Быць шчаслівым можна і без ног. Гісторыя Сяргея з Мікашэвічаў, які пабудаваў спартыўную кар’еру і дабіўся поспехаў у бізнесе

Поддержи

Спартыўнаяя кар’ера ў мінулым, уласны бізнес і шчаслівая сям’я – усё тое, што ёсць сёння ў Сяргея Крывульца з Мікашэвічаў Брэсцкай вобласці. Ён упэўнены, што і без ног можна пабудаваць свой лёс такім, як марыш.

Мікашэвічы – горад, які знаходзіцца на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Тут Сяргей нарадзіўся і жыве з жонкай і двума дзецьмі. У сям’і – двухпавярховы дом, вялікі зямельны ўчастак, уласная крама.

– Гэта ўсё наша, будавалі некалькі гадоў, – распавядае Сяргей. – Распланавалі так, каб і працаваць было зручна, і адпачываць. Ёсць некалькі грузавых аўтамабіляў, гаспадарчыя памяшканні, а таксама невялікае футбольнае поле для дзяцей, агарод, зразумела. Перамяшчаецца Сяргей з палкай, крыху кульгае. Тое, што замест ног у яго пратэзы – адразу і не заўважыш. Для таго, каб зайсці ў дом, трэба падняцца па лесвіцы, але для мужчыны гэта не перашкода – сілы ёсць, бо шмат гадоў займаецца спортам.

– Ганначка, я прыйшоў, ты дзе? – ужо на парозе ласкава кліча малодшую дачку. – Схавалася ў сваім пакоі, відаць, засаромелася. На кухні нехта глядзіць кіно – значыць, старшы сын там. Пойдзем пазнаёмлю. Вось, гэта Андрэй, мой чэмпіён, – з гордасцю кажа бацька.

“Мне хацелася быць моцным і прыгожым”

Пакуль гаспадар дома гасцінна гатуе каву, пачынаю распытваць, што здарылася з ім.

– Я не памятаю дакладна, больш па расказах маці, – пачынае суразмоўца. – Мы жылі побач з чыгункай. А я з маленства вельмі шустры, што як ні глядзі – не дагледзіш. У дзяцінстве, калі мне было 7 гадоў, з сябрамі “зачапіліся” за вагон цягніка, каб пракаціцца. Усё скончылася трагічна. Як вынік – ампутацыя ног. Па сённяшні дзень езджу пратэзавацца ў Мінск, у калясцы не сядзеў ніколі.

Сяргей на пратэзах хадзіў у звычайную школу ў Мікашэвічах і, як кажа, ніколі не адчуваў сябе асобным ад іншых. Як і ўсе дзеці яго ўзросту, “бегаў” на перапынках, наведваў спартыўную залу, з чаго, дарэчы, і пачаўся яго шлях у вялікі спорт.

– Як усім хлопцам у падлеткавым узросце, мне хацелася быць моцным і прыгожым, – усміхаецца мужчына. – У нас на базе вытворчага прадпрыемства “Граніт” адкрылі спартыўную залу з трэнажорамі. Памятаю, чарга была па 30 чалавек. Калі адзін раз не прыйдзеш – запісваюць іншага, таму ніхто не прапускаў заняткаў. Прыкладна з 1995 года, калі мне было 19, я пачаў выступаць за “Граніт” на спаборніцтвах па армрэслінгу.

Спачатку Сяргей займаўся больш для сябе, а потым, калі пачаў паказваць моцныя вынікі, перайшоў у пара паўэрліфтынг.

– Калі шчыра, мне заўсёды больш падабаўся армрэслінг, але яго няма на паралімпіядзе, таму выбар відавочны – стаў жаць штангу, – прызнаецца Сяргей. – Першае маё сур’ёзнае дасягненне – другое месца на чэмпіянаце свету па армрэслінгу ў Егіпце ў 1998 годзе сярод здаровых. У 2000 годзе ўпершыню выступаў на Паралімпійскіх гульнях у Сіднеі, заняў 7-е месца. Далей, у 2004, у Афінах – 6-е. У 2005 і 2007 стаў чэмпіёнам Еўропы з цягай 215 кілаграмаў. Пачаў рыхтавацца да Паралімпіяды ў Пекіне, дзе планаваў выступаць у катэгорыі са штангай у 230 кг. Але не атрымалася. Трапіў у аварыю, траўмаваў руку. Так і не трапіў на алімпіяду, але ўпэўнены на 99%, што прыехаў бы дадому з медалём, калі б урачы дазволілі выступіць.

