Бруяць крыніцы, бруіць жыццё…

Поддержи

Лета надышло, а з ім разам – час для вандровак і падарожжаў. Гэтым разам выпраўляемся на Рагачоўшчыну, у мясціны таемныя і запаветныя. Тут жывуць яшчэ старыя легенды і нараджаюцца новыя, тут бруяць гаючыя крыніцы… А яшчэ на гэтай зямлі рупяцца людзі, якія не кідаюць свой родны куточак і не едуць у вялікі свет шукаць лепшай долі. Пра гэта і хачу расказаць.Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкі

Край адметны і непаўторны

Напрыканцы чэрвеня на Рагачоўшчыне адбылося свята «Галасы вёсак». Яно стала вынікам сумеснага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Свет інфармацыі, культуры і творчасці – для ўсіх», падтрыманага маральна і матэрыяльна Еўрапейскім саюзам. Чым жа так цікавы гэты куточак Падняпроўя? Насамрэч, шмат чым. Тут існуюць унікальныя фальклорныя калектывы, ладзяцца фестывалі «Фарбы роднага краю» ў вёсцы Дварэц, «Смак мёду» ў вёсцы Забалацце, а нядаўна быў адноўлены мясцовы народны строй жыхароў вёскі Стрэнькі. Там жа, у Стрэньках, на базе цэнтра рамёстваў створаны музей «Беларуская лялька», госці якога могуць не толькі даведаццца пра нашыя традыцыйныя лялькі і паўдзельнічаць у майстар-класе па іх стварэнні, але і паглыбіцца ў побыт і звычаі продкаў.

Пра пісьменніка Уладзіміра Кігна-Дзедлава, чалавека з цікавым і няпростым лёсам, не забываюць на яго радзіме, у вёсцы Курганне: нядаўна там з’явіўся музей яго імя. Незвычайны музей «Шапкі з Шапчыцаў» пачаў працаваць у вёсцы з аднайменнай «шапачнай» назвай (галаўныя ўборы, што захоўваюцца ў ім, таксама можна было пабачыць і  прымерыць на свяце). З’явілася экспазіцыя «Драўляныя карункi» ў музеі пасёлка Ільіч – там захоўваюцца надзвычай прыгожыя ліштвы, аканіцы ды іншыя драўляныя рэчы. Паспяхова дзейнічае і прываблівае наведнікаў экамузей «Таямніцы лекавых раслінаў» у вёсцы Збароў. Завітаць у яго нам акурат і пашчасціла.

Зёлкі са Збарова

У музеі – загадкавы паўзмрок, і толькі пад нагамі ззяе-пераліваецца зіхоткімі агеньчыкамі чароўная, нікім дагэтуль не бачаная кветка папараці (а як жа! Мы ж завіталі ў музей напрыканцы чэрвеня, акурат паміж двума Купаллямі). Загадчыца і гаспадыня музея Антаніна Варанцова раскрывае сакрэт дзіва-кветкі: калі загадаць жаданне і пераступіць праз яе пялёстак, задуманае абавязкова спраўдзіцца!

Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкі
Гаспадыня экамузея Антаніна Варанцова распавядае пра карысную расліну – дзеразу.

Антаніна Анатольеўна адразу ж паказвае музейныя багацці: мяшэчкі, слоікі, каробачкі з лекавымі раслінамі. Пра кожную яна расказвае няшмат, бо часу бракуе, але кажа вельмі важнае:

– Вось рабіна – яе ягады карысныя для сасудаў, таксама яны змяшчаюць шмат ёду (а нам жа пасля Чарнобыля ёд ой як патрэбны! – Аўт.). Чай з лісця абляпіхі, сабранага пад час цвіцення або калі ўжо з’явіліся ягады, дапамагае лячыць пухліны і новаўтварэнні. Маладыя лісточкі бярозы – маленькія, што толькі-толькі распырхнуліся – карысныя пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракта. Пры артрозах і артрытах дапаможа звычайны лопух – трэба на ноч прыкласці яго ліст да хворага месца. Настойка палыну паляпшае апетыт, толькі піць яе трэба ў зусім невялікіх колькасцях (і сапраўды апетыт становіцца лепей, праверана. – Аўт.). Звычайная раска, якая ў любым азярцы або стаўку ёсць, павышае імунітэт. Яе трэба вельмі добра вымыць і выціснуць сок, а калі пракруціць праз мясарубку і змяшаць з мёдам, можна і на зіму запасціся гэтай карыснай раслінай.

