Беларускае таварыства інвалідаў па зроку прэзентавала навігацыйную сістэму «Крокі на гукі»

Поддержи

Я доўга не пагаджалася апрануць павязку сабе на вочы, узяць тростку ў рукі і пайсці па тактыльнай плітцы. Не праз стэрэатыпы, а праз страх апынуцца сляпой, бо адчуванне, канечне, не з прыемных. Але, доўга вагаючыся, усё ж такі апранула сабе на вочы павязку, узяла ў рукі тростку і на момант стала такой жа, як і большасць з нашай групы, – невідушчай.

Хадзіць па вуліцы з дапамогай смартфона

На момант невідушчай стала не адна я, але і іншыя журналісты і блогеры, што прыйшлі на прэзентацыю навігацыйнай сістэмы «Крокі на гукі» ў будынак Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Былі мы разам з групай сляпых, якія ўпершыню спрабавалі прайсціся па маршруце ў Мінску, абсталяваным спецыяльна для іх… І гаворка тут ідзе не толькі пра тактыльную плітку і гукавыя светлафоры. Так, у Мінску прэзентавалі маршрут з гукавымі інфарматарамі, якія працуюць сумесна з прыладай BuZZPoint на смартфонах.

Брэнд Volkswagen у Беларусі ініцыіраваў распрацоўку маршрутаў, кропкі якіх будуць аздоблены гукавымі інфарматарамі. Маршрут створаны разам з Установай рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека» і кампаніяй BELHARD. У аснову лягла навігацыйная гукавая сістэма са спецыялізаванымі інфарматарамі, якія з’яўляюцца арыенцірамі ў пэўных кропках, размешчаных у межах маршрутаў. Асноўная мэта праекту – дапамога невідушчым і слабавідушчым людзям у адаптацыі ў гарадской прасторы, стварэнне безбар’ернага асяродку для лю-дзей з інваліднасцю па зроку з выкарыстаннем інавацыйных і тэхналагічных распрацовак.

«Калі чалавек страчвае зрок, ён аказваецца ў такой сітуацыі, што не можа рабіць звычайныя рэчы як раней, – распавядае Міхаіл Антоненка, кіраўнік Цэнтра паспяховага чалавека. – Гэта кансервуе чалавека, заганяе ў стрэсавую сітуацыю. Ён становіцца абузай для грамадства. Раней, у сілу адсутнасці тэхналогій, мы мусілі выжываць. Але зараз усё па-іншаму. Быў праект, калі выкарыстоўвалі амерыканскія прылады, яны фарміравалі ўяўленне прасторы ў галаве чалавека, калі ён разумее, як уладкавана вуліца… Але адна справа – знайсці будынак, іншая – зайсці ў будынак. Мы ведаем, што сляпыя арыентуюцца на гукі. Таму мы вырашылі спалучыць дзве сістэмы: смартфон – і інфарматар, ад якога ідзе гук. Інфарматар дазваляе не проста знайсці дзверы, але і ўзяцца за дзвярную ручку».

Як нам сказалі, калі мы апынемся ў 50 метрах ад інфарматара, BuzzPoint падключыцца да яго праз Bluetooth і пакажа спіс даступных кропак з інфарматарамі. Каб даведацца больш пра аб’ект і навакольны ландшафт, трэба будзе зайсці ў «Дадатковую інфармацыю». Там жа пазначаныя прыступкі, бардзюры, дзверы – усё, што можа спатрэбіцца невідушчаму, каб бяспечна патрапіць у будынак.

Калі я слухала, то падавалася, што гэта нерэальна. Адна справа – бачыць, а іншая – зрабіць на смартфоне ўсё на слых, з дапамогай сінтэзатара маўлення. Але цікаўнасць узяла верх. Таму я вырашылася на крокі на гукі.

Крочым на гукі

Што ж, наша стартавая кропка – офіс БелТІЗ на Амуратарскай. Людзей падзялілі на дзве групы, кожнай з якіх далі невідушчага гіда. Я спампавала дадатак BuZZPoin, апранула спецыяльныя навушнікі, каб чуць экскурсавода. Павязка на галаве, тростка – у руцэ – і ідзем. Шум машын справа, шапаценне дрэў злева ад мяне, галасы нябачных лю-дзей… Прайшло нямала часу, пакуль я змагла зручна ўсталяваць тростку на плітку, каб не я вяла яе, а яна – мяне. Як толькі замест рабрыстай пачнецца плітка з пупырышак – значыць, пара прыняць рашэнне, куды павярнуць, а пасля пачынаецца зноўку рабрыстая плітка. Гід кажа пра тое, што ўзімку гэтая плітка нават ратуе, бо кругляшкі на ёй замярзаюць не так хутка. Таму плітка – гэта яшчэ і сродак бяспекі. З гэтым, на шчасце, разабралася хутка.