“Самая буйная будаўнічая крама ў раёне”

Успамінаючы спартыўнае мінулае, Сяргей кажа, што частка з яго ўжо запамятавалася, але гэтаму этапу жыцця ён удзячны.

– Я ўжо 22 гады працую трэнерам у нашым гарадскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, – дзеліцца суразмоўца. – Раблю гэта не дзеля грошай, а хутчэй, каб падтрымліваць свой фізічны стан. Мне могуць даць 1-ю групу інваліднасці, але я заўсёды прашу 2-ю працоўную. Зараз мне 47 гадоў, і я кожны дзень стараюся займацца спортам. У мяне дома ёсць велатрэнажор, і на працы, калі тлумачыш практыкаванні, сам трэніруешся. Дарэчы, мне гэта неабходна, як былому спартсмену ў цяжкай атлетыцы, бо ў нас сэрца павялічана ў памерах.

Але зарплаты трэнера недастаткова, как утрымліваць сям’ю, таму ў Сяргея ўжо шмат гадоў як наладжаны свой бізнес.

– Пачынаў я з невялікай крамы з таварамі для дома і актыўнага адпачынку, – распавядае Сяргей. – Потым пачалі павольна пашырацца. Калі купілі ўчастак, дзе зараз жывём, вырашылі, што можна пабудаваць уласнае гандлёвае памяшканне – памеры зямлі дазваляюць. Так і зрабілі, таму цяпер усё пад бокам. Зараз у нас самая буйная будаўнічая крама ў раёне. Часта заказваюць тавары і з іншых гарадоў, напрыклад, Жыткавічаў ці Лунінца. У нас ёсць усё – ад любых балтоў да пліткі і ламінату.

“Усё, што ў нас ёсць, гэта для дзяцей”

Спартыўныя дасягненні і паспяховы бізнес – гэта не самае галоўнае, што ў яго ёсць, лічыць Сяргей. З пяшчотай і трапятаннем жыхар Мікашэвічаў распавядае пра сваю сям’ю.

– Са сваёй жонкай Наталляй мы пазнаёміліся на зімовых канікулах пасля яе першай сесіі, – трохі бянтэжліва расказвае мужчына. – Закахаўся па вушы. Яна малодшая за мяне на 7 гадоў, таму бацькі адразу збянтэжыліся, але зараз усе задаволеныя, – смяецца суразмоўца. – Цешча з цесцем жывуць праз 50 метраў ад нас, таму часта сустракаемся і дапамагаем адзін аднаму. Разам з Наталляй мы амаль што 23 гады. Гадуем сына Андрэя, якому 19, і дачку Ганну, на 9 гадоў малодшую. Дарэчы, яна шмат часу працавала вядучым эканамістам у банку, але пасля другога дэкрэта звольнілася, каб дапамагаць мне ў краме.

Сяргей кажа, што бізнес сямейны, бо кожны нешта робіць на карысць справе. Жонка можа стаяць за прылаўкам у краме, сын пасля вучобы ў Мінску ездзіць па тавары.

– Дзеці – гэта самае галоўнае шчасце. Я б хацеў яшчэ і дачку, і сына, але здароўе не дазваляе, – прызнаецца бацька. – Усё, што ў нас ёсць, гэта для іх. Нам з жонкай ужо ўсяго стае, таму яны – наша галоўная матывацыя. Сын у мяне таксама спартыўны. Нядаўна выйграў спаборніцтвы ў Мінску сярод студэнтаў універсітэцкага інтэрната па армрэслінгу. Мы з ім праводзім шмат часу, калі ён дома. Ён прыходзіць да мяне ў спартыўны комплекс займацца. Дачка таксама спартыўная – навучалася розным відам плавання.

Тым, як склаўся лёс, Сяргей задаволены, але лічыць, што пакуль ёсць здароўе, трэба працаваць і далей.

– Адзінае, чаго мне не хапае, дык гэта часу. Заўсёды кудысьці трэба ехаць, нешта рабіць. Таксама хочацца правесці лішні час з жонкай і дзецьмі, сваякамі, сябрамі. Круглы год, акрамя зімы, я езджу на рыбалку – у мяне ёсць свой “уазік” і лодка. Стараюся адпраўляць жонку з дзецьмі на адпачынак на мора хаця б раз у год. Асноўную працу бяру на сябе. Я мужчына, таму павінен зрабіць усё для шчасця маіх родных, – подводзіць вынік Сяргей Крывулец.

 

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара і з архіву суразмоўцы

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.