караням пустазелля на ніве чалавечнасці, заглушыць усялякі чартапалох нашага жыцця.

Ніна БУРКО,

старшыня Бярэзінскай РА ГА «БелТІ»

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.