– Усе мы ведаем дзеразу (рус. плаун. – Аўт.), што расце на балоце, яе можна выкарыстоўваць як мачалку ў ваннай ці лазні. Сабраць, высушыць, а потым размочваць у гарачай вадзе – і ніякі скраб не патрэбны, а для скуры вельмі карысна, – запэўнівае Антаніна Варанцова. – З імху сфагнуму можна зрабіць хусткі альбо шапачкі для лазні: трэба проста ўкласці слой імху паміж двума кавалкамі тканіны і сшыць іх. Пры грыбковых захворваннях ног таксама дапаможа сфагнум – можна насіць шкарпэткі з укладзеным туды імхом.

Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкі
Загадваем жаданні каля купальскай кветкі.

На заканчэнне Антаніна Анатольеўна пачаставала ўсіх духмянаю гарбатай з скрыпеню, з ажынамі і суніцамі. І такая яна была смачная – проста хоць выпраўляйся цяпер у лес ды запасайся ягадамі і зёлкамі! Дарэчы, сябры, раю і вам гэта зрабіць, калі ёсць магчымасць. Летам збярэш, а зiмой як знойдзеш – так меркавалі нашыя продкі. І сапраўды, што ўзімку можа быць лепей за кубачак пахкай гарбаты з водарам лета?

У чыстым полі, у цёмным лесе…

Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкіТым часам вандроўка працягвалася – мы ехалі да Свята-Траецкай крыніцы, што непадалёк вёскі Свержань. Вада ў ёй лічыцца гаючай. Некалі стаяла над крыніцай каталіцкая капліца ў памяць аб з’яўленні тут цудатворнай іконы, потым – каплічка праваслаўная… Да Другой сусветнай вайны сюды ішло нямала паломнікаў, але за дзесяцігоддзі бязбожнай савецкай улады дарога да крыніцы зарасла – у прамым і пераносным сэнсах. Яшчэ некалькі гадоў таму крынічка была забруджанай, а добраўпарадкаваў яе рагачоўскі краязнаўца Аляксандр Патапаў з аднадумцамі. Цяпер крыніца адноўленая, асвечаная і поіць вадою ўсіх падарожных.

Непадалёк жа (варта толькі перайсці поле ды крыху заглыбіцца ў лес) ёсць яшчэ адна крынічка. Калі не ведаць, дзе яна, можна і не здагадацца, што з-пад парослага імхом каменя струменіць вада – чыстая, смачная… Так і хочацца гэты край, дзе бруяць крыніцы, назваць дабраславёным Богам. Ды, думаю, так яно і ёсць.Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкі

Галасы рагачоўскіх вёсак

Далей мы кіруемся ў вёску Курганне, дзе і адбылося свята «Галасы вёсак». І галасы іх сапраўды чуваць: граюць музыкі, спяваюць і танчаць удзельнікі фальклорных калектываў… Дзяўчаты з вёскі Кісцяні за некалькі кароценькіх хвілінаў зладзілі абрад «завівання бярозкі» – упрыгожылі дрэўцы вянкамі і стужкамі, і далучыцца да гэтага надзвычай прыгожага дзейства мог кожны ахвочы.

Здзівілі і рагачоўскія майстры. Чаго вартыя толькі разныя драўляныя шахматы, дзе замест звыклых коней і ферзяў на дошцы стаялі лясныя жыхары: зубры, мядзведзі і зайцы. Здзівіла і захапіла мяне гліняная скульптура маці з дзіцяткам на руках, а таксама цэлая кампазіцыя з гліны на тэму зямнога жыцця Ісуса Хрыста.

І думаецца: наколькі ж тут усё рознае! А ці не такія ўсе куточкі нашай Беларусі?

Рогачев, праздник Галасы вёсак, проект Евросоюза, проект Свет информации культуры и творчества для всех, папараць-кветка, завіванне бярозкіРагачоў – горад у Гомельскай вобласці на рацэ Днепр. Упершыню паселішча было згаданае ў Іпацьеўскім летапісе ў 1142 годзе, калі яно ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. Магчыма, назва «Рагачоў» паходзіць ад старажытналітоўскага слова «рогас», што значыць «святое месца». Таксама ёсць меркаванне, што назву паселішчу дало яго знаходжанне «на рагу» пры ўпадзенні ракі Друць у Дняпро. Цяпер у горадзе жыве каля 35 000 чалавек, у Рагачоўскім раёне – каля 23 000 чалавек.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.