Бар’еры, якія жывуць у нашых галовах

Новая кніга Аляксандра Тамковіча «Стыгма» – гэта голас людзей з інваліднасцю, яна пра бар’еры, якія мы самі ствараем.
Журналіст Аляксандр Тамковіч 5 кастрычніка прэзентаваў новую кнігу – «Стыгма», якая рабілася як праект разам з Офісам па правах людзей з інваліднасцю. Гэта кніга – зборнік эсэ пра людзей, якія маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, але сваім жыццём паказваюць, што абмежаванні не перашкаджаюць жыць і рабіць карысныя для грамадства рэчы.

Бар’еры ў нашых галовах
Не так даўно, калі з адным знаёмым я размаўляла пра людзей з інваліднасцю, пачула ад яго: «Я іх баюся». Калі пазнаёмілася з героямі эсэ на старонках кнігі і пабачыла іх жыўцом, я зразумела, адкуль у, аказваецца, далёка не аднаго чалавека, існуе страх у дачыненні да людзей з інваліднасцю. Страх – гэта наяўнасць бар’ераў у нашых галовах, якімі мы дзелім людзей на «такіх, як усе» і «не такіх, як усе». Аляксандр Тамковіч падчас працы над кнігай хацеў толькі аднаго: каб замест страху і прымхаў чытач натхняўся героямі з воклічам: «І я таксама магу!».
Героі эсэ – гэта тыя людзі, якія, згодна нашаму светапогляду, маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці, але не здаліся і працягваюць рабіць гэты свет лепшым. Сяргей Драздоўскі, які калісьці няўдала нырнуў і атрымаў інваліднасць, зараз узначальвае «Офіс па правах людзей з інваліднасцю». Аляксандр Макарчук – паралізаваны бізнесовец, які ўзначальвае праект дыстанцыйнага навучання людзей з інваліднасцю «У Савы». Ірына Жыхар – дырэктарка Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця», якая перажыла рак шчытападобнай залозы. Ула-
дзімір Патапенка, які мае саракагадовы стаж вазочніка, узначальвае Беларускае таварыства інвалідаў… Іх галасы ўтварылі гучны спеў, які кажа пра тое, што як мага больш людзей з інваліднасцю мусяць распавядаць пра сябе дзеля змяншэння прымхаў у людскіх галовах.
«Мы не ставілі задачу перад праектам перамагчы стыгматызацыю. Мы проста хацелі паказаць, як бар’еры могуць руйнавацца»,– падзяліўся Сяргей Драздоўскі.
Калі апошнія гады змаганне з бар’ерным асяроддзем дае плён – будуюцца пандусы, пад’ёмнікі і ліфты, – то бар’еры ў галовах не аднаго пакалення людзей зруйнаваць значна складаней. І кніга «Стыгма» сведчыць якраз пра тое, што бар’еры ў сваіх галовах людзі будуюць самі.

Узроўні стыгмы
Сяргей Драздоўскі, кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю, падчас інтэрв’ю з аўтарам кнігі вызначыў тры ўзроўні стыгматызацыі, або стэрэатыпізацыі, у дачыненні да людзей з іваліднасцю: дзяржаўны, сямейны і самастыгма.
Ірына Жыхар мае сваю класіфікацыю стыгматызацыі. Жанчына лічыць натуральным той факт, што стыгма з боку дзяржавы і грамадства існуе. Але самі людзі з інваліднасцю прымаюць значны ўдзел у стыгме. Ірына кажа, што людзі, якія маюць цяжкія хранічныя захворванні, усё яшчэ спадзяюцца, што будуць выпушчаны лекі, якія заб’юць хваробу, як пеніцылін забівае вірус. «Многія не хочуць вучыцца жыць з хваробай», – з сумам сказала Ірына.
Праблема нябачнай інваліднасці

Уладзімір Патапенка, герой кнігі, выказаў думку, што тым людзям, якія маюць інваліднасць без знешніх прыкмет, складаней за ўсё. Бо калі вазочнікам тыя ж мінакі часам спачуваюць і дапамагаюць, то, напрыклад, анкахворыя не могуць насіць на сабе апазнавальныя знакі.
Ірына Жыхар кажа пра тое, што калі ў чалавека ёсць магчымасць знешне схаваць сваю інваліднасць, то ён робіць усё дзеля таго, каб стаць падобным да здаровых людзей: «Яны пачынаюць прыстасоўвацца да гэтага грамадства. Напрыклад, яны хочуць усім падабацца на працы, бо баяцца, што праз інваліднасць іх могуць звольніць».
Вольга – герой кнігі, якая абсалютна нічога не бачыць. У дагледжанай і стыльнай жанчыны раней падоўгу разглядалі пасведчанне, у якім яна пазначана як інвалід 1-й групы па зроку. «Бывала такое, што на працы людзі і не ведалі, што я нічога не бачу». Вольга пераканана, што шмат хто проста амаль нічога не ведае пра людзей з інваліднасцю, таму і баіцца іх.
Патрэбны голас людзей з інваліднасцю
Ірына Жыхар спадзяецца, што выхадам кнігі гэтая справа не скончыцца: «Вельмі важны пастаянны кантакт з медыя. Прынамсі, казаць – гэта тое, што мы можам, і тое, што не патрабуе вялікіх высілкаў».
Аляксандр Макарчук перакананы, што ў апошнія гады грамадства стала значна лепш ставіцца да людзей з інваліднасцю. «Мой прыклад натхняе як людзей з абмежаванымі магчымасцямі, так і здаровых людзей, таму я буду працягваць распавядаць пра сябе», – кажа Аляксандр.
Прыклад Аляксандра Макарчука яшчэ раз распавядае пра тое, што абмежаванняў на самай справе няма. Яны ў нас у галаве. І кніга «Стыгма» менавіта пра гэта.
Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.