Чалавек з інваліднасцю… і права на выбар
Днямі ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя «Дэінстытуалізацыя і праблемы псіхічнага здароўя ў Беларусі: перспектывы, выклікі, поспехі». Аказваецца, у нашай краіне на сёння ў псіханеўралагічных інтэрнатах пражывае каля 16 000 чалавек. Згодна з Канвенцыяй, людзі з інваліднасцю маюць права на незалежнае пражыванне, доступ да паслуг і аб’ектаў, прызначаных для ўсяго насельніцтва. Зразумела, што жыццё ў псіханеўралагічных інтэрнатах цяпер не заўжды адпавядае прынцыпам Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Таму і грамадства, і дзяржава пачалі крокі насустрач дэінстытуалізацыі, або магчымасці прасоўвання правоў чалавека ў адносінах да людзей з інваліднасцю з інтэлектуальнымі або псіхічнымі парушэннямі. Ці можна казаць пра нейкія вынікі і змены ў працы з інстытуцыямі?
Як дзяржава бачыць працу псіханеўралагічных інтэрнатаў
Вялікую ролю ў працэсах дэінстытуалізацыі адыгрывалі і адыгрываюць грамадскія арганізацыі. Праўда, дзяржава не засталася ў баку. Намеснік начальніка Упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол распавёў, што на 1 студзеня 2006 года ў Беларусі існавала 70 псіханеўралагічных устаноў. Ён сказаў, што ў чэргах на той момант стаяла 900 чалавек. На сёння, па яго словах, чэргаў у дамы-інтэрнаты ўжо няма.
Мікалай Арол перакананы, што інвалід мусіць атрымліваць дапамогу, знаходзячыся дома. Але, на яго думку, патрэба ў існаванні сацыяльных устаноў таксама ёсць. Ён звярнуў увагу на тое, што трэба змагацца за кожнага чалавека, каб той мог вярнуцца ў грамадства. Менавіта па гэтай прычыне міністэрства зараз распрацоўвае пытанне рэарганізацыі псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў у рэабілітацыйныя цэнтры.

З дзіцячымі інтэрнатамі справа ідзе па-іншаму. З 2010 года на 42% скарацілася колькасць дзяцей з інваліднасцю, якія пражываюць у дзіцячых установах. Па словах Мікалая Арла, сёння развіваюцца рэабілітацыйныя цэнтры і аддзяленні ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай абароны. Дзяржава зараз намагаецца падтрымаць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Таму задача – па максімуму забяспечыць камфортныя ўмовы і матэрыяльныя падмуркі такім сем’ям.
Валерый Сіўцоў, прадстаўнік псіханеўралагічнага дома-інтэрната №1 кажа, што адзін з чыннікаў дэінстытуалізацыі, які яны развіваюць, – гэта працоўны кірунак для людзей з інваліднасцю. Гэта азначае, што чалавек з інваліднасцю мусіць мець не толькі права на працу, але і права на выбар: «Людзі заўжды маюць права выбіраць тое, чым хочуць займацца», – рэзюмаваў Валерый Сіўцоў.
Што робяць грамадскія арганізацыі?
Вольга Рыбчынская, загадчыца «Клубнага дома», які дапамагае людзям з ментальнымі парушэннямі, распавяла пра шэраг лекцый і практычных заняткаў для людзей з псіхічнымі асаблівасцямі, якія праходзяць у іх цэнтры. У «Клубным доме» людзі могуць атрымаць кансультацыю па розных пытаннях. Напрыклад, па пытаннях засялення ў інтэрнат.