 

Калі інфарматар усталяваны на будынку, да якога мы набліжаемся, прылада на тэлефоне пачынае даваць гукі. Калі мы падыходзім да будынка, на якім усталяваны інфарматар, то ад яго таксама ідзе сігнал, падобны на гук метранома. Падключаемся. Запытваем дадатковую інфармацыю пра аб’екты. Усе дзеянні на смартфоне агучвае сінтэзатар маўлення. Кнопка дадатковай інфармацыі намаляваная ў правым верхнім куце экрана. Націснуць двойчы. Актывізавала, праводжу падушачкай вялікага пальца па абзацы тэксту, дакранаюся па 2 разы – сінтэзатар маўлення мне кажа: «Злева ўваход у банк, у банку адразу за ўваходам прыступка. У 7 кроках ад дзвярэй на 11 гадзін акенца касы. Лявей ўваходу адразу за дзвярыма крэсла. У 3 кроках ад уваходу на 12 гадзін стойка электроннай чаргі…».

І такую інфармацыю мы атрымліваем па кожным будынку, дзе стаяць інфарматары – пошта, крама, пякарня, банк, аптэка… Але было такое, што гукавы інфарматар спрацаваў адначасова – у аптэцы і банку, бо падключылася некалькі чалавек. Тады трэба думаць лагічна, як патлумачыў нам экскурсавод, – хто падключыўся першым.

У інфарматары ёсць такая каманда – развярнуцца на пэўную колькасць гадзін. Аказваецца, прастора вакол сляпога – гэта цыферблат. Таму замест градусаў тут кажацца пра гадзіны.
Вось прайшлі аптэку, вось пякарня. Пякарня «Бушэ» адгукнулася на ўстаноўку інфарматара адразу. Нават зрабіла зніжку для людзей з інваліднасцю.

– Я не магу ісці на гукі, усё мацаю нагамі плітку! – усклікае блогер Анатоль, які таксама апрануў на сябе павязку. – У мяне ўключыліся два пачуцці: жаданне мацаць падэшвамі асфальт і страх…

– Наша зброя – гэта рукі, ногі, вушы, – адказвае Анатолю гід.

Горача, душна, нясцерпна хочацца стаць зноўку відушчай. Мне ж стала ўсё зразумела, таму сляпой я быць не хачу. Здымаю маску.

Многія вучыліся ўпершыню хадзіць з тросткай. Жэня, які страціў зрок у 2013 годзе, сказаў на гэта так: «Страшна, але пасля прывыкаеш». Гід – шчуплы ўсмешлівы хлопец у гарнітуры з мікрафонам, у цёмных акулярах. Пад канец экскурсіі аказалася, што гід – з Маладзечна! А там наогул тактыльных плітак няма… «Калі б я нарадзіўся, вырас і жыў у гора-
дзе, дзе столькі адмысловай пліткі, то адчуваў бы сябе як рыба ў вадзе», – кажа Аляксандр.

Па гэтым маршруце ён ішоў упершыню і правёў нас… А гэта азначае, што інфарматары – сапраўды дзейсны сродак перасоўвання невідушчых па Мінску.

Некаторыя аспекты

Міхаіл Антоненка не без болю сказаў, што пры дамове з установамі сутыкнуўся з раўнадушшам: «Безбар’ернага асяроддзя патрабуе беларускае заканадаўства. А тут табе даюць гатовы прадукт, грошы і просяць усталяваць, а ў адказ – раўнадушша».

Ёсць і тыя арганізацыі, хто адрэагаваў адразу на прапанову – паштовае аддзяленне, пякарня… «Але паважаны ГЦ «Карона» так і не ўсталяваў такі інфарматар. Я не магу вініць гэтыя арганізацыі, бо яны ж не вінаваты, што я сляпы. Што ў іх нібыта створаны патрэбныя аб’екты даступнасці. Я кажу: давайце прыйдзем і самастойна паспрабуем у вас сарыентавацца», – пракаменціраваў Міхаіл Антонека.

Аднымі з самых важных аб’ектаў, якія неабходна абазначыць гукавымі інфарматарамі, з’яўляюцца пешаходныя пераходы (асабліва нерэгулюемыя), а таксама прыпыначныя пункты грамадскага транспарту. Арганізатары праекта вельмі спадзяюцца на станоўчае вырашэнне пытання з ДАІ Міністэрства транспарту і атрымання магчымасці ўсталяваць гукавыя інфарматары ў ключавых месцах для бяспечнага прасоўвання невідушчых людзей.

У Мінску такі маршрут праходзіць ад вуліцы Амуратарская, 7 (будынак цэнтральнага праўлення БелТІЗ, АА «Параалімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь»), па вуліцы М. Танка, які не абмінуў такія кропкі, як Беларусбанк, аддзяленне пошты, аптэку, пякарню «Бушэ» і іншыя ўстановы. Далей маршрут працягваецца да ГЦ «Карона».

Праз месяц такі маршрут будзе пракладзены і ў Віцебску. Навігацыйная гукавая сістэма ўсталявана і ў Нацыянальным аэрапорце, рыхтуецца праект па чыгуначных і аўтавакзалах. Дарэчы, інфарматар каштуе ў разы танней за польскі ці ізраільскі аналаг.

Дадатак падгружае поўнае апісанне аб’екта і навакольнага ландшафту, у якім карыстальнік(-ца) знаходзіцца. Дадатак BuzzPoint можна бясплатна спампаваць у Play Market або App Store. Тады слабавідушчаму ці невідушчаму атрымаецца не проста блукаць па нябачнай прасторы, а сапраўды, хоць і на гукі, але крочыць!

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version