Чарнобыльскія скарбы
Чарнобыльская катастрофа – тэма для беларусаў балючая. Як вайна, яна зачапіла калі і не кожнага, то шмат каго. Нават больш страшная за вайну тым, што і сёння Чарнобыль знаходзіць новых ахвяраў, як гэта было і трыццаць гадоў таму. Але ж, здаецца, мінула ўсё, зажыло. Толькі памяць засталася.

Нядаўна мне пашчасціла наведаць аддзел старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да дня Чарнобыльскай катастрофы там створаная пастаянная экспазіцыя «Помнікі этнаграфіі і народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Чарнобыльскай зоны». Яе склалі прадметы побыту, вывезеныя з паўднёва-усходняй часткі Беларусі, з вёсак, якія сёння ўжо не існуюць. Хочацца спадзявацца, што колішнія жыхары гэтых вёсак яшчэ жывуць у іншых мясцінах Беларусі, а частачка іхніх рэчаў – спехам кінутых, ужо непатрэбных – склала калекцыю. Пра гэта распавёў малодшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Аляксандр Галкоўскі.
– Экспедыцыі ў раёны, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, найбольш актыўна ладзіліся ў 1991–1994 гадах, а адбываліся ажно да 2000 года. Яны праходзілі па паўднёва-усходняй частцы Гомельскай вобласці – гэта Камарын, Брагін, Нароўля, Ельск, Хойнікі і інш., а таксама на Магілёўшчыне па Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Краснапольскім, Слаўгарадскім раёнах. Усяго навукоўцы наведалі каля дваццаці раёнаў і агулам правялі 23 экспедыцыі. Паколькі яны ехалі туды ўжо пасля вайскоўцаў, калі шмат чаго было знішчана, то бралі ўсё, што магчыма было вывезці.

Калі збіралі рэчы, хадзілі з дазіметрамі і стараліся браць тое, што было пад стрэхамі, у памяшканнях, куды не трапіў радыяцыйны пыл. Сабраныя рэчы адразу мылі. Потым ужо тут, дзе захоўваюцца рэчы, рабілі замеры, некаторыя прадметы здавалі на праверку. Як вынік – маюцца адмысловыя дакументы на ўсе гэтыя вымярэнні і даследаванні. Увогуле ж, пры дапушчальнай дозе радыяцыі 0,50 мікразіверт у гадзіну, у гэтых музейных прадметаў яе ўзровень не-дзе 0,17-0,20, максімум 0,25 мікразіверт у гадзіну – гэта палова дапушчальнай дозы.
Былі, дарэчы, і нараканні: маўляў, навошта гэта ўсё збіраць, лепей бы людзям аддалі. Толькі дзе тыя лю-дзі? Яны ўжо былі адселеныя. У нас жа пасля экспедыцыяў засталіся не адныя рэчы, але і фотаздымкі ды відэахроніка – не толькі тое, што пабачылі там, але і працэс закопвання мёртвых вёсак. Было такое, што пасля абследавання навукоўцамі вайскоўцы пакінутыя хаты адразу ж згортвалі ў катлаваны і закопвалі, – распавядае Аляксандр.
Нават калі ўявіць сабе гэта, карціна атрымліваецца страшная. І тым больш важна, што дзякуючы экспедыцыям атрымалася захаваць велізарны пласт культуры, побыт цэлага рэгіёна, які ўжо літаральна не існуе, дзе перарваліся традыцыі жыцця, спынілася пераемнасць – і, відаць, ужо не адновіцца.

– Зрэшты, і сам вясковы побыт у наш час ужо стаў нечым незвычайным, – кажа Аляксандр Галкоўскі і распачынае экскурсію. – Вось, напрыклад, палескія жорны – даволі ўнікальная з’ява для Беларусі. Паколькі на Палессі мала прыродных камянёў, якія б можна было выкарыстаць на жорны, бралі дубовыя плашкі, туды заганялі аскепкі чугуна і ўжо гэтую аснову выкарыстоўвалі як зерняцёрную. Захоўваюцца ў нас мянташкі, якімі вастрылі косы. Мянташка ўяўляе сабою драўляную лапатку з дыяганальнымі прадольнымі насечкамі, яе мачылі ў вадзе, абсыпалі пяском і так вастрылі касу. Побач – бочка-ляжак для захоўвання зерня, драўляныя борці для пчолаў.

Аляксандр звяртае ўвагу на ткацкі станок – сапраўды архаічную рэч, бо яго верх – паднебнікі – мацуецца не да спецыяльных планак, а да столі (гэта адзіная вядомая на Беларусі канструкцыя). Побач з ім – дзіцячыя калыскі, ажно чатыры. Адну з іх прывезлі ў калекцыю са Слаўгарадскага раёна – у ёй вырас адзін з непасрэдных удзельнікаў экспедыцыі.
З паездак прывозілі і мэблю, цяпер у адным з куткоў экспазіцыі ўтварыўся бадай што сапраўдны пакойчык. Уражваюць шыкоўная драўляная шафа і прыгожы стары пасуднік, інкруставаны чорным мораным дубам. Шкло ў яго дзверцах пабітае, але яго было вырашана не мяняць на новае, паколькі яно, тонкае і няроўнае – мусіць, ручной работы. А гэта акурат той выпадак, калі старое лепей і даражэй, чым новае.

На сценах – абразы, фотаздымкі, як бадай што ў любой вясковай хаце. Яшчэ адна незвычайная рэч – невялікі куфар, які, магчыма, выкарыстоўваўся для пасагу. Пад яго вечкам гаспадыня напісала, калі выйшла замуж, калі нараджаліся дзеці…
Тут, у куточку, сярод разнастайнага хатняга начыння маюцца і ўнікальныя рубялі (рубель – гэта драўляны брусок з ручкай, прыстасаванне для мыцця бялізны), на адным з іх пазначаная дата – 1918 год. Яшчэ адзін – незвычайны, упрыгожаны галавою качкі.
Зрэшты, як ні шмат прадметаў у экспазіцыі, у сховішчы іх яшчэ болей. Паказаць усё няма магчымасці, даводзіцца выбіраць самае цікавае. А я раю, калі ёсць час і жаданне, пабачыць усё на свае вочы. Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца ў аўторак 26 красавіка а 15-й гадзіне. Аддзел старажытнабеларускай культуры знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Сурганава, 1, корпус 2.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.