Кансультуюць удзельнікаў «Клубнага дому» і па пытаннях самазанятасці. «Людзям з псіхічнымі асаблівасцямі цяжка ўладкавацца на працу. А вось зарэгістравацца ў якасці рамесніка – гэта выйсце», – кажа Вольга. Таксама ў «Клубным доме» тлумачылі, як людзі з інваліднасцю могуць распараджацца фінансамі. Актуальная тэма – ці могуць людзі з ментальнымі парушэннямі ўступаць у спадчыну – таксама разглядалася на гэтых сустрэчах. Бо, па словах Вольгі, родныя часта спекулююць на гэтым, маўляў, «ён жа хворы» і адбіраюць тое, што яму належыць. Улетку ў «Клубным доме» адчыніцца група для родных і сем’яў, якія даглядаюць людзей з псіхічнымі асаблівасцямі, бо ўсе абавязкі складваюцца на іх плечы.

Цікавы досвед распавяла Святлана Савіцкая, прадстаўніца Жлобінскай «БелАПДИиМИ». Іх праект цягнуўся дзевяць месяцаў. Галоўная мэта праекта, якую акрэсліла Святлана, – гэта паказаць сем’ям з маладымі інвалідамі, што іх дзеці могуць жыць самастойна. Працаўнікі арганізацыі хацелі даць маладым людзям тыя асноўныя навыкі, дзякуючы якім яны змаглі б жыць самастойна, калі раптам бацькоў не стане.
«Мы давалі грошы, маладыя людзі самі ішлі і набывалі прадукты, – распавядала Святлана. – Калі ў кагосьці не хапіла грошай, яны пасля вярталіся і мянялі дарагія прадукты на больш танныя. А пасля мы ўсе разам рабілі піцу з набытых прадуктаў». Маладыя інваліды мусілі запісацца на прыём да ўрача, схадзіць у аптэку, якая знаходзіцца ў іх раёне.
Літоўскі досвед дэінстытуалізацыі
Карыле Левіцкайтэ, прадстаўніца арганізацыі «Перспектывы псіхічнага здароўя» ў Літве, падзялілася досведам утрымання інвалідаў у псіханеўралагічных ўстановах. На самой справе, сітуацыі ў Літве і Беларусі вельмі падобныя, бо і адна і другая краіны выйшла з сацыялістычнага лагера. Літва ратыфікавала Канвенцыю ў 2010 годзе. Але, па словах Карыле, праца па дэінстытуалізацыі грамадскімі арганізацыямі пачалася раней.
– Што паслужыла штуршком да зменаў у сістэме працы інтэрнатаў? – пытаю Карыле.
– Не было толькі аднаго штуршка, да і не бывае так,– дзеліцца Карыле. – Культуру гэтай інстытуцыі трэба мяняць крок за крокам, кроплю за кропляй. Да падпісання Канвенцыі, у 2003 і 2004 годзе наша арганізацыя разам з іншымі арганізацыямі Венгрыі, Латвіі і Эстоніі зрабілі першы маніторынг па правах людзей з інваліднасцю ў інстытуцыях. Калі вынікі апублікавалі, на нас падалі ў суд за паклёп. Па выніках суда, мы не мелі права друкаваць вынікі маніторынгу. Але зараз я гляджу на гэту сітуацыю спакойна, бо прыняць іншы погляд – гэта няпростая рэч. Інстытуцыі стараюцца як лепш. Калі падымаліся такія пытанні, як «Чаму чалавеку нельга выйсці на вуліцу, калі ён захоча?», «Чаму ён не можа есці, што захоча?», то здарылася сутыкненне дзвюх сістэм. Але гэта адбылося толькі таму, што пытанні не падымаліся ніколі раней.
Карыле мяркуе, што ратыфікацыя Канвенцыі ў Літве прымусіла дзяржаву зазірнуць глыбей і пачаць разбірацца ў дэталях. Такія прынцыпы Канвенцыі, як незалежнае пражыванне, дзеяздольнасць, якой нельга пазбаўляць, дапамога чалавеку ў прыняцці рашэнняў, а не пазбаўленне яго права на іх, – проста садзейнічалі сутыкненню з іншай парадыгмай. Карыле пераканана, што рэалізацыя Канвенцыі ў гэтым накірунку зойме час і чалавечыя рэсурсы. «Ніводная краіна не зрабіла так, што праз пару гадоў праблема вырашылася. Гэта доўгі шлях са шматлікімі крокамі. І гэта нармальна, што розныя погляды і разуменні сустракаюцца, бо мы ўсе выйшлі з інстытуцыйнай культуры».

– Каб трапіць у псіханеўралагічны інтэрнат у Беларусі, трэба каб чалавек быў пазбаўлены дзеяздольнасці. Як з гэтым у Літве? – пытаю ў Карыле.
– У Літве была прынятая частковая дзеяздольнасць. У чалавека вызначаны сферы, у якіх ён можа нешта вырашаць, напрыклад, у фінансавай сферы ты не можаш нічога вырашаць, але ў іншых – калі ласка. Пры гэтым, чалавек з частковай дзеяздольнасцю можа жыць і ў інтэрнаце, і дома. Але я не лічу гэтую практыку добрай. Лепшая практыка – не пазбаўляць чалавека дзеяздольнасці, але дапамагчы яму прыняць пэўнае рашэнне. У нас дапамога па прыняццю рашэнняў яшчэ не створана, як, напрыклад, у Латвіі і Балгарыі. Нават калі чалавек памыліцца – што тут такога? Памыляцца – гэта нармальна. Варта дазваляць памыляцца.
Па словах Карыле, важна, каб у інтэрнатах ішоў працэс навучання. «У нас з інтэрнатаў выйсці рэальна. Але сысці з інтэрната – гэта не праблема. Праблема знайсці персанальнага асістэнта, працу, пакет паслуг, які б аказваўся на мясцовым узроўні. Калі гэта ўсё ёсць, тады яны сыходзяць. Калі такія паслугі не вельмі развіты, то людзі там і застаюцца».
Карыле адзначае, што зараз пайшоў рух па тым, каб рэгулярна ствараць камісіі, якія б пераглядалі дзеяздольнасць чалавека. Яна кажа: ўсё залежыць ад канкрэтных інтэрнатаў: «Сёння ў Літве інтэрнаты мяняюць погляды на пражыванне там людзей з асаблівасцямі. Некалькі гадоў таму дырэктары інтэрнатаў думалі, што самае лепшае што яны могуць прапанаваць – жыць там. Але пасля яны змянілі сваё меркаванне, калі пабачылі, як людзі з інваліднасцю пражываюць у групавых дамах. Варта зразумець, што інтэрнат існуе не толькі для апекі, але і для таго, каб аднаўляць навыкі, вучыць працаваць, лічыць грошы, каб адпусціць у жыццё».
Хочацца верыць, што і Беларусь, маленькімі, але ўпэўненымі крокамі з кожным годам будзе прасоўвацца па лесвіцы інстытуалізацыі. Бо тыя недзеяздольныя людзі, якія жывуць у псіханеўралагічных інтэрнатах, пазбаўлены ўласных правоў. Будзем спадзявацца, што дзяржава сапраўды будзе перакваліфікоўваць інтэрнаты ў рэабілітацыйныя цэнтры, якія будуць дапамагаць вяртаць дзеяздольнасць. Але, як сказала Карыле, адна справа – выйсці з інтэрната, а іншая – здолець пасля жыць у грамадстве. Як гэта можна здзейсніць без суправаджальнага пражывання? Застаецца толькі спадзявацца, што на гэтае пытанне мы ў хуткім часе атрымаем адказы.
* * *
Мерапрыемства прайшло дзякуючы Офісу па правах людзей з інваліднасцю. Кампанія «Дэінстытуалізацыя як магчымасць прасоўвання правоў чалавека ў адносінах людзей з інваліднасцю з інтэлектуальнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі ў Беларусі». Кампанія працуе ў падтрымку рэгіянальнага праекта літоўскай арганізацыі «Перспектывы псіхічнага здароўя» